Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікае Беларусь не тармазіць з далучэньнем да WTO


Эўрапейскі зьвяз заахвочвае Беларусь далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) як мага хутчэй, піша галоўная дарадніца Генэральнага дырэктарату Эўракамісіі ў гандлі Эва Сыновец у Emerging Europe.

Чыноўніца зьвяртае ўвагу на тое, што Эўразьвяз — другі пасьля Расеі гандлёвы партнэр Беларусі, доля якога ў агульным гандлі краіны большая за чвэрць (аб’ёмы экспарту ў Эўразьвяз за студзень-лістапад 2016 году ўпалі на 32,8%, імпарту з Эўразьвязу — на 6,5%). Тым жа часам Беларусь — 46-ы паводле аб’ёмаў гандлёвы партнэр Эўразьвязу, трэці сярод шасьці краінаў Усходняга партнэрства (у межах якога Беларусь атрымала за 2016 год 29 млн эўраў фінансавай падтрымкі).

Яна згадвае, што пасьля сілавога разгону Плошчы-2010 і наступнага зьняволеньня апазыцыянэраў Эўразьвяз паставіў афіцыйнаму Менску абмежаваньні, прыпыніў усе праграмы, апрача зьвязаных з грамадзянскаю супольнасьцю. Але пазьней бальшыня санкцыяў была зьнятая, у красавіку 2016 году была створаная каардынацыйная група Эўразьвяз-Беларусь. Наступны этап дыялёгу стартаваў у кастрычніку 2016 году, ён накіраваны на двухбаковую гандлёвую супрацу і сярод іншага на набліжэньне Беларусі да WTO.

Далучэньне да WTO мае дапамагчы мадэрнізацыі эканомікі краіны, удасканаліць дзяржаўнае кіраваньне і дывэрсыфікаваць экспарт, піша Сыновец. Збліжэньне з WTO мае таксама палепшыць інвэстыцыйны клімат, празрыстасьць і прадказальнасьць заканадаўчай базы. У выніку Беларусь мае атрымаць эканамічны рост і новыя працоўныя месцы.

На 2017 год Эўразьвяз абяцае Беларусі праграмы, сфакусаваныя на разьвіцьці рэгіянальнага і прыватнага сэктару, тэхнічнай супрацы, кіраваньні міграцыяй і наданьнем прытулку, скіраваныя як на структурныя рэформы, так і на разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу.

«Варта падкрэсьліць, што Эўразьвяз хацеў бы падтрымаць Беларусь у працэсах яе рэфармаваньня, працягваючы палітыку так званага крытычнага ўзаемадзеяньня і пакрокавы падыход, накіраваны на пашырэньне і паглыбленьне супрацы з урадам і грамадзтвам, — дадае Сыновец. — Толькі рэальныя крокі, зробленыя Беларусьсю на карысьць унівэрсальных фундамэнтальных свабодаў, вяршэнства права і правоў чалавека, а таксама ейныя цьвёрдыя абавязаньні наконт рэформаў застануцца ключавымі для фармаваньня палітыкі Эўразьвязу стасоўна Беларусі і дасягненьня свайго поўнага патэнцыялу».

Чаму Беларусь яшчэ не ў WTO?

У WTO на момант публікацыі 164 краіны-ўдзельніцы і Эўразьвяз як асобны ўдзельнік. Расея далучылася да арганізацыі ў 2012 годзе. Беларусь з 1993 году мае статус назіральніка, такі ж статус маюць Алжыр, Азэрбайджан, Босьнія і Герцагавіна, Ірак, Іран, Лібія, Сэрбія, Сырыя, Узбэкістан і іншыя — усяго 20 дзяржаваў. Яшчэ 15 дзяржаваў, у ліку якіх Манака, КНДР, Палестына, Самалі, Туркмэністан і іншыя, ня маюць ніякага статусу ў WTO. Раней меркавалася, што Беларусь мае далучыцца да WTO ў 2015 годзе, цяпер «дэдлайн» перанесены на 2020 год.

XS
SM
MD
LG