Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы яшчэ і не пачыналі працу па лібэралізацыі гандлю», — Раманчук пра пэрспэктывы далучэньня да WTO


Беларусь працягне перамоўны працэс па ўступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА, WTO).

Пра гэта заявілі ў Дэпартамэнце зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства замежных спраў, паведамляе БЕЛТА.

«Перамовы будуць нацэленыя на фармаваньне і ўзгадненьне збалянсаваных і максымальна спрыяльных для Беларусі ўмоў сяброўства ў СГА», — сказалі ў МЗС.

На якой стадыі пры гэтым знаходзяцца перамовы, як яны праходзяць і калі чакаць вынікаў — у заяве МЗС не ўдакладняецца.

Трэба адзначыць, што ў сакавіку 2016 году Аляксандар Лукашэнка даручыў актывізаваць перамоўны працэс па ўступленьні Беларусі ў СГА.

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію Свабодзе зьвярнуў увагу на тое, што перамовы аб далучэньні Беларусі да СГА ідуць ужо ня першае дзесяцігодзьдзе — статус назіральніка ў СГА Беларусь атрымала яшчэ ў 1993-м.

Але пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, улічваючы цяперашнюю эканамічную палітыку ўладаў, застаюцца туманнымі, лічыць эканаміст:

Беларускі ўрад ніяк ня можа нават лібэралізаваць цэны, працягваецца падтрымка дзяржаўнага сэктару прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў — такая палітыка супярэчыць нормам СГА.

«Па сутнасьці, сёньня Беларусь — адна з самых закрытых, самаізаляваных краінаў. Беларускі ўрад ніяк ня можа нават лібэралізаваць цэны (больш за тое, стварае Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня, якое пагражае зноў рэгуляваць цэны для вытворцаў), працягваецца падтрымка дзяржаўнага сэктару прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў — такая палітыка супярэчыць нормам СГА.

Так што мы яшчэ і не пачыналі працу па тым, каб лібэралізаваць гандаль, таму нас туды і не прымаюць. Я думаю, найбольш жорсткія перамовы будуць з Расеяй, Украінай, з партнэрамі, зь якімі ў нас вялікі гандаль, ня кажучы ўжо пра Польшчу, Літву, якія таксама пільна сочаць за тым, наколькі падтрымліваюць беларускіх экспартэраў беларускія ўлады»\.

Раманчук падкрэсьлівае, што без далучэньня да СГА немагчыма дывэрсыфікаваць гандаль, а таксама забясьпечыць нармальныя ўмовы для ўваходу беларускіх вытворцаў на эўрапейскі рынак.

XS
SM
MD
LG