У Пецярбургу прайшлі пікеты супраць расейскай ваеннай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны.
Каб пастаяць з плякатамі, зробленымі з нагоды інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы, на Неўскі праспэкт прыйшло каля 50 чалавек. Арганізатарка пікетаў, актывістка пецярбурскай дэмакратычнай арганізацыі «Салідарнасьць» Вольга Смірнова лічыць, што захоп украінскіх маракоў – гэта чарговая спроба Расеі павялічыць зону акупацыі ўкраінскіх тэрыторый.
Удзельнікі пікетаў патрабавалі вызваліць і вярнуць на радзіму ўкраінскіх маракоў, вярнуць Украіне яе захопленую маёмасьць, спыніць марскую блякаду партоў Украіны ў Азоўскім моры і пакараць вінаватых у захопе ўкраінскіх караблёў.
Украінскія ваенныя маракі, сярод якіх некалькі параненых, былі дастаўлены пад канвоем з Крыма ў Маскву. Расейскія сьледчыя дамагаюцца ад іх паказаньняў аб «незаконным перасячэньні мяжы». Гэта абвінавачваньне пагражае ім працяглымі тэрмінамі пазбаўленьня волі.
Удзельнікі пратэстнай акцыі лічаць, што ўкраінскім маракам павінен быць прысвоены статус «ваеннапалонных», але іх судзяць як цывільных асобаў, якія ўчынілі крымінальнае злачынства. Актывісты выказвалі абурэньне і дзеяньнямі расейскіх вайскоўцаў, якія адкрылі агонь па замежных судах, якія ня ўяўлялі пагрозы Расеі.
Падчас пікетаваньня адна агрэсіўная жанчына напала на актывіста і парвала плякат. Зь меркаваньняў бясьпекі актывісты не расьцягваліся па Неўскаму праспэкту, а зьмянялі адзін аднаго з рознымі плякатамі. У пікетах узялі ўдзел актывісты «Салідарнасьці», партыі «Яблык», «Бястэрміновага пратэсту» і іншых партый і рухаў. Замест адной гадзіны пікеты працягваліся каля 3 гадзін.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.