Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аргентыне знайшлі падлодку, якая зьнікла ў акіяне год таму


Падлодка Сан-Хуан, 2014
Падлодка Сан-Хуан, 2014

Прадстаўнікі аргентынскага флёту пацьвердзілі 17 лістапада, што прыватная кампанія Ocean Infinity, якая была нанятая для пошукаў зьніклай падлодкі Сан-Хуан, змагла знайсьці судна. Падлодка ляжыць на глыбіні 907 мэтраў прыкладна за 500 км ад гораду Камадора Рывадавія. Корпус падлодкі быў абсьледаваны пры дапамозе робата, і ён пацьвердзіў, што на борце знаходзяцца 44 целы маракоў. Хвост падлодкі пашкоджаны выбухам, пацьвердзіў міністар абароны Аргентыны Карлас Агада.

Субмарына на дызэльна-электрычнай хадзе была пабудаваная для ВМФ Аргентыны ў Нямеччыне ў 1984 годзе. На яе борце знаходзіліся 44 чалавекі, у тым ліку першая ў Аргентыне жанчына-падводнік Эліяна Марыя Краўчык. Лодка вярталася на базу ў Мар-дэль-Плата з заданьня. Яна перастала выходзіць на сувязь 15 лістапада 2017 году, калі знаходзілася за 430 км ад паўднёваза ўзьбярэжжа Аргентыны.

Акіян у гэтай частцы вельмі халодны, і на паверхні ў той момант быў сямібальны шторм.

Камандаваньне ВМФ Аргентыны мяркуе, што на субмарыне адбыўся выбух і пажар, выкліканы, верагодна, кароткім замыканьнем у генэратары. Па мерках ВМФ разьвітых краінаў, «Сан-Хуан» быў досыць старым і несучасным суднам, і, як заяўлялі аналітыкі, на падлодках такога кшталту затапленьне нават аднаго адсека робіць выратаваньне экіпажу практычна немагчымым.

Маштабная міжнародная апэрацыя, у якой прымалі ўдзел караблі і падводныя апараты з 18 краінаў, нічога не дала. Запас кіслароду на лодцы быў усяго на сем дзён, таму праз тыдзень выратавальная апэрацыя была згорнутая. Пазьней Аргентына наняла прыватную структуру для пошуку лодкі і целаў маракоў.

Ці будзе лодка паднятая на паверхню і калі — прадстаўнікі флёту пакуль не паведамляюць. Крыніцы газэты Clarin у Мінабароны краіны заявілі, што рашэньне будзе прынятае ў залежнасьці ад таго, ці ўдасца дастаць на паверхню целы загінулых маракоў. Калі гэта не атрымаецца зрабіць — тады, напэўна, улады будуць думаць пра пад’ём судна цалкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG