Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас санітарнай высечкі ў Курапатах пашкодзілі крыжы. ФОТА


Трывогу наконт высечкі дрэваў у Курапатах забілі пікетоўцы, якія дзяжураць каля рэстарацыі «Поедем поедим».

«У лесе валяць дрэвы і зачапілі крыжы, тры ўжо зламаныя. Гэта трэба спыніць!» — абурыўся сустаршыня БХД Павал Севярынец.

У пачатку мэмарыялу і далей уздоўж сьцяжыны да «Галгофы» за два дні зьявілася больш за дзясятак паваленых дрэваў — сосны, асіны, бярозы, кустоўе. Некаторыя ствалы дрэў ужо расьпілаваныя на часткі, іншыя яшчэ чакаюць бэнзапілаў. Сама меней два крыжы пацярпелі: у аднаго, каля кальцавой аўтадарогі, сьпілаванае дрэва пашкодзіла перакладзіну, другі павалены на ўваходзе ў лес з боку рэстарацыі.

Бараўлянскі лясгас: звычайная санітарная высечка

«Нашы супрацоўнікі праводзілі звычайную санітарную высечку. Час ад часу трэба пазбаўляцца ад хворых і небясьпечных дрэваў», — сказаў Свабодзе майстар Віталь Станіслававіч з Бараўлянскага спэцлясгасу.

Паводле яго, высечку зрабілі таму, што ў суботу ў Курапатах пройдзе суботнік грамадзкасьці.

«Часткі сьпілаваных дрэваў і гольле ўдзельнікі суботніка вынесуць зь лесу рукамі, бо цяжкую тэхніку туды нельга пускаць», — кажа майстар. Пра зламаныя супрацоўнікамі лясгасу курапацкія крыжы ён нічога ня ведаў.

Кіраўнік дырэкцыі народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі мяркуе, што крыжы будуць адноўленыя сумеснымі намаганьнямі.

«Мне ў лясгасе паабяцалі, што пашкоджаны крыж яны адрамантуюць самі. А той, які павалены, усталюем мы, бо лепш ведаем, дзе яму варта стаяць. У лясгасе абяцаюць далей высечку рабіць вельмі асьцярожна, каб больш не чапаць крыжоў. Але мы настойваем яшчэ на адной важнай рэчы: каб замест гэтых хворых дрэваў, ад якіх сапраўды варта было пазбаўляцца, былі пасаджаныя новыя. Бо дрэвы — гэта адзін з трох элемэнтаў народнага мэмарыялу. Лес, крыжы, ямы — з гэтага складаюцца „Курапаты“. Спадзяюся, у лясгасе гэта зразумеюць».

Будаўнікі выправілі некаторыя хібы

Тым часам будаўнікі дарожкі ў Курапатах прыбралі цьвікі, якія тырчалі з бардзюрных дошак уздоўж сьцяжыны. Падрэзалі калкі, прыбралі вялікія камяні, за якія можна было зачапіцца. Дадатковым жвірам засыпалі і яміны на дарожцы, цяпер яна ўтрамбаваная.

Ганна Шапуцька і Алесь Чахольскі
Ганна Шапуцька і Алесь Чахольскі

Але, на думку кіраўніцы грамадзкай ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганны Шапуцькі, узьнікла новая праблема.

«Вельмі расчаравалася выглядам дарожкі. Чакала, што гэта будзе натуральная брукаванка, але будаўнікі зьверху насыпалі сумесь пяску з цэмэнтам, і цяпер гэта проста шэрая дарога, ледзь не бэтонка, а камяні амаль не відаць».

«Выгляд зусім ня той, як мы чакалі, — пагаджаецца і Алесь Чахольскі. — Будзем прапаноўваць зьверху падсыпаць яшчэ дробнага жвіру. Але няма з кім пра гэта дамаўляцца — праектантаў дарожкі другі дзень ня можам знайсьці, нібы пахаваліся».

Праблемы застаюцца

Нявырашанай праблемай Алесь Чахольскі лічыць траншэю паміж кальцавой трасай і курапацкай дарожкай. Паводле праекту гэтая траншэя, засыпаная жвірам, мелася ўбіраць ваду, што сьцякае з кальцавой. Але нешта не спрацавала. Цяпер на месцы траншэі зрабілася ледзь ня возера, прычым ніхто не разумее, куды ўся гэтая вада адсюль падзенецца.

«Толькі адну ноч быў дождж, а ўжо якая тут лужына, бачыце? А што будзе, калі дождж зацягнецца на месяц, ці ўвесну пасьля адлігі? Нават будаўнікі зьдзіўляюцца, што аўтары праекту не дадумаліся запраектаваць пад дарожкай трубу, каб вада сьцякала адсюль далей, у лес. Відавочна, што гэтак здаваць аб’ект нельга, трэба перарабляць, рабіць усё па-разумнаму. Падымаць частку дарожкі ды закладаць пад яе трубу, ды абавязкова немалога дыямэтру, хаця б трохсотку», — перакананы Алесь Чахольскі.

У нядзелю — шэсьце і мітынг у Курапатах

Працы па добраўпарадкаваньні дарожак у Курапатах вядзе «Ўправа „Цэнтар“» з Гараўтадору. Паводле майстра, які адказвае за будаўнічыя працы, іх павінны завяршыць да 15 лістапада.

​Дзень, калі на ўзвышшы, празваным «Галгофай», будзе ўсталяваны дзяржаўны мэмарыяльны знак, які заказала Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская (ФПБ), пакуль не паведамляюць. Фундамэнт пад гэты знак ужо гатовы, добраўпарадкаваньне вакол будучага помніка яшчэ не пачыналася.

27 кастрычніка суботнік у Курапатах плянуюць правесьці актывісты праўладнага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», ФПБ і БРСМ. «Гэта ініцыятыва прафсаюзаў, мы далучыліся», — сказалі ў прэсавай службе «Белай Русі».

28 кастрычніка ў Курапатах пройдзе дазволены ўладамі мітынг, прымеркаваны да восеньскіх Дзядоў. Заяўнік шэсьця і мітынгу — Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

«Гэтыя Дзяды прыпадаюць на 30-годзьдзе адкрыцьця Курапатаў. Яшчэ раз заклікаем людзей прыходзіць, браць кветкі і зьнічкі, годна памянуць суайчыньнікаў, забітых тут сталінскім рэжымам», — сказаў Свабодзе Алесь Чахольскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG