Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэкцыя кінафэстывалю «Лістапад» супраць цэнзуры Міністэрства культуры


Кадар зь фільму «Жоўты пясочак», які не пакажуць на «Лістападзе»

Аркамітэт юбілейнага, 25-га менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» назваў сёлетніх удзельнікаў нацыянальнага конкурсу. З 87 пададзеных заявак пакінулі толькі два дзясяткі.

Закулісная камісія

Як паведаміў каардынатар нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк, ня першы год адборам фіналістаў займаецца адмысловая камісія пры Міністэрстве культуры, аднак сёлета туды ўпершыню не запрасілі прадстаўнікоў дырэкцыі фэстывалю. Як вынік, аргкамітэт меў толькі дарадчы голас, які не заўсёды нават улічваўся. Наколькі такі экспэрымэнт апраўданы, «пакажа час», заўважыў ён. Але выказаў сумнеў, што кулюарнасьць пойдзе на карысьць справе.

Салідарная з калегам і дырэктарка фэстывалю Анжаліка Крашэўская. Ёсьць рызыка, што дзяржаўная апека можа каштаваць Беларусі месца ў Міжнароднай асацыяцыі кінапрадусараў, куды краіна з такімі цяжкасьцямі трапіла. А менавіта гэтае сяброўства дазваляе імпрэзе мець міжнародны статус.

«Насамрэч гэта праблема, — кажа Крашэўская. — Згодна зь міжнародным рэглямэнтам фэстываль павінен быць па-за цэнзурным кантэкстам. Так, усюды свае погляды на палітыку, на ідэалёгію. Але ў выпадку дзяржаўнага ўмяшаньня краіна можа быць пазбаўленая права праводзіць фэстывалі, якія атрымліваюць міжнародную акрэдытацыю. Прынамсі такі пункт ёсьць. Раней часу казаць не магу, але будзем справаздачыцца па выніках году, і што будзе пасьля аналізу сытуацыі, можна толькі здагадвацца. У любым выпадку: калі няма даверу, гэта не на карысьць фэстывалю».

Пазыцыя Мінкульту

Ірына Дрыга, архіўнае фота
Ірына Дрыга, архіўнае фота

Першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга ў адказ заявіла: адборачная камісія існуе некалькі апошніх гадоў, і нараканьняў наконт яе абʼектыўнасьці не было. Галоўная мэта экспэртаў — пакінуць такія стужкі, якія ня сорамна паказаць як беларускім гледачам, так і на міжнародным узроўні. Гэта значыць, улічваецца высокі мастацкі ўзровень і важнасьць праблемаў, якія ўздымаюцца ў той ці іншай працы.

«Паверце, няма ніякага прыярытэту, зыходзячы зь месца стварэньня таго ці іншага фільму: зьняты ён на дзяржаўным „Беларусьфільме“, масьцітым прадстаўніком нейкай іншай кампаніі ці маладым і малавядомым рэжысэрам. Тут галоўнае: а) майстэрства; б) здольнасьць глыбока зазірнуць у праблему, закласьці пасланьне да гледача. Нацыянальны конкурс — як лятарэя, як пранікненьне ў куфар са скарбам. Адчыняеш і ня ведаеш, што дастанеш. 87 фільмаў, я пастаралася паглядзець усе. З аднаго боку, радасна, што столькі людзей, якія лічаць сябе рэжысэрамі, а зь іншага, вельмі розны ўзровень».

Забракаваныя кадры

Паводле чыноўніцы Міністэрства культуры, адна з задач камісіі — якраз зьняць напружаньне, якое існуе ў кінаасяродзьдзі вакол мэханізму адбору: чаму адны трапляюць у фінальную частку, а іншыя не? Тым ня меней, чаму сярод прэтэндэнтаў на фэстывальную ўзнагароду няма шэрагу фільмаў, якія ўжо на слыху, так і засталося няясным.

Напрыклад, няма ў сьпісе фіналістаў вядомага і шматкроць уганараванага рэжысэра Андрэя Кудзіненкі зь ягонай «Лялькай», фільма «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава, зьнятага рэжысэрам Аляксеем Туровічам за ўласныя сродкі. Фільм Туровіча сёлета ўжо быў адзначаны спэцыяльным прызам на міжнародным кінафэстывалі дэтэктыўных фільмаў і тэлепраграмаў праваахоўнай тэматыкі DetectiveFest у Расеі.

У аснове сюжэту твору і экранізацыі — расстрэлы «ворагаў народу» ў Курапатах падчас сталінскіх рэпрэсій. Аляксей Туровіч кажа, што спрабаваў трапіць у лік канкурсантаў, але фільм у Мінкульце забракавалі.

Тым часам на YouTube ўзяты рэкорд у гісторыі беларускай кінаіндустрыі: больш за 3,5 мільёна праглядаў, звыш 4 тысяч камэнтароў, амаль 10 тысяч падпісчыкаў. Выклаў туды «Жоўты пясочак» сам рэжысэр, калі чыноўнікі адмовіліся даць фільму пракатнае жыцьцё.

Фіналісты «Лістапада»

Камісія пакінула 20 працаў, якія паўдзельнічаюць у фінале «Лістапада», у тым ліку 7 гульнявых фільмаў, 8 дакумэнтальных і 5 анімацыйных. Іх аўтары не абавязкова жывуць і ствараюць у Беларусі, але маюць беларускае паходжаньне.

Гульнявое кіно

  • «Крышталь», рэжысэрка Дарʼя Жук
  • «Дачка», рэжысэрка Мара Тамковіч
  • «Ягор», рэжысэры Раман Падаляка, Міхаіл Зуй
  • «Пляж/лес/тамбур», рэжысэры Кірыл Галіцкі, Сьвятлана Казлоўская
  • «Вахцёр», рэжысэр Андрэй Крывецкі
  • «Парушэньне спакою», рэжысэр Аляксей Палуян
  • «Вайна. Застацца чалавекам», рэжысэры Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, Дзьмітрый Федаровіч, Екацярына Тарасава, Ігар Васільеў.

Дакумэнтальнае кіно

  • «Нашы дзеці», рэжысэрка Галіна Адамовіч
  • «Дай мне знак», рэжысэр Кірыл Уласенка
  • «Ціхая вуліца», рэжысэрка Аляксандра Маркава
  • «Перазімаваць», рэжысэрка Ева-Кацярына Махава
  • «Мая Нямеччына», рэжысэр Аляксандар Сьвішчанкоў
  • «Песьні для кіта», рэжысэр Руслан Фядотаў
  • «Аляксандар Забаўчык. Мой джаз», рэжысэрка Алена Цагельская
  • «Нежаніх», рэжысэрка Алена Ясінская

Анімацыйнае кіно

  • «Ваўчаня», рэжысэр Ігар Воўчак
  • «Гультайка Васіліса», рэжысэрка Марына Карпава
  • «Азбука небясьпекі», рэжысэрка Тацяна Кубліцкая
  • «Лагодны воўк», рэжысэрка Натальля Дарвіна
  • «У Палесьсі на балоце», рэжысэры Руслан Сінкевіч, Раман Бурмакоў, Сьвятлана Катлярова, Марта Герашчанка.

Пазаконкурсная праграма

Значная частка праграмы 25-га менскага кінафэстывалю аддадзена пазаконкурсным гульнявым і дакумэнтальным паказам.

Як удакладніла дырэктарка праграмаў дакумэнтальнага кіно Ірына Дзямʼянава, мастацкая частка абʼяднала сэкцыі «Львы, Мядзьведзі, Пальмавыя галінкі», «Жаночыя гісторыі», «Майстар-кляс», «Колер ночы», «Чалавечыя камэдыі», рэтраспэктыву фільмаў францускай рэжысэркі Анэс Варда і некаторыя іншыя. Негульнявая — гэта «Лепшае», «АРТ», «Кіно пра кіно», «ХХ стагодзьдзе. Драмы гісторыі», «(Не)дзіцячыя гісторыі», «МузыкаДок», «Спартыўныя жарсьці», «Расея. ХХІ стагодзьдзе», «Залаты юбілей „Летапісу“» і г.д.

Таксама агучаны склад журы, якое будзе ацэньваць прэтэндэнтаў на ўзнагароды «Лістапада» ў розных намінацыях.

  • Юсуп Разыкаў (Расея) — старшыня журы асноўнага конкурсу гульнявога кіно
  • Зара Абдулаева (Расея) — старшыня журы конкурсу рэжысэраў-дэбютантаў «Маладосьць на маршы»
  • Эрык Білода (ЗША) — старшыня журы конкурсу дзіцячага і падлеткавага кіно «Лістападзік»
  • Міхал Лешчылоўскі (Польшча) — старшыня журы асноўнага конкурсу дакумэнтальнага кіно
  • Ёзэфіна Зэтмахер (Нямеччына) — старшыня журы конкурсу нацыянальных кінашколаў

Цягам 3-7 лістапада будзе працаваць «Індустрыяльная плятформа»: пляцоўку Bel:Cinema сёлета прыме нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Форум праходзіць пад лёзунгам «Пазнаючы белы сьвет».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG