Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Вайна будзе працягвацца, пакуль цяперашняе кіраўніцтва Ўкраіны застаецца ва ўладзе


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў дзейную ўкраінскую ўладу «партыяй вайны». Пра гэта ён заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту «Вялікай дваццаткі» ў Буэнас-Айрэсе, перадае РИА Новости.

«Цяперашняе кіраўніцтва Ўкраіны — гэта „партыя вайны“, пакуль яно ва ўладзе, ваенныя дзеяньні будуць працягвацца», — сказаў ён. Пуцін адзначыў, што яго засмучае адсутнасьць у Кіева зацікаўленьня ўрэгуляваць сытуацыю ў Данбасе і інцыдэнт з украінскімі караблямі ў Керчанскай пратоцы.

Расейскі лідэр зьвярнуў увагу на тое, што Кіеў увёў ваеннае становішча ў краіне напярэдадні выбараў. «Для чаго? Натуральна для таго, каб абмежаваць грамадзянскія правы і свабоды, абмежаваць палітычную дзейнасьць у краіне. Але што яшчэ горш, бо ўвялі гэтае ваеннае становішча ў 10 абласьцях — якраз у тых, у якіх дзейны прэзыдэнт не карыстаецца асаблівай падтрымкай і дзе яго палітыка не знаходзіць аднадушнай ухвалы. Гэта значыць, што дзейнае кіраўніцтва Ўкраіны сваімі рукамі падзяліла краіну — на добранадзейных і ня вельмі», — заявіў ён.

Пуцін паабяцаў, што Масква ня будзе ўводзіць люстраных абмежаваньняў для ўкраінскіх грамадзян, а, наадварот, пойдзе шляхам лібэралізацыі побыту грамадзянаў Украіны ў Расеі і лібэралізацыі атрыманьня імі расейскага грамадзянства.

Пуцін расказаў, што не адмаўляецца ад кантактаў на найвышэйшым узроўні з украінскім калегам Пятром Парашэнкам, хоць «мець зносіны складана, проста незразумела, пра што гаварыць», — рэзюмаваў расейскі прэзыдэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG