Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пра Пуціна: «Думаю, што ў нас вельмі добрыя адносіны»


Дональд Трамп падчас інтэрвію ў Буэнас Айрэсе

Эксклюзіўнае інтэрвію прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа карэспандэнтцы «Голасу Амэрыкі» Грэце Ван Састэрэн.

Дональд Трамп расказаў пра свае пляны ў сфэры міжнароднага гандлю, пра адносіны з Кітаем і Расеяй, пра пэрспэктывы «Брэксыту», пра ахову навакольнага асяродзьдзя і бясьпеку межаў.

— Мы цяпер у Аргентыне, і ЗША, Канада і Мэксыка падпісалі новае гандлёвае пагадненьне, якое будзе новай вэрсіяй NAFTA...

— Абсалютна так.

— Сэнатар Элізабэт Уорэн, якая можа стаць вашай суперніцай на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе, кажа, што можна было дасягнуць большага. Што вы на гэта скажаце?

— Я думаю, што некаторым людзям, такім, як яна, лёгка крытыкаваць, таму што, ведаеце, можа быць, яна будзе балятавацца, а, можа, і не. Я думаў, што яна ня зможа балятавацца пасьля ўсёй гэтай гісторыі з амэрыканскімі індзейцамі. Я сапраўды лічыў, што яна ня зможа балятавацца, але я магу зрабіць гэта зь любым пагадненьнем. Пра любую дамову можна сказаць: «Слухайце, тут можна было зрабіць больш». Гэтае пагадненьне значна лепшае, чым NAFTA. Гэта выдатнае пагадненьне для Злучаных Штатаў. Нам вельмі падабаецца гэта пагадненьне.

У нас пра яго цудоўныя водгукі, і я скажу, што ад ніводнага чалавека я ня чуў крытыкі. Пагадненьне сапраўды ім спадабалася. Што да іншых краін, калі вы кажаце пра нязначную крытыку, яны трохі яго крытыкуюць, але я думаю, што для іх гэта таксама добрае пагадненьне. Яно выдатнае для ўсіх трох краін.

— Адна з частак пагадненьня зьвязаная з рабочымі, занятымі ў аўтамабільнай вытворчасьці, з вытворчасьцю аўтазапчастак. Гэта ў нейкай меры зьвязана непасрэдна з адной з праблем, зь якімі цяпер сутыкнуліся ЗША ў сувязі з закрыцьцём заводаў General Motors і звальненьнем 14 тыс. чалавек?

— Гэта так, і справа ня толькі ў гэтым. Гэта павінна ўстрымаць кампаніі ад таго, каб зьяжджаць з краіны. Адна з рэчаў, якія я сапраўды хацеў, каб заводы, фабрыкі і працоўныя месцы не зьяжджалі з ЗША. Для мяне вельмі важна, каб яны не зьяжджалі з ЗША. Так што, я думаю, адзін з самых моцных элемэнтаў новай дамовы, адна з самых важных рэчаў, гэта тое, што кампаніі больш ня будуць пакідаць ЗША пасьля таго, як гэтае пагадненьне — яно называецца USMCA — будзе зацьверджанае. Нам трэба, каб яго ўхваліў Кангрэс, і калі яно будзе ўхваленае — а я думаю, што так і адбудзецца — гэта будзе выдатна, а калі не, то мы цалкам задаволеныя тым, што маем цяпер.

— G20 займаецца пытаньнямі глябальнай эканомікі. Калі зрабіць крок назад і зірнуць на зямны шар, што вам здаецца самай вялікай пагрозай, рэальнай пагрозай для сусьветнай эканомікі ў найбліжэйшай будучыні?

— Існуе шмат пагроз, але многія краіны сапраўды абкрадваюць Злучаныя Штаты. Я ня выдам вялікага сакрэту, калі назаву Кітай, лічбы таго, што Кітай робіць з намі ўжо многія гады, 25 гадоў...

— Вы мне гэта казалі ўжо шмат гадоў таму, да таго, як сталі кандыдатам у прэзыдэнты ....

— Я гэта кажу ўжо даўно. Калі я быў маладым дэвэлапэрам, я казаў гэта вам і ўсім астатнім. Я хачу сказаць, што кажу пра гэта ўжо вельмі даўно. І Японія — я таксама казаў пра Японію. Цяпер гэта ў меншай ступені Японія, але Японія таксама вельмі актыўна (гэтым займаецца). Але гэта практычна ўсё. Здавалася, што ў нас не было амаль нікога, хто разумее, што рабіць з перамовамі, гандлем, абмеркаваньнем угодаў. У нас гандлёвы дэфіцыт амаль 800 млрд даляраў, і я мяняю гэтую сытуацыю. Мы пачынаем з дамовы USMCA, якая заменіць NAFTA. Мы толькі што заключылі выдатнае пагадненьне з Паўднёвай Карэяй, і я думаю, што вы вельмі хутка ўбачыце вельмі вялікія перамены. Мы вядзем перамовы з Эўрапейскім зьвязам. Гэта да гэтага часу было жахліва для Злучаных Штатаў, і зноў жа, у нас заплянаваная вячэра з кітайскім прэзыдэнтам Сі, і з гэтага можа атрымацца нешта вельмі добрае.

— Дзеля таго, што вы самі назвалі Кітай адной з тых краін, якія, як вы казалі, абкрадваюць ЗША, глябальны ўплыў Кітаю павялічваецца. Яны ўжо ў Паўночнай Афрыцы, яны будуюць вялізны порт у Пакістане, у іх выдатныя ўгоды — пагадненьні аб інвэстыцыях у Панаме і Лацінскай Амэрыцы. Яны падбіраюцца блізка да ЗША, у геаграфічным сэнсе. Вы давяраеце стратэгічным мэтам Кітаю? Вас гэта турбуе?

— Я думаю, у іх хутка будзе менш грошай, чым ёсьць цяпер, дзякуючы дамове, якую я заключу. І, калі вы паглядзіце, мы цяпер атрымалі 250 млрд даляраў, пры памеры гандлёвай пошлiны 25%. Гэта значыць, што да нас будуць паступаць мільярды і мільярды даляраў, да таго ж я змагу падвоіць гэтую суму, а потым я змагу падвоіць яе яшчэ раз, і яны ўжо ніколі ня змогуць зрабіць таго, што рабілі ў мінулым зь іншымі прэзыдэнтамі — і вы бачыце, што адбываецца ў Кітаі. Я не хачу гэтага рабіць, але ў іх цяпер справы ідуць ня так добра ў параўнаньні з тым, што было раней, і зноў жа я думаю, што ў нас справы ідуць добра. З моманту майго абраньня наша эканоміка вырасла на 11,7 трлн даляраў, а Кітай страціў большую частку свайго багацьця, і цяпер мы нашмат больш буйная эканоміка, чым Кітай. Чаго многія ня ведаюць, але наша эканоміка нашмат большая і сапраўды значна больш магутная, чым кітайская.

— Калі гаварыць з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі, яны ўзмацняюць уплыў у сьвеце з усімі іх інвэстыцыямі ў Лацінскай Амэрыцы і іншых рэгіёнах?

— Я ведаю, але ў іх пазыковая праблема, і яны павінны абслугоўваць доўг. Яны марнуюць неверагодныя сумы. Ці падабаецца мне гэта? Магчыма, не, але я таксама ведаю, што гэта для іх вельмі дорага, і многія гэтыя інвэстыцыі не дадуць эфэкту.

— Вы зьбіраліся або, прынамсі, лічылі магчымым сустрэцца з прэзыдэнтам Пуціным і адмовіліся ад гэтага. Калі б сустрэча адбылася, пра што б вы гаварылі?

— Я толькі што пра гэта згадаў. У сьвятле таго, што адбылося з Украінай, з караблямі і маракамі, гэта не найлепшы час. Але я сустрэнуся зь ім. Думаю, што ў нас вельмі добрыя адносіны. І я думаю, што ў нас будуць вельмі добрыя адносіны з Расеяй, з Кітаем і з усімі астатнімі. Я хачу сказаць, што, на мой погляд, гэта важна. Гэта значыць я сустрэнуся зь ім у зручны час.

— На ваш погляд, што ён мае намер рабіць з Украінай? Навошта ён захапіў маракоў і караблі?

— Я не магу чытаць яго думкі. Ніхто ня можа. Ён ведае, што робіць, але ёсьць некаторыя рэчы, якіх мы ня можам дапусьціць. І, як вы ведаеце, гэта адбылося. Я не магу ў гэтым удзельнічаць.

— Адна з праблем сусьветнай эканомікі — зьмена клімату. На саміце ідзе дыскусія на гэтую тэму. Якая ваша пазыцыя ў гэтым пытаньні?

— Вельмі проста: я хачу, каб на нашай плянэце было найчысьцейшае паветра і найчысьцейшая вада. Я хачу, каб у нас была крышталёва чыстая вада, і менавіта гэта ў нас ёсьць. У нас усё вельмі добра з навакольным асяродзьдзем, і менавіта гэтага я хачу. Але я не дазволю давесьці краіну да банкруцтва, каб падтрымліваць пэўныя стандарты, якія, магчыма, ня маюць значэньня. Калі вы паглядзіце на Кітай і калі вы паглядзіце на іншыя краіны, у якіх вельмі дрэннае паветра, ад іх у ЗША ідзе ня вельмі добрае паветра. Людзі ня хочуць казаць пра гэта, але гэта так і ёсьць. Гэта значыць, у нас усё будзе чыста, а ў іх не, і гэта дорага абыходзіцца. Факт заключаецца ў тым, што ў нас абсалютна чыста, але мы ня будзем марнаваць трыльёны даляраў і рабіць добрае для іншых, але не для сябе. У нас ёсьць вельмі простая палітыка, яна называецца «Амэрыка перадусім». Разам з тым, мы — выдатны сусед для ўсяго сьвету. Але мы хочам сумленна ставіцца да сябе, менавіта пра гэта і ідзе гаворка.

— Вы маеце намер гаварыць зь Сі Цзіньпінам пра зьмены клімату?

— Мы будзем гаварыць пра гэта, мы абмяркоўваем шмат розных тэм. Але галоўнае — гаварыць пра гандаль. Менавіта гэтага хочуць людзі. Як вы ведаеце, ён мае намер нешта зрабіць са сваім кліматам, што крыху цяжка. Але я ўпэўнены, што ён будзе гэта рабіць. Ён мой сябар і добры чалавек, але ў нас ёсьць невялікія рознагалосьсі. І, паўтару, на нашай краіне нажываліся многія гады, але больш гэтага ня будзе адбывацца.

— Брытанскі парлямэнт рыхтуецца да галасаваньня па пагадненьні аб «Брэксыце». Тэрэза Мэй таксама тут. «Брэксыт» — гэта гандлёвая праблема. Як Мэй вырашае яе, і які эфэкт яна будзе мець на Злучаныя Штаты?

— Ну, гэта вельмі складаная рэч. Я казаў ёй, што я б нешта зрабіў інакш, насамрэч — зусім інакш. Але я думаю, што яна добрая жанчына і яна ўпарта працуе. Я маю на ўвазе, што яна праходзіць праз складаную для яе сытуацыю. Я б зрабіў гэта інакш, у мяне быў бы зусім іншы падыход. На мой погляд, падзел — гэта добра. Гэта добрая рэч, яны хочуць сваю ўласную ідэнтычнасьць, свае ўласныя іміграцыйныя законы, яны ня хочуць, каб ім паказвалі, што ад іх хочуць і чаго ня хочуць. Але я скажу, што яна працуе вельмі ўпарта.

— Злучаныя Штаты — староньні назіральнік у сытуацыі з «Брэксытам», або «Брэксыт» будзе мець на ЗША непасрэднае ўзьдзеяньне?

— Ну, мы казалі ёй, так, што мы ў пэўнай ступені назіральнікі.

— І на ЗША гэта ніяк не паўплывае?

— Гэта іх краіна, гэта значыць, яны маюць права рабіць тое, што лічаць патрэбным, і мы паглядзім, як гэта пройдзе ў парлямэнце. Падобна на тое, што гэта будзе вельмі цікава. Незалежна ад таго, што яны зробяць. Эўрапейскі зьвяз — жорсткая арганізацыя. Я скажу вам, што ў пытаньнях гандлю яны аднолькава жорсткія, як і Кітай. І яны будуць наступнымі, яны будуць наступнымі, але факт заключаецца ў тым, што яны вельмі дрэнна гандлююць з намі. У іх магутныя бар’еры, у іх вялікія і магутныя бар’еры. У іх ёсьць нетарыфныя бар’еры, і ў іх ёсьць тарыфы. За апошнія некалькі гадоў у гандлі зь імі мы страцілі 151 млрд даляраў. І гэта Эўрапейскі зьвяз. Варта пра гэта задумацца: яны хораша кажуць, але яны былі вельмі жорсткімі ў пытаньнях гандлю, і таму яны паводзілі сябе вельмі жорстка ў адносінах да яе. Але мы паклапоцімся пра сваю долю, гэта я абяцаю.

— На наступным тыдні, магчыма, будзе прыпыненая праца ўраду ЗША. На ваш погляд, ці адбудзецца гэта і ці будзе гэта мець уплыў на сусьветную эканоміку?

— Я не магу сказаць, ці будзе прыпыненая праца ўраду, таму што гэтага ніхто ня ведае. Я скажу, што мы забясьпечым бясьпеку нашых межаў. У нас будуць бясьпечныя межы. Вы бачылі, што мы зрабілі з усімі гэтымі караванамі, і цяпер яны пачынаюць рухацца назад. Але мы абавязаны гарантаваць бясьпеку. Мы ня можам дазволіць людзям прыходзіць у нашу краіну незаконна. Да нас будуць прыяжджаць людзі на падставе іх дасягненьняў і кампэтэнцый. Нам патрэбныя людзі. У нас самы нізкі ўзровень беспрацоўя за 51 год. Нам патрэбныя людзі ў гэтай краіне. Да нас пераяжджаюць кампаніі. Прэм’ер-міністар Японіі Абэ толькі што сказаў мне, што яны пераводзяць (да нас) дзьве аўтамабільныя кампаніі — яны маюць намер адкрыць два вялікія заводы. Вы пра такое часта ня чуеце, але адбываецца шмат чаго. Вы чулі пра General Motors, і я ня ведаю, што здарылася з General Motors, але трэнд проста процілеглы. І я магу сказаць, што наша эканоміка ніколі не была ў лепшым стане. У нас неверагодныя дадзеныя, вы бачыце гэта. Адбываецца шмат добрага.

— Вы хочаце, каб Кангрэс вылучыў 5 млрд даляраў на будаўніцтва муру (на мяжы з Мэксыкай). Пакуль Кангрэс кажа, што ня пойдзе на гэта. Што адбудзецца?

— Паглядзім, што адбудзецца.

— Але вы прымеце ўдзел у абмеркаваньні?

— Паслухайце, я скажу толькі вось што. Мы забясьпечым бясьпеку межаў. Калі ў нас ня будуць абароненыя межы, адбудуцца вельмі дрэнныя рэчы. Але мы забясьпечым бясьпеку мяжы. Мы ня можам дазволіць, каб да нас валам валілі людзі, як гэта было апошнія дзесяць гадоў. Вы самі бачыце, што адбываецца, калі ў нас ёсьць і МС-13, і гэтыя гангстэры, і паглядзіце на караван. Цяпер у ім больш за 650 чалавек злачынцаў з халоднай крывёю. Я не хачу, каб яны былі ў нашай краіне. І іх тут ня будзе. Калі ў вас няма межаў, у вас няма краіны, Грэта. Я гэтага не дапушчу.

— Што амэрыканскія мэдыі не разумеюць у пытаньнях эканомікі? Калі вы гледзіце і слухаеце нашы рэпартажы, што вы думаеце пра тое, як мы іх падаем?

— Ну, я думаю, яны разьбіраюцца ў эканоміцы. Яны ведаюць, як добра ў нас ідуць справы, проста яны ня любяць пра гэта казаць, таму што гэта добра для мяне, і таму яны ня хочуць гэтага казаць. Я называю гэта «фэйкавыя навіны», я не кажу пра (усе) СМІ, але я кажу, што ў нас так шмат фальшывых навін. Але ў нас фэнамэнальная эканоміка, і яны гэта ведаюць. У нас ёсьць лепшыя — самыя нізкія — паказьнікі беспрацоўя, якія ў нас калі-небудзь былі. Паглядзіце на беспрацоўе сярод афраамэрыканцаў і амэрыканцаў азіяцкага і лацінаамэрыканскага паходжаньня. Паглядзіце, гэта найлепшыя лічбы за ўсю гісторыю. Найлепшыя! Гэта гістарычны мінімум. Так што СМІ ведаюць, як добра ў нас ідуць справы, яны лічаць за лепшае не пісаць пра гэта.

— Вам падабаецца абмяркоўваць эканоміку з сусьветнымі лідэрамі?

— Так. Я хачу сказаць, у нас найлепшая эканоміка ў сьвеце. Лідэры практычна ўсіх краін падыходзілі да мяне і віншавалі мяне зь вялізнымі дасягненьнямі нашай эканомікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG