Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь аднаўляе перамовы аб далучэньні да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, якія вядуцца ўжо 20 гадоў.

16 траўня ў Жэнэве на пасяджэньні працоўнай групы па Беларусі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі будуць абмяркоўвацца пытаньні, якія датычацца прыняцьця Рэспублікі Беларусь у лік краінаў-удзельніцаў.

Як паведамляе МЗС Беларусі, на пасяджэньні будзе працаваць беларуская міжведамасная дэлегацыя, якую ачоліць намесьнік міністра замежных справаў Аляксандр Гур’янаў.

Працоўная група ў справе далучэньня Беларусі да арганізацыі, якая складаецца з прадстаўнікоў 41 краіны, абмяркуе, наколькі адпавядае зьнешнегандлёвае і эканамічнае рэгуляваньне ў Беларусі патрабаваньням гандлёвай арганізацыі.

Заплянаваныя таксама перамовы паміж дэлегацыяй Беларусі і дэлегацыямі з краінаў, якія ўжо ўваходзяць ва УГА, у іх ліку: Рэспубліка Карэя, Бразылія, Швайцарыя, Маляйзія, Эквадор і Японія. У ходзе гэтых сустрэч будуць абмяркоўвацца магчымыя парамэтры ўваходжаньня на рынак Беларусі гэтых краінаў у выпадку, калі Беларусь атрымае сяброўства ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Украіна ўступіла ва УГА ў 2008 годзе, Расея — у жніўні 2012 года. Беларусь вядзе перамовы аб уступленьні з 1993 году.

З таго часу адбылося 7 фармальных пасяджэньняў створанай для гэтага працоўнай групы. Апошняе пасяджэньне групы адбылося ў траўні 2005 года. З тых часоў пасяджэньні працоўнай групы праводзіліся ў неафіцыйным фармаце: было праведзена 4 раўнды кансультацыяў старшыні групы з удзелам краін-сябраў УГА, апошняе зь якіх адбылося ў чэрвені 2009 года.

Перамовы аб далучэньні Беларусі да УГА былі замарожаныя на стадыі падрыхтоўкі праекту дакладу працоўнай групы, выніковага дакумэнту, які зьмяшчае пакет абавязацельстваў Беларусі з улікам таго, што ў чэрвені 2009 года на пасяджэньні Міждзяржсавета ЭўрАзЭС (Вышэйшага органа Мытнага саюза Беларусі , Расеі і Казахстана) кіраўнікамі ўрадаў «тройкі» ЭўрАзЭС было ўзгоднена і прынятае рашэньне аб уступленьні ва УГА адзінай мытнай тэрыторыяй. Аднак пазьней Расія ўхваліла рашэньне аб сваім прыярытэтным уступленьні ў УГА.
XS
SM
MD
LG