Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрыцьцё ўраду запавольвае рост эканомікі ЗША, 40% амэрыканцаў адчулі на сабе наступствы


Пратэстоўцы ля Белага дома ў Вашынгтоне, ЗША, 10 студзеня 2019 году

Паводле ацэнак адміністрацыі Дональда Трампа, частковае закрыцьцё ўраду абыдзецца ўдвая даражэй, чым меркавалася, піша «Голас Амэрыкі».

Чыноўнік адміністрацыі паведаміў тэлеканалу CNBC, што спачатку яны разьлічвалі адымаць 0,1 адсоткавага пункта ад чаканага росту ВУП кожныя два тыдні, але цяпер гэтая лічба павялічылася ўдвая — 0,1 адсоткавага пункта чаканага росту ВУП за тыдзень.

Раней улічваліся эканамічныя наступствы таго, што 800 тысяч фэдэральных работнікаў вымушана не атрымліваюць заробку, а цяпер бяруць пад увагу страты прыватных падрадчыкаў, якія працуюць для ўраду, растлумачыў чыноўнік.

Выданьне справаздачы аб ВУП за чацьвёрты квартал заплянаванае на сераду, інфармуе выданьне The Hill.

Выданьне Vox паведаміла ў панядзелак, што эканамічны кошт часовага закрыцьця ўраду неўзабаве наблізіцца да кошту сьцяны на мяжы з Мэксыкай, дыскусія аб якой і зьяўляецца прычынай так званага «шатдаўну».

Амэрыканская эканоміка страціла 3,6 мільярда даляраў за «шатдаўн» па стане на пятніцу, паводле справаздачы S & P Global Ratings.

Калі ўрад ня будзе працаваць яшчэ два тыдні, гэтая лічба складзе 5,7 мільярда даляраў, роўна столькі, колькі Белы дом патрабуе для пабудовы сьцяны.

Закрыцьцё ўраду ў той ці іншай ступені адбілася на паўсядзённым жыцьці мільёнаў жыхароў ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Reuters / Ipsos і апублікаванага ў аўторак, амаль 40% дарослых амэрыканцаў альбо асабіста адчулі на сабе наступствы частковага закрыцьця фэдэральнага ўраду, альбо ведаюць каго-небудзь, хто пацярпеў ад яго.

Агулам 38% удзельнікаў апытаньня паведамілі, што шатдаўн нэгатыўна адбіўся альбо на іхных асабістых фінансах, альбо на фінансах знаёмых ім людзей. Яшчэ 37% сказалі, што частковае закрыцьцё ўраду ніяк на іх не адбілася. 25% рэспандэнтаў ня ведалі, як адказаць на гэтае пытаньне.

51% рэспандэнтаў абвінавачваюць у шатдаўне прэзыдэнта, 34% ускладаюць віну на дэмакратаў, а яшчэ 6% лічаць, што галоўныя вінаватыя ў закрыцьці ўраду — рэспубліканцы.

Усяго былі апытаныя 2343 чалавекі, у тым ліку 1016 дэмакратаў, 787 рэспубліканцаў і 321 беспартыйны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG