Уначы 18 лістапада ў мурманскім шпіталі памёр мужчына, які атрымаў цяжкія траўмы падчас затапленьня плывучага дока пры канцы кастрычніка.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
Плывучы док на 82-м суднарамонтным заводзе ў Расьлякове Мурманскай вобласьці Расеі патануў падчас рамонту авіяносца «Адмирал Кузнецов» уначы з 29 на 30 кастрычніка. У здарэньні пацярпелі чатыры чалавекі, адзін прапаў бязь вестак.
Авіяносец не пацярпеў, яго адбуксіравалі на 35-ы суднарамонтны завод.
Плывучы док ПД-50, пабудаваны ў 1980 годзе ў Швэцыі на замову ВМФ СССР, лічыўся адным з найбуйнейшых докаў у сьвеце.