Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мае «рэальны шанец» уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў 2020 годзе


Пра гэта заявіла на Кастрычніцкім эканамічным форуме Майка Ашыкава, дырэктарка дэпартамэнту па далучэньні новых краін Сакратарыяту Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO).

Удзельнікі дыскусіі «Свабодны гандаль навекі? Крызыс даверу, крызіс інстытутаў і ўрокі для малых адкрытых эканомік» абмеркавалі праблемы ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Цягам 25 гадоў Беларусь вядзе складаныя перамовы пра ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

«У Беларусі ёсьць усе рэальныя шанцы ў 2020 годзе ўступіць у WTO», — перакананая Майка Ашыкава (Maika Oshikawa​), дырэктарка дэпартамэнту па далучэньні новых краін Сакратарыяту Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Яўдочанка спадзяецца, што да першага квартала 2019 году Беларусь завершыць перамовы з усімі партнэрамі, акрамя ЗША.

«Ужо завяршылі перамовы з 19 партнэрамі. Усё, што нас стрымлівае, — невялікая перамоўная каманда», — сказаў Андрэй Яўдочанка.

Усясьветная гандлёвая арганізацыя займаецца распрацоўкай і ўкараненьнем гандлёвых правілаў і пагадненьняў, сочыць за іх выкананьнем, займаецца праблемамі лібэралізацыі гандлю, наданьнем ільготаў краінам, якія разьвіваюцца. Сярод прынцыпаў WTO — роўнасьць правоў, узаемнасьць, празрыстасьць гандлю.

У WTO, утвораную ў 1994 годзе, цяпер уваходзяць 164 краіны — практычна ўвесь сьвет. У кампаніі зь Беларусьсю, якая не далучылася да WTO, таксама Альжыр, Азэрбайджан, Босьнія, Экватарыяльная Гвінэя, Іран, Ірак, Косава, Лібан, Лібія, Паўночная Карэя, Сэрбія, Самалі, Судан і Паўднёвы Судан, Сырыя, Туркмэністан, Узбэкістан, Эрытрэя і іншыя краіны. Аднымі з апошніх да арганізацыі далучыліся Ўкраіна (2008) і Расея (2012).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG