Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «Вяйшнорыі» — «Дамасія». Беларускія салдаты вучыліся ў Расеі ваяваць з сэпаратыстамі і «ўмеранай апазыцыяй»


Расейска-беларускія вайсковыя вучэньні ва Ўльянаўску

У расейскім Ульянаўску ад 12 сакавіка ідуць батальённыя тактычныя вучэньні расейскіх паветрана-дэсантных войскаў і сіл спэцапэрацый Узброеных сіл Беларусі. 20 сакавіка прайшла навучальная апэрацыя супраць выдуманай дзяржавы «Дамасія», піша «Во славу Родины» — газэта беларускага Міністэрства абароны .

«Ва ўмоўнай дзяржаве Дамасія неспакойна, — расказвае газэта Мінабароны Беларусі. — Унутрыпалітычны клімат вельмі нестабільны: на фоне абвастрэньня супярэчнасьцяў адбыліся сутыкненьні паміж рэгулярнымі войскамі і „ўмеранай“ апазыцыяй краіны. Наступствы кожнай сваркі вартыя жалю — гіне мірнае насельніцтва. З зоны канфлікту адбываецца масавы адток жыхароў.

Ня сьпяць і сэпаратысты: міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі актывізаваліся з мэтай любой цаной дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Дамасія б'е трывогу. Урад краіны зьвярнуўся па дапамогу да „блакітных касак“. За справу бярэцца братні дэсант».

На вучэньнях вайскоўцы выявілі некалькі бесьпілётнікаў з умоўнай выбухоўкай, трапілі пад «абстэл» экстрэмістаў, але ліквідавалі бесьпілётнікі, разам з расейскімі дэсантнікамі і іхнай тэхнікай пад прыкрыцьцём снайпэраў правялі зачыстку тэрыторыі ад «сэпаратыстаў».

«Разумею, што вайна, але гэта ўжо псыхоз», — экспэрт пра ўкраінскую вэрсію беларуска-расейскіх вучэньняў

Раней «ваявалі» зь «Вяйшнорыяй», адразу здаліся ў інфармацыйнай вайне

У час леташніх беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017» беларускі Генштаб даў умоўнаму ворагу іншую назву — «Вяйшнорыя».Тады ўмоўнымі ворагамі абвясьцілі ня нейкіх абстрактных тэрарыстаў, а заходнюю частку Беларусі. У інтэрнэце шматлікія карыстальнікі падтрымалі «Вяйшнорыю» як «празаходнюю» сілу. Адразу па абвяшчэньні «Вяйшнорыі» беларускія вайскоўцы перасталі выкарыстоўваць гэтае слова, ніяк не адказвалі на «правяйшнорскую» актыўнасьць у сацыяльных сетках.

Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак
Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак

Інтэрнаўты адзначалі, што «Вяйшнорыя» сярод іншага супадае з мапай электаральнай падтрымкі Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Сам Пазьняк пахваліў жарты пра «Вяйшнорыю», але заклікаў «не ператвараць небясьпеку ў балаган»:

«Прыдумваюць нейкі быццам бы „эканамічны“, „сацыяльны“, „нацыянальны“, „тэрытарыяльны“ альбо „рэлігійны“ падзел у краіне, якую зьбіраюцца акупаваць, і пачынаюць раскручваць у прапагандзе гэты прыдуманы падзел, убіваць яго ў сьвядомасьць людзей і суседзяў, — казаў Пазьняк пра „Вяйшнорыю“. — Потым пачынаюць выкарыстоўваць гэтую сваю прапаганду дзеля ўводу ў краіну акупацыйнага войска, дзеля агрэсіі».

Лукашэнка прапануе адаслаць беларускіх міратворцаў на Данбас

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Яшчэ ў 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў увесьці ў зону канфлікту на Данбасе беларускія міратворчыя сілы. Украіна тады адхіліла прапанову.

У лютым 2018 году беларускія міністры нагадалі, што Беларусь «гатовая» паслаць міратворцаў у зону канфлікту ва Ўкраіне. МЗС Украіны патлумачыла: беларускіх міратворцаў на Данбасе ня будзе без прысутнасьці NATO ў рэгіёне.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч пасьля гэтага пагутарыў з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам: «Парашэнка сказаў, і я гэта сказаў, што ня можа быць міратворцаў з той краіны, якая ёсьць хаўрусьнікам агрэсара».

Беларусы — міратворцы на Данбасе? Пяць «не»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG