Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Трэба пераходзіць на сусьветныя цэны і выходзіць з усіх саюзных дамоваў, мытнага пагадненьня і АДКБ


Зянон Пазьняк на акцыі пратэсту супраць «справы Белага легіёну» каля Генэральнага консульства Беларусі ў Нью-Ёрку. 28 траўня 2017 году.

Адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту, адкрывальнік Курапатаў і старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк ня бачыць нічога новага ва ўлітыматуме кіраўніка ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. На просьбу Свабоды палітык, які цяпер знаходзіцца ў ЗША, пракамэнтаваў чарговым крызіс у беларуска-расейскіх адносінах.

— Гэтая палітыка вядзецца даўно, як толькі прыйшоў Пуцін. Час ад часу, калі ўзьнікаюць гандлёвыя спрэчкі ў іх, хто каму вінен, у іх зьяўляюцца такія заявы то з аднаго, то з другога боку. Канечне, заява з боку Мядзьведзева — зьняважлівая па сваёй форме і прапанове. Таму гэта выклікала даволі абуральную рэакцыю ў Беларусі. Натуральна, так і павінна быць.

А па сутнасьці я ня бачу навага этапу і новага павароту. Яны рыхтуюцца даўно і час ад часу правяраюць, якая будзе рэакцыя на іх прапановы. Як толькі ўзьнікне нейкая неабходнасьць, і яны адчуюць, што могуць беспакарана ўвесьці войскі, яны гэта зробяць. Таму для Беларусі, калі б гэта быў не Лукашэнка, а быў нармальны ўрад, нармальнае кіраўніцтва, трэба выходзіць з усіх саюзных дамоваў, выходзіць з мытнага пагадненьня, з АДКБ і пераходзіць на сусьветныя цэны. Таму што ўсё роўна да гэтага ідзе. І калі пойдуць рэформы, а рэформы тады абавязковыя, то ўсё будзе нармальна.

Але тут пытаньне зразумела ў чым. Гэта чалавек, які зараз чапляецца за ўладу. Калі ён яшчэ пратрывае далей, то ён можа ўвогуле патапіць Беларусь. Гэта найбольшая небясьпека. Паўтараю, я не лічу, што гэта новы этап з боку Расеі. Гэта рыторыка, якая ўвесь час працягваецца, Палітыка Расеі стратэгічна зразумелая — пры любых магчымасьцях чым болей зацягнуць пятлю на шыі Беларусі. Пытаньне пастаўлена сур’ёзна. Над ім варта задумацца, бо калі далей будзе працягвацца такая палітыка з боку рэжыму Лукашэнкі, то Беларусі ўсё цяжэй і цяжэй будзе выходзіць з гэтага.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG