Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка Алега Сянцова ўвайшла ў гісторыю найбольш працяглых акцыяў пратэсту

абноўлена

Алег Сянцоў.
Алег Сянцоў.

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме, спыніць галадоўку 6 кастрычніка, у суботу. На стан 5 кастрычніка 145 дзён ён пратрымаўся бязь ежы, патрабуючы вызваленьня з расейскіх турмаў усіх палітычных вязьняў Украіны — паводле розных крыніц паводле палітычных матываў у Расеі асуджана ад 70 да 75 украінцаў.

«Галодны» пратэст Алега Сянцова стаў адным з найбольш трывалых у сусьветнай гісторыі палітычнай барацьбы.

«Прабачце, што падвёў»

Як напісаў у сваім лісьце сам рэжысэр, галадоўку ён спыняе ў сувязі з крытычным станам здароўя: «Неўзабаве да мяне заплянавана прымяненьне прымусовага харчаваньня. Мая думка пры гэтым ужо ня ўлічваецца — нібыта я ўжо ня ў стане адэкватна ацэньваць узровень здароўя і небясьпекі, якія яму пагражаюць».

За ўвесь час пратэсту Алег Сянцоў страціў 20 кіляграмаў вагі, але набыў велізарную падтрымку па ўсім сьвеце — на знак салідарнасьці зь ім няспынна праводзіліся акцыі ва Ўкраіне, Беларусі, ЗША і ў эўрапейскіх краінах. У сацыяльных сетках арганізоўваліся флэшмобы, тэатры ставілі спэктаклі, а ягонае імя ўзгадвалі палітыкі вышэйшага ўзроўню. Што праўда, у выніку нават такой салідарнасьці галоўнай мэты дасягнуць не ўдалося, аб чым найперш шкадуе сам рэжысэр: «Я ўдзячны ўсім, хто падтрымліваў мяне і прашу прабачэньня ў тых, каго падвёў».

Алег Сянцоў перадаў свой ліст 5 кастрычніка праз адваката Дзьмітрыя Дзінзэ. Ва Ўкраіне стрымана камэнтуюць ягонае рашэньне спыніць «галодны» пратэст, і не таму, што расчараваныя: выхад з такой трывалай галадоўкі — вельмі складаны працэс, асабліва ва ўмовах няволі.

«Ён павінен жыць, жыць насуперак усёй гэтай навалачы. Ён павінен убачыць іх паразу, іх крах, іх адчай, убачыць наш трыюмф, нашу перамогу, нашу пагарду. І зьняць пра ўсё гэта свой лепшы фільм», — напісаў сёньня вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў.

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава запатрабавала ад уладаў Расеі паскорыць працэс допуску яе да ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, каб пераканацца, што ягонаму жыцьцю пасьля спыненьня галадоўкі нічога не пагражае.

Найбольш вядомыя ў сьвеце галадоўкі

Гісторыя выкарыстаньня галадовак як сродку пратэсту мае больш як стогадовую гісторыю. На гэты крок традыцыйна ішлі тады, калі ўсе іншыя магчымасьці супраціву былі вычарпаныя.

У канцы — пачатку XX стагодзьдзя, у Брытаніі такім чынам пратэставалі ўдзельніцы руху за наданьне жанчынам роўных з мужчынамі выбарчых правоў. Адна з актывістак памерла неўзабаве пасьля прымусовага кармленьня, а іншыя мелі сур’ёзныя наступствы для здароўя.

Найбольш часта галадоўку як сродак палітычнай барацьбы выкарыстоўвалі ірляндзкія рэспубліканцы, пачынаючы ад 1917 года да канца ХХ стагодзьдзя — яны трывалі ад 43 да 73 дзён, і часта заканчваліся сьмерцю.

«Галодны» пратэст абвяшчалі і кубінскія дысыдэнты. У 1972 годзе пасьля 53 дзён галадоўкі памёр паэт Пэдра Луіс Баітэль (Pedro Luis Boitel), у 2010-м на 83 дні адмовы ад ежы — Арланда Сапата Тамаё (Orlando Zapata Tamayo).

Галадоўкі ў СССР

Андрэй Сахараў.
Андрэй Сахараў.

Найбольш вядомым прыкладам савецкага часу былі галадоўкі грамадзкага дзеяча, праваабаронцы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру за 1975 год, фізыка-тэарэтыка Андрэя Сахарава. Ён галадаў тройчы працягласьцю ад 26 да 178 дзён.

Мустафа Джэмілеў.
Мустафа Джэмілеў.

Рэкорднаю ў сьвеце лічыцца галадоўка аднаго зь лідэраў крымскататарскага народу Мустафы Джэмілева, які за савецкім часам адседзеў 15 гадоў за адстойваньне правоў крымскіх татар — ён вытрымаў больш як 300 дзён. Ягоны пратэст атрымаў велізарны ўсясьветны рэзананс і дазволіў вынесьці абмеркаваньне ўціскаў крымскіх татараў на больш высокі ўзровень.

Дарэчы, Мустафа Джэмілеў зьвяртаўся да Алега Сянцова і Ўладзімера Балуха (яшчэ адзін зьняволены ў Расеі крымскі ўкраінец) з просьбай спыніць галадоўку:

«Я ня думаю, што варта забіваць сябе за кратамі. Яны малайцы, што абвясьцілі галадоўку і пратрымалі яе пэўны час, бо гэта мабілізавала грамадзтва. Аднак пяць дзён назад я размаўляў з Балухам і сказаў яму: «Я ганаруся табой, але ты павінен выйсьці адтуль жывым. Расея не тая краіна, у якой можна разьлічваць на гуманнасьць. Тое ж самае я хачу сказаць і Сянцову».

«Галодныя» пратэсты былі і пасьпяховымі

Алег Сянцоў спыняе галадоўку не ў адказ на просьбы і заклікі. І хаця сваіх мэтаў ён не дасягнуў, усё роўна перамог. Маральна.

Гісторыя ж ведае прыклады пасьпяховых пратэстаў. Той жа Андрэй Сахараў дамогся дазволу для сваёй жонкі выехаць за межы Савецкага Саюза для апэрацыі на сэрцы.

На Кубе, пасьля галадоўкі паплечнікаў памерлага Арланда Сапата Тамаё вызвалілі 52 палітвязьняў і надалі ім магчымасьць пакінуць краіну.

У кастрычніку 1990 года «Галадоўка на граніце» стала першым пасьпяховым маштабным вулічным палітычным пратэстам у сучаснай украінскай гісторыі. Тады студэнтам, якія трымалі галадоўку, удалося прымусіць уладу пайсьці на частковае задавальненьне іх патрабаваньняў, у тым ліку ў адстаўку адправілі тагачасны ўрад, а ўкраінскім юнакам дазволілі служыць толькі ў межах тэрыторыі Ўкраіны.

Галадоўкі пратэсту ў Беларусі

У Беларусі найбольш вядомым пратэстам стала акцыя дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць правядзеньня рэфэрэндуму-1995. Палітыкі былі выкінутыя з залі парлямэнту і зьбітыя.

Варта ўзгадаць і галадоўку Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе. Ён балятаваўся ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах у 2006 годзе, быў арыштаваны і асуджаны. Адбываючы пакараньне ў калёніі, Казулін абвясьціў галадоўку, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

На знак салідарнасьці з палітыкам тады па Беларусі пракацілася хваля масавых галадовак, у якіх узялі ўдзел больш як 500 асобаў. У выніку Эўразьвяз заклікаў беларускае кіраўніцтва яго вызваліць, а Палата Прадстаўнікоў кангрэсу ЗША прагаласавала за падаўжэньне на два гады Акту аб дэмакратыі ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG