Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анёл», «Догмэн» ды іншыя. Фільмы з лонг-ліста «Оскара», якія пакажуць на менскім «Лістападзе»


Кадр з фільму "Халодная вайна"

Як расказалі арганізатары менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад», сёлета на вялікіх экранах будзе паказана дзесяць фільмаў, вылучаных на прэмію Амэрыканскай кінаакадэміі, што ўвайшлі ў нядаўна апублікаваны лонг-ліст у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове».

У іх ліку стужкі майстроў кіно Хіракадзу Карэ-эда і Матэа Гаронэ, поўнамэтражныя дэбюты рэжысэраў Крысьціны Гальега і Лікарыёна Вайнайны, а таксама карціна, пра якую будзе абвешчана 22 кастрычніка.

Асноўны конкурс гульнявога кіно. Фільм адкрыцьця (па-за конкурсам)

«Халодная вайна» (Польшча), рэжысэр Павал Паўлікоўскі.

Канскі МКФ — прыз за лепшую рэжысуру.

У ролях: Томаш Кот, Ёана Куліг, Агата Кулеша, Барыс Шыц, Седрык Кан.

Гісторыя немагчымага каханьня ў немагчымы час. Яны знаёмяцца на руінах пасляваеннай Польшчы. Рознае паходжаньне і непадобныя тэмпэрамэнты — здаецца, яны зусім не сумяшчальныя. І ўсё ж ім нікуды адзін ад аднаго не падзецца.

Кадр з фільму "Мне пляваць, калі мы войдзем у гісторыю як барбары"
Кадр з фільму "Мне пляваць, калі мы войдзем у гісторыю як барбары"

«Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як барбары» (Румынія, Чэхія, Францыя, Баўгарыя, Нямеччына), рэжысэр Раду Жудэ.

Фільм-уладальнік «Крышталёвага глёбуса» МКФ у Карлавых Варах.

У ролях: Яана Якаб, Аляксандру Дабіжа, Алекс Богдан, Ілінка Маналаке, Шэрбан Паўлу.

Юная мастачка аднаўляе гістарычныя падзеі 1941 году, падчас якіх румынскі ўрад пры дапамозе арміі арганізаваў этнічную чыстку на ўсходнім фронце. Каб зрабіць чалавека барбарам, часам досыць усяго толькі сумленьня, якое маўчыць.


Пазаконкурсная праграма гульнявога кіно «Ільвы, мядзьведзi, пальмавыя галiнкi»

«Злодзеі з супэрмаркету» (Японія), рэжысэр Хіракадзу Карэ-эда.

Стужка-уладальніца «Залатой пальмавай галіны» і прыза журы Міжнароднага таварыства аматараў кіно МКФ у Канах.

У ролях: Лілі Фрэнкі, Сакура Андо, Маю Мацуока, Кірын Кікі, Каіры Дзё.

Вялікая сям’я беднага японскага рабочага жыве на пэнсію бабулі і крадзе розныя дробязі ў супэрмаркетах. У адзін з халодных зімовых дзён Асаму і ягоны сын знаходзяць на вуліцы маленькую галодную дзяўчынку. У іх жыцьці пачынаюцца сур’ёзныя праблемы, якія прыводзяць да раскрыцьця важных таямніцаў.

Кадр з фільму "Догмэн"
Кадр з фільму "Догмэн"

«Догмэн» (Італія, Францыя), рэжысэр Матэа Гаронэ.

Фільм-уладальнік узнагароды за лепшую мужчынскую ролю, прэміі «Пальмавы сабака», прэміі Міжнароднага таварыства аматараў кіно за лепшую мужчынскую ролю на МКФ у Канах.

У ролях: Марчэла Фонтэ, Эдаарда Пешэ, Алiда Балдары Калабрыя, Нунцыя Ск’яна, Адама Дыанізі, Франчэска Акваролі, Джанлука Гобі.

Марчэла — маленькі чалавек зь вялікім сэрцам. Ён трымае цырульню для сабак «Догмэн» і ўмее ўціхамірыць ласкавым словам і піт-буля, і мясцовага грамілу Сімонэ. Марчэла марыць адвезьці любімую дачку ў далёкае падарожжа, але суправаджае Сімонэ ў яго крымінальных вылазках, і аднойчы гэта прыводзіць да катастрофы.

Пазаконкурсная праграма гульнявога кіно «Майстар-кляс»

«Анёл» (Аргентына, Гішпанія), рэжысэр Луіса Артэга.

Фільм-удзельнік конкурснай праграмы «Асабісты погляд» Канскага МКФ.

У ролях: Ларэнца Фэра, Чына Дарын, Даніэль Фанего, Мэрсэдэс Моран

Буэнас-Айрэс, 1971 год. Карлітасу 17, у яго замашкі кіназоркі і зьнешнасьць анёла. Але ўжо падлеткам ён вырашаў, што яго закліканьне − быць злыднем. У новай школе Карлітас сустракае Рамона і неадкладна спрабуе заваяваць яго ўвагу. Разам яны пачынаюць падарожжа, поўнае злачынстваў і каханьня.

Кадр з фільму "Злодзеі з супэрмаркету"
Кадр з фільму "Злодзеі з супэрмаркету"

«Пералётныя птушкі» (Калюмбія, Мэксіка, Данія, Францыя), рэжысэры Крысьціна Гальега, Сіра Герра.

Фільм-удзельнік сэкцыі «Двухтыднёвік рэжысэраў» на МКФ у Канах.

У ролях: Кармінья Марцінэс, Хасэ Акоста, Джон Нарваэс, Наталія Рэес.

1970-я, Калюмбія. У Амэрыцы квітнее культура гіпі, абавязковым атрыбутам якой становіцца марыхуана. З-за гэтага простыя калюмбійскія фэрмэры ператвараюцца ў прапаленых бізнэсоўцаў. Але разам з грашыма зьяўляюцца і прычыны баяцца за сваё жыцьцё.

«Дзікая груша» (Турэччына, Францыя, Нямеччына, Баўгарыя), рэжысэр Нуры Більге Джэйлан.

Фільм-удзельнік асноўнай конкурснай праграмы Канскага МКФ.

У ролях: Айдзін Догу Дземірколь, Мурат Джэмджыр, Бэну Йілдырымлар, Хазар Эргючлю.

Сінан − малады пісьменьнік, які падае надзеі. Ён вяртаецца дадому ў турэцкую вёску, спадзеючыся сабраць сродкі для сваёй першай публікацыі. Аднак непасільныя даўгі бацькоў могуць разбурыць ягоную кар’еру і разьбіць усе мары.

Пазаконкурсная праграма негульнявога кіно «ХХ стагодзьдзе. Драмы гісторыі»

«Вальс Вальдхайма» (Аўстрыя), рэжысэр Рут Бэкерман.

Фільм-удзельнік Бэрлінскага МКФ — праграма «Форум».

Пра праўду і хлусьню, «альтэрнатыўныя факты», індывідуальную і масавую сьвядомасьці. «Не Вальдхайму!» — скандуе натоўп у цэнтры Вены ў 1986 годзе. Рут Бэкерман сярод актывістаў, якія намагаліся прадухіліць выбраньне Курта Вальдхайма генсекам ААН, і задакумэнтавала палітычныя падзеі.

Кадр з фільму "Супа мода"
Кадр з фільму "Супа мода"

​Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік»

«Супа мода» (Кенія, Нямеччына), рэжысэр Лікарыёна Вайнайна.
Фільм-уладальнік прыза за лепшы замежны мастацкі фільм МКФ у Эдынбургу.

У ролях: Стайсі Ваверу, Марыяна Нунга, Ньявара Ндамбіа.

9-гадовая Джо сьмяротна хворая. Дзяўчынка вяртаецца дажываць апошнія дні ў роднай кенійскай вёсцы. Але малая не губляе цікавасьці да жыцьця. Ёй падабаецца гуляць у супэргерояў і хочацца стаць чалавекам, які валодае выдатнымі якасьцямі.

Конкурсныя і рэтраспэктыўныя паказы ў рамках менскага міжнароднага кінафэстывалю пройдуць у шасьці сталічных кінатэатрах цягам тыдня, з 2 па 9 лістапада. Афіцыйны слоган юбілейнай, 25-й па ліку імпрэзы, — «Пазнаючы белы сьвет».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG