Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты ў ЗША адхілілі новыя прапановы Трампа


Нэнсі Пэлосі — сьпікер Палаты прадстаўнікоў

Дэмакраты ў ЗША адхілілі выказаныя напярэдадні ўвечары прапановы прэзыдэнта Дональда Трампа ў пытаньні аб аднаўленьні фінансаваньня фэдэральнага ўраду. Яны паабяцалі заблякаваць іх прыняцьце ў Сэнаце, на разгляд якога прапановы будуць вынесеныя, як чакаецца, на наступным тыдні, і ў Палаце прадстаўнікоў.

Трамп, у прыватнасьці, прапанаваў трохгадовую юрыдычную абарону для так званых «летуценьнікаў» — нелегальных мігрантаў, увезеных у ЗША ў дзіцячым узросьце — і абарону ад дэпартацыі для мігрантаў, у якіх заканчваецца тэрмін часовага прытулку на тэрыторыі краіны. У абмен на гэта ён просіць у Кангрэса больш за 5 мільярдаў даляраў на збудаваньне загарод на мяжы з Мэксыкай, каб прадухіліць нелегальную міграцыю. Прычым Трамп кажа ўжо не пра сьцяну на працягласьці ўсёй мяжы, а пра мэталічны бар’ер даўжынёю 370 кілямэтраў.

Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр, аднак, настойвае на тым, што вырашэньне пытаньня аб легалізацыі «летуценьнікаў» і іншых катэгорый мігрантаў павінна быць сталым, а не адкладзеным на тры гады. А сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі назвала прапановы Трампа «непрымальнымі». Дэмакраты гатовыя абмяркоўваць міграцыйную рэформу толькі пасьля завяршэньня шатдаўну — частковага спыненьня фінансаваньня фэдэральнага ўраду. Пры гэтым яны выступаюць катэгарычна супраць ключавога патрабаваньня Трампа — аб выдзяленьні сродкаў на пабудову «сьцяны».

Шатдаўн працягваецца ўжо 30 дзён — гэта рэкордны тэрмін у гісторыі ЗША. З прычыны таго, што дэмакраты не вылучаюць сродкаў на сьцяну, Кангрэс ня можа ўзгадніць бюджэт, і шэраг фэдэральных ведамстваў не атрымлівае грошай зь дзяржаўнага скарбу. У выніку каля 800 тысяч фэдэральных службоўцаў застаюцца без зарплаты. Частка зь іх адпраўленыя ў неаплачваныя адпачынкі, іншыя працуюць без зарплаты, яе выплацяць па завяршэньні шатдаўну. Праблемы з аплатай закранулі міністэрствы ўнутранай бясьпекі, транспарту, юстыцыі, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША і ФБР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG