Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «Захад-2017», толькі ў Расеі: анансавалі новыя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні


Вайсковыя вучэньні «Захад-2017», 16 верасьня 2017 году, ілюстрацыйнае фота
Вайсковыя вучэньні «Захад-2017», 16 верасьня 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 24 кастрычніка прыбыў у Менск на перамовы зь беларускім міністрам абароны Андрэем Раўковым. Яны зацьвердзілі задуму супольных вучэньняў «Шчыт Саюзу», якія маюць прайсьці ў Расеі ў 2019 годзе.

Як перадае ТАСС словы Сяргея Шайгу, вучэньні будуць мець «выключна абарончы характар» і перадусім маюць «прадэманстраваць нашую агульную рашучасьць і здольнасьць адстойваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць дзьвюх дзяржаваў».

Андрэй Раўкоў жа заявіў, што Беларусь і Расея «прытрымліваюцца адных ацэнак выклікаў і пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы».

Назва і ідэя ня новыя. Але ці будзе новая «Вяйшнорыя»?

Калі і дзе менавіта пройдуць вучэньні «Шчыт Саюзу — 2019», пакуль не паведамляецца, таксама як пакуль не раскрываюцца маштабы вучэньняў. Вядома толькі, што на тэрыторыі Расеі.

Вучэньні пад такой назвай ужо праходзілі некалькі разоў.

Сяргей Шайгу, архіўнае фота
Сяргей Шайгу, архіўнае фота

Першы раз «Шчыт Саюзу» праводзілі ў 2006 годзе ў Берасьцейскай вобласьці Беларусі з удзелам 8800 чалавек (зь якіх 1800 былі расейскімі вайскоўцамі). У 2009-м вучэньні былі ў Беларусі і Расеі пад рознымі назвамі — «Шчытом Саюзу» называлі расейскую частку, а беларуская звалася «Захад-2009» (у беларускай частцы ўдзельнічалі 12,5 тысячы чалавек, зь якіх палова была расейцамі).

Наступны «Шчыт Саюзу» адбыўся ў 2011 годзе — бяз «Захаду» і толькі ў Расеі (7 тысяч чалавек з Расеі, 5 тысяч зь Беларусі). Вучэньні пад назвай «Шчыт Саюзу» паўтарыліся ў Расеі ў 2015 годзе (8 тысяч чалавек, зь якіх беларусаў было каля 1300).

Вучэньні «Захад» праходзілі ў Беларусі і Расеі таксама ў 2013-м (12 тысяч расейцаў і 10 тысяч беларусаў) і 2017 гадах (13 тысяч чалавек, зь якіх каля 10 тысяч — беларусы).

Апошнія вучэньні выклікалі занепакоенасьць суседзяў Беларусі (акрамя Расеі, зь якой яны праходзілі): іх разглядалі і як адпрацоўку апэрацыі супраць краінаў NATO, і як пагрозу беларускай незалежнасьці. Адным з самых частых пытаньняў было тое, ці выведуць расейцы свае войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў.

Беларускі генштаб на тых вучэньнях абвясьціў умоўным ворагам — «Вяйшнорыяй» — паўночна-заходнюю частку Беларусі.

Вучэньні не наступальныя, але на «Форт Трамп» як-небудзь адкажуць

Шайгу параўноўваў заплянаваны «Шчыт Саюзу» з вучэньнямі NATO «Адзіны трызубец –​ 2018», якія маюць пачацца 25 кастрычніка ў Нарвэгіі, Швэцыі і Фінляндыі — маўляў, у адрозьненьне ад гэтых вучэньняў, беларуска-расейскія «не прадугледжваюць нейкіх наступальных дзеяньняў». Беларускія і расейскія назіральнікі тым часам прынялі запрашэньні назіраць за вучэньнямі NATO.

Таксама расейскі міністар абароны згадаў пляны Польшчы разьмясьціць вайсковую базу ЗША ў раёне Быдгашча і Торуні (палякі ўжо прапанавалі назваць базу «Форт Трамп») і выдаткаваць на яе да 2 млрд даляраў. Ён назваў такія пляны «контарпрадуктыўнымі»: маўляў, яны «не спрыяюць захаваньню стабільнасьці і ўзмацненьню рэгіянальнай бясьпекі».

«У гэтых умовах мы вымушаныя рабіць захады ў адказ і павінны быць гатовыя нэўтралізаваць магчымыя вайсковыя пагрозы на ўсіх кірунках», — заявіў Шайгу, не ўдакладніўшы, якія захады маюць прымацца.

У Менску ён таксама заяўляў, што краіны NATO засяродзіліся на вайсковай мабільнасьці ў Эўропе, што «ўзмацняе напружанасьць», і абвінаваціў краіны Захаду ў «расхістваньні абстаноўкі» на Блізкім Усходзе, што «дазволіла стварыць у Сырыі сапраўднае апірышча тэрарызму». Ды адзначыў, што Расеі нібыта «ўдалося пераламіць сытуацыю» з тэрарыстамі ў Сырыі — і сырыйскім досьведам Расея «гатовая падзяліцца» зь Беларусьсю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG