Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША: Расея спрабавала ўмяшацца ў прамежкавыя выбары ў Кангрэс


Міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс.
Міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс.

Міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс заявіў, што расейскія агенты спрабавалі ўмяшацца ў прамежкавыя выбары ў Кангрэс. Праўдападобна, што гэта першая заява афіцыйнай асобы аб тым, што Масква паспрабавала ўмяшацца ў галасаваньне, якое прайшло ў лістападзе, паведамляе Голас Амэрыкі.

Мэціс закрануў тэму адносін паміж адміністрацыяй Трампа і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у інтэрвію, якое ён даў у суботу ў Прэзыдэнцкай бібліятэцы Рональда Рэйгана ў Каліфорніі.

«Адносіны, несумненна, пагоршыліся. Ён зноў паспрабаваў пагуляцца з нашымі выбарамі ў мінулым месяцы, — сказаў Мэціс. — Мы бачым пастаянныя намаганьні ў гэтым кірунку».

Кіраўнік Пентагону адзначыў, што адміністрацыя і саюзьнікі па NATO неаднаразова ўздымалі пытаньне аб недэмакратычных дзеяньнях, кантактуючы з Расеяй, але гэтыя намаганьні былі марнымі.

«Сытуацыя вельмі складаная, таму што, відавочна, Пуцін — дрэнны вучань, — сказаў Мэціс. — Ён не разумее, што менавіта яго дзеяньні ствараюць варожасьць да яго народу».

«Мы маем справу з чалавекам, якому проста ня можам давяраць», — дадаў ён.

Заява Мэціса прагучала пасьля таго як прэзыдэнт Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным падчас саміту «Вялікай дваццаткі» у Аргентыне ў сувязі з канфліктам украінскіх і расейскіх вайскоўцаў у моры ў раёне Крыма.

Белы дом паведаміў у суботу, што напярэдадні паміж Трампам і Пуціным адбылася «нефармальны» размова за вячэрай для сусьветных лідэраў на саміце «Вялікай дваццаткі». Белы дом не ўдакладніў, што абмяркоўвалі лідэры ЗША і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG