Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі распавядуць, як далучыцца да WTO. Чаму яна яшчэ ня там? Тлумачыць Раманчук


Штаб-кватэра WTO у Жэнэве

Штаб-кватэра WTO у Жэнэве

Афіцыйны Менск разьлічвае правесьці ў сьнежні-студзені перамовы з Эўразьвязам аб далучэньні Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO), перадае БелТА словы амбасадара Беларусі ў Бэльгіі і Люксэмбургу, сталага прадстаўніка пры Эўразьвязе і NATO Аляксандра Міхневіча.

Міхневіч заяўляе, што сустрэча па гэтым пытаньні ўжо прайшла ў Жэневе, дзе Беларусі ўжо акрэсьлілі канкрэтныя тэхнічныя недахопы, якія трэба выправіць. Ён кажа, у пытаньні далучэньня да WTO «ніякай палітыкі няма». Эўразьвяз, як заяўляе Міхневіч, гатовы сесьці за стол перамоваў зь Беларусьсю ў сьнежні-студзені ды сказаць: «Гэта нас не задавальняе, вось тут, калі ласка, пасуньцеся або давайце разьмяняем нешта на нешта».

У WTO на момант публікацыі 164 краіны-ўдзельніцы і Эўразьвяз як асобны ўдзельнік. Расея далучылася да арганізацыі ў 2012 годзе. Беларусь з 1993 году мае статус назіральніка, такі ж статус маюць Алжыр, Азэрбайджан, Босьнія і Герцагавіна, Ірак, Іран, Лібія, Сэрбія, Сырыя, Узбэкістан і іншыя — усяго 20 краінаў. Яшчэ 15 краінаў, у ліку якіх Манака, КНДР, Палестына, Самалі, Туркмэністан і іншыя, ня маюць ніякага статусу ў WTO.

Чаму Беларусь яшчэ ня сябра WTO, Свабодзе тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Беларусь ніколі не была гатовая працаваць паводле нормаў і стандартаў гэтай арганізацыі. Беларусь — адна з самых пратэкцыянісцкіх краінаў сьвету зь велізарнай колькасьцю гандлёвых бар’ераў на перамяшчэньне тавараў, паслуг і грошай.

Калі Беларусь яшчэ не ўзгадніла ўмовы далучэньня да WTO, значыць, проста не было такой палітычнай замовы, не было волі Лукашэнкі, каб лібэралізаваць гандаль з усім сьветам і зрабіць тое, што ён называе дывэрсыфікацыяй гандлю.

Сёньня Лукашэнку ўсе — і МВФ, і Эўразьвяз — кажуць, што давайце працаваць, але вось такія правілы гульні. Калі паводле іх гуляць, ня будзе перашкод, ніякіх там асаблівых рэжымаў для далучэньня Беларусі да WTO няма. Калі беларускія ўлады зразумеюць гэта, калі зразумеюць, што для беларускай эканомікі крытычна важна працаваць паводле стандартаў усясьветнай эканомікі, а ня толькі Расеі, тады пытаньне вырашыцца зусім хутка».

Ды, каб далучыцца да WTO, Беларусі давядзецца прыняць «балючыя для дзяржпляну» захады рэструктурызацыі дзяржаўнага сэктару, адзначае Раманчук. Калі захады «балючыя», дык што будзе зь беларускімі трактарамі, малочнымі прадуктамі, крэвэткамі?

Эканаміст згадвае, што WTO прапануе новым удзельнікам пераходныя пэрыяды, і мяркуе, што адаптавацца да «правілаў гульні» ня змогуць толькі тыя прадпрыемствы, якія «не зразумеюць, што нельга сядзець на шыях падаткаплацельшчыкаў усё жыцьцё». А атрымаць ад сяброўства ў WTO, лічыць Раманчук, можна значна больш, чым ад такіх прадпрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG