Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раўкоў: Беларусь гатовая накіраваць міратворцаў на Данбас


Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

Беларусь гатовая пры выкананьні шэрагу ўмоў накіраваць сваіх міратворцаў на Данбас.

Пра гэта заявіў журналістам 14 лютага міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, камэнтуючы інтэрвію кіраўніка беларускага МЗС Уладзімера Макея расейскай газэце «Известия».

«Мы ад сваіх слоў не адмаўляемся»

Паводле Макея, Беларусь захоўвае непрадузятую і сумленную пазыцыю ў адносінах да ўсіх удзельнікаў канфлікту на Данбасе.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

«Мы ня гонімся за нейкімі ляўрамі. Але гэта канфлікт у нашым рэгіёне, у нашай сям’і. У прамым сэнсе слова. Таму дадатковым спосабам дапамагчы канфліктуючым бакам можа стаць увод у Данбас міратворцаў — зразумела, у тым ліку і беларускіх. Пра гэта наш прэзыдэнт казаў яшчэ ў 2014 годзе, і мы ад сваіх слоў не адмаўляемся», — сказаў у інтэрвію Макей.

«Гэта не праблема»

Паводле міністра абароны Раўкова, для накіраваньня беларускіх міратворцаў неабходныя:

  • рашэньне Рады бясьпекі ААН пра ўвод міратворчага кантынгенту;
  • згода краіны, куды ўводзяцца міратворцы;
  • рашэньне і згода Беларусі (гэта значыць рашэньне прэзыдэнта);
  • згода кожнага міратворца.

«Пры выкананьні ўсіх гэтых умоў мы гатовыя выканаць задачу», — цытуе БелаПАН міністра абароны Беларусі.

Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

Раўкоў сказаў, што ў 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску існуе міратворчая рота са ста вайскоўцаў. Палова зь іх сталага складу і палова — пераменнага. Яны вывучаюць ангельскую мову, праходзяць падрыхтоўку ў розных дзяржавах, якія маюць вопыт міратворчай дзейнасьці.

«Гэтае падразьдзяленьне на сёньня гатовае выконваць задачы ў любым рэгіёне сьвету. Гэта не праблема», — сказаў Раўкоў.

«Я гатовы быў бы выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы»

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію каналу «Эўраньюс» заявіў, што гатовы аказаць міратворчую дапамогу ў вырашэньні расейска-ўкраінскага канфлікту. Аднак Украіна адкінула тады гэтую прапанову Лукашэнкі.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

«Калі трэба — а гэта для мяне вельмі небясьпечная і страшная рэч, — калі ёсьць недавер Расеі да Захаду і Захаду да Расеі, Амэрыкі да Расеі і Расеі да Амэрыкі, і ёсьць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў бы выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб разьвесьці канфліктуючыя бакі», — сказаў у інтэрвію Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG