Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Мэркель сустрэліся на саміце «Вялікай дваццаткі»


Пуцін і Мэркель (фота 11 лістапада 2018 году)

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у суботу ў Буэнас-Айрэсе правялі перамовы за працоўным сьняданкам.

У перамовах удзельнічалі члены дэлегацый. Журналісты на сустрэчы не прысутнічалі, і пакуль невядома, пра што гаварылі лідэры дзьвюх краін. Мэркель раней заяўляла, што абавязкова пагаворыць з Пуціным пра захоп Расеяй трох украінскіх вайсковых караблёў і маракоў у Чорным моры.

На суботу плянавалася і сустрэча Пуціна з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Аднак Трамп адмяніў яе з прычыны захопу ўкраінскіх караблёў.

Краіны «Вялікай сямёркі», у якую ўваходзяць, акрамя іншых, ЗША і Нямеччына, напярэдадні заклікалі Расею вызваліць арыштаваных маракоў.

У сувязі з інцыдэнтам у Чорным моры з боку шэрагу краін і палітыкаў ізноў гучыць крытыка будаванага газаправоду «Паўночны паток-2», які мае па дне Балтыйскага мора зьвязаць Расею і Нямеччыну. Польшча, у прыватнасьці, сьцьвярджае, што Расея можа ў будучыні выкарыстоўваць сілу пад зачэпкай абароны газаправоду. Праект крытыкуюць таксама ЗША і Ўкраіна. Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас у адказ на крытыку заявіў, што ад адмены праекту ніхто ня выйграе.

Напярэдадні МЗС Нямеччыны апублікавала дакумэнт, названы «Пяць пунктаў для міру ва Ўкраіне». У ім гаворыцца пра неабходнасьць выкананьня менскіх пагадненьняў, узмацненьне ролю назіральнікаў АБСЭ, увод у раён канфлікту ў Данбасе міратворцаў, падтрыманьне рэформаў ва Ўкраіне, а таксама адмаўляецца магчымасьць прызнаньня анэксіі Расеяй Крыму.

На саміце «Вялікай дваццаткі» ў Аргентыне, у рамках якога прайшла сустрэча Пуціна і Мэркель, расейскі прэзыдэнт сустрэнецца яшчэ, у прыватнасьці, з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам і японскім прэм’ерам Сіндзо Абэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG