Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовам аб далучэньні Беларусі да WTO замінае «шатдаўн» у ЗША


Уваход у штаб-кватэру WTO ў Швайцарыі, ілюстрацыйнае фота
Уваход у штаб-кватэру WTO ў Швайцарыі, ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Ярашэвіч расказаў, што Беларусь зьбіраецца распачаць двухбаковыя перамовы са Злучанымі Штатамі аб далучэньні да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, піша БелТА.

Беларусь ужо завяршыла перамовы зь дзевяцьцю сябрамі WTO, працягвае перамовы з Эўразьвязам, Канадай і Ўкраінай. Перамовы са Злучанымі Штатамі плянуецца пачаць тады, калі ў ЗША адновіць працу ўвесь урад: пакуль у ЗША шэраг фэдэральных службаў не працуе або працуе толькі часткова, бо ня мае бюджэту, а Кангрэс ня можа ўзгадніць бюджэт праз пытаньне будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.

Паўгода таму беларускія ўлады заяўлялі, што зьбіраюцца ўзгадніць пазыцыі ў далучэньні да WTO з усімі, акрамя ЗША, бо ў Штатаў «асаблівая пазыцыя».

Сама WTO па-ранейшаму лічыць рэальным тэрмінам далучэньня Беларусі сярэдзіну 2020 году, піша БелТА. Да гэтага тэрміну далучыцца да арганізацыі плянуюць беларускія ўлады: мяркуецца, Беларусь пасьпее завяршыць усе неабходныя для далучэньня працэдуры.

Пакуль жа краіна, паводле WTO, толькі «наблізілася да патрабаваньняў», «знаходзіцца на апошнім этапе перамоваў». Сярод пытаньняў, якія трэба вырашыць, гандаль паслугамі ды інвэстыцыйная палітыка.

Што такое WTO?

Сусьветная гандлёвая арганізацыя (World Trade Organization) дзейнічала з 1947 году як Генэральнае пагадненьне аб тарыфах і гандлі. 1 студзеня 1995 году была пераназваная з мэтай лібэралізацыі міжнароднага гандлю і рэгуляваньня гандлёва-палітычных стасункаў дзяржаў-чальцоў. WTO адказвае за распрацоўку і ўкараненьне новых гандлёвых пагадненьняў, а таксама сочыць за выкананьнем сябрамі арганізацыі ўсіх падпісаных пагадненьняў.

Цяпер у WTO ўваходзяць больш за 160 краінаў. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Жэнэве.

Беларусь падала заяўку на сяброўства ў WTO ў 1993 годзе. З таго часу вядуцца (зь перапынкамі) перамовы з гэтай арганізацыяй і асобнымі краінамі. Вясной 2013 году Беларусь аднавіла перамовы аб уступленьні ў WTO; спачатку плянавалася далучыцца да арганізацыі ў 2017 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG