Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз патрабуе ад Расеі «неадкладнага і безумоўнага» вызваленьня ўкраінскіх суднаў і экіпажу, — Магерыні


Фэдэрыка Магерыні
Фэдэрыка Магерыні

Эўрапейскі зьвяз занепакоены выкарыстаньнем Расеяй сілы на фоне росту мілітарызацыі Чарнаморскага і Азоўскага рэгіёну, што непрымальна, заяўляе прадстаўніца ЭЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні.

«Эўрапейскі зьвяз вельмі занепакоены небясьпечным ростам напружанасьці ў Азоўскім моры і Керчанскай пратоцы, які прывёў да арышту ўкраінскіх суднаў і іхных экіпажаў Расеяй, а таксама абстрэлам і раненьнямі некалькіх украінскіх маракоў», — паведаміла Магерыні, адзначыўшы, што ЭЗ чакае ад Расеі гарантый свабоднага, бесьперашкоднага руху праз Керчанскую пратоку ў бок Азоўскага мора, як таго патрабуе міжнароднае права.

Яна адзначыла, што Эўразьвяз заклікае ўсіх да як мага большай стрыманасьці дзеля неадкладнай дээскаляцыі сытуацыі.

«У гэтым кантэксьце ЭЗ рашуча заклікае Расею вызваліць без усялякіх умоў і цяганіны затрыманыя судны, іхныя экіпажы і абсталяваньне», — кажа кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі, адзначыўшы, што Эўрапейскі зьвяз «строга асуджае парушэньне міжнароднага права Расеяй празь незаконную анэксію Крымскага паўвострава ў 2014 годзе».

«Пабудова Керчанскага моста лічыцца новым парушэньнем незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — адзначыла Магерыні, падкрэсьліваючы «поўную падтрымку Ўкраіны, яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці ў міжнародна прызнаных межах».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG