Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт G20 у Аргентыне: у цэнтры ўвагі — «гандлёвыя войны»


Дональд Трамп і Сі Цзіньпін.
Дональд Трамп і Сі Цзіньпін.

У Аргентыне сёньня адкрываецца саміт «Вялікай дваццаткі» — дваццаці найбуйнейшых эканомік сьвету. Ён будзе доўжыцца два дні.

Афіцыйна галоўнай тэмай парадку дня падобных самітаў зьяўляецца стан сусьветнай эканомікі. Аднак на цяперашняй сустрэчы, як чакаецца, будзе узьняты і шэраг палітычных пытаньняў — перш за ўсё ў ходзе двухбаковых сустрэч.

Гаворка ідзе пра сытуацыю з Керчанскай пратокай — пасьля захопу Расеяй ўкраінскіх караблёў і маракоў у Чорным моры. Гэтую тэму абяцала ўзьняць на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

Абмяркоўвацца будзе і забойства савудаўскага журналіста Джамала Хашокджы — у саміце ўдзельнічае насьледны прынц Савудаўскай Арабіі Махамэд, на адрас якога гучаць абвінавачваньні ў арганізацыі забойства. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон мае намер узьняць гэтае пытаньне на сустрэчы з прынцам.

Заплянаваная і сустрэча Ўладзіміра Пуціна з прэм’ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ. Бакі працягнуць абмяркоўваць мірны дагавор. Раней Пуцін даў зразумець, што Расея не выключае вяртаньня да савецка-японскай дэклярацыі 1956 году, паводле якой СССР выказваў гатоўнасьць вярнуць Японіі 2 з 4-х паўднёвакурыльскіх выспаў.

Найбольшая ўвага, аднак, прыцягвае маючы адбыцца працоўны абед прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і лідэра КНР Сі Цзіньпіна. Будзе абмяркоўвацца «гандлёвая вайна» паміж ЗША і Кітаем і меры паляпшэньня сытуацыі.

Сустрэчу з Пуціным Трамп адмяніў з прычыны захопу ўкраінскіх караблёў.

У асноўных дыскусіях саміту гаворка пойдзе пра сусьветную макраэканамічную сытуацыю, пераадоленьне разрыву паміж багатымі і беднымі, зьменах клімату, адукацыі, а таксама аб пратэкцыянісцкіх мерах, якія апошнім часам прымаюць ЗША, а за імі і іншыя краіны.

Гаворка зойдзе і аб праблемах Лацінскай Амэрыкі — саміт упершыню праходзіць у гэтым рэгіёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG