Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая міжнародная рэакцыя на захоп Расеяй украінскіх караблёў


Украінскія і расейскія караблі ў Азоўскім моры

Міністэрства замежных спраў Канады заклікае Расею вызваліць украінскія вайсковыя караблі, захопленыя ў Керчанскім праліве.

«Канада асуджае расейскую агрэсію ў дачыненьні Ўкраіны ў Керчанскім праліве. Мы заклікаем Расею да неадкладнай дээскаляцыі, вызваленьня захопленых караблёў і забесьпячэньня свабоды перамяшчэньня [караблёў у праліве]. Канада непахісная ў падтрымцы ўкраінскага сувэрэнітэту», — заявіла міністар замежных спраў Канады Хрысьця Фрыланд у Twitter.

Яшчэ шэраг краінаў далучыліся да асуджэньня або выказалі занепакоенасьць дзеяньнямі Расеі, якая ўчыніла напад на вайсковыя караблі Ўкраіны.

Польшча, у прыватнасьці, «з усёй сілай» асудзіла «агрэсіўныя дзеяньні Расеі» і заклікалі яе ўладу паважаць міжнароднае права. Абодва бакі Варшава заклікае да стрыманасьці «ў цяперашняй сытуацыі, якая можа пагражаць стабільнасьці эўрапейскай бясьпекі».

У МЗС Польшчы зьвярнулі ўвагу, што цяперашняя «драматычная эскаляцыя напружанасьці», падчас якой былі параненыя маракі і пашкоджаныя караблі ВМС Украіны, «мае свае крыніцы ў пасьлядоўным парушэньні Расейскай Фэдэрацыяй асноўных прынцыпаў міжнароднага права, у прыватнасьці ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны».

«Пасьля незаконнай акупацыі Крыму, распальваньня канфлікту на Данбасе, пабудовы Керчанскага моста бяз згоды ўлады ў Кіеве Расея таксама груба парушыла прынцып свабоды мараплаўства», — адзначылі ў Варшаве.

Таксама Эстонія асудзіла напад Расеі на ўкраінскія судны і заклікала неадкладна вызваліць захопленыя караблі. «Гэтыя дзеяньні парушаюць і міжнароднае права, і сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і зьяўляюцца сьвядомым учынкам з мэтай эскаляцыі напружанасьці», — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр, якога цытуе ягонае міністэрства.

А ў Міністэрстве замежных спраў Румыніі заявілі, што «глыбока занепакоеныя» апошнімі падзеямі. «Агрэсія і парушэньні міжнароднага права падрываюць бясьпеку ўсяго рэгіёну», — заявілі ў Бухарэсьце.

«Румынія цалкам падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны і яе права карыстацца сваімі тэрытарыяльнымі водамі», — адзначылі ў МЗС гэтай краіны.

Вайскова-марскія сілы Ўкраіны заявілі, што расейскія памежнікі ўвечары 25 лістапада адкрылі агонь па ўкраінскай карабельнай групе, шэсьць маракоў былі параненыя. У ВМС паведамілі пра тры захопленыя ўкраінскія караблі. У Расеі заявілі аб «правакацыі Кіева», вайскоўцы якога нібыта «парушылі дзяржаўную мяжу Расеі». У Генштабе Ўзброеных сілаў Украіны паведамілі, што па стане на пачатак 26 лістапада лёс украінскіх вайскоўцаў і караблёў невядомы.

Расейскія марскія памежнікі і сілы спэцпрызначэньня напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасьля няўдалай спробы прайсьці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пры гэтым, паводле зьвестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расея прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя». Перад тым Расея фізычна перакрыла Керчанскі праліў для ўсяго суднаходзтва, паставіўшы папярок яе цывільнае судна.

26 лістапада пасьля паўночы на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны было прынята рашэньне аб падрыхтоўцы да ўвядзеньня ваеннага становішча ва Ўкраіне на 60 дзён з прычыны нападу Расеі на ўкраінскія вайсковыя караблі.

Паводле азначэньня міжнароднага права, якое прыводзілі ўкраінскія службоўцы, гэты напад складае акт агрэсіі; акрамя таго, Расея парушыла яшчэ цэлы шэраг міжнародна-прававых нормаў, калі не прапусьціла ўкраінскія караблі з Чорнага ў Азоўскае мора праз Керчанскі праліў, зьвярнуўшыся для гэтага і да фызічнага блякаваньня руху ў праліве танкерам.

Прэзыдэнт Украіны, вярхоўны галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Пятро Парашэнка заявіў, што, згодна з Канстытуцыяй, падтрымлівае рашэньне вайсковага кабінэту і ўсёй Рады бясьпекі зьвярнуцца ў Вярхоўную Раду з просьбай разгледзець ўвядзеньне ваеннага становішча ва Ўкраіне.

Гэтае пытаньне парлямэнт павінен разгледзець увечары 26 лістапада на закрытым пасяджэньні, пачатак якога заплянаваны на 16.00.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG