Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сянцоў афіцыйна намінаваны на прэмію Сахарава


Партрэт Алега Сянцова з прозьвішчамі ўкраінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расеі
Партрэт Алега Сянцова з прозьвішчамі ўкраінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расеі

На сайце Эўрапарлямэнту абвешчаныя намінанты на прэмію імя Андрэя Сахарава 2018 году. Сёлета прэмія адзначае 30-гадовы юбілей, яна ўручаецца асобам і арганізацыям, якія ўнесьлі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека ў сьвеце.

Сярод намінантаў, вылучаных дэпутатамі Эўрапарлямэнту, значыцца ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрактаў і ад 14 траўня трымае галадоўку з патрабаваньнем выпусьціць з расейскіх турмаў украінскіх палітвязьняў.

Дэпутаты адзначылі, што «дэ-факта Сянцоў асуджаны за свой пратэст супраць расейскага праўленьня ў Крыме», а таксама тое, што «ён зрабіўся сымбалем прыкладна 70 украінскіх грамадзян, незаконна арыштаваных і асуджаных расейскімі акупацыйнымі сіламі на Крымскім паўвостраве на працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі». Арганізацыя Amnesty International, у сваю чаргу, ахарактарызавала судовы працэс над Сянцовым як «несправядлівы судовы разбор у вайсковым судзе».

Акрамя Сянцова на прэмію Сахарава намінаваныя: нямецкая праваабаронца турэцкага паходжаньня Сэйран Атэш, якая стаяла за стварэньнем у Бэрліне мячэці агульнай для мужчын і жанчын; сырыйскі ваенны фатограф, што працуе пад псэўданімам «Цэзар», які вывез з Сырыі больш за 55 000 фатаздымкаў, якія выкрывалі ваенныя зьверствы; змагар з карупцыяй у Марока Насэр Зэфзафі, асуджаны ў сваёй краіне на 20 гадоў пазбаўленьня волі за «змову супраць бясьпекі дзяржавы»; і іншыя.

Ляўрэат прэміі імя Сахарава будзе абвешчаны ў кастрычніку. Да гэтага Камітэт замежных справаў Эўрапарлямэнту, Камітэт разьвіцьця і Падкамітэт правоў чалавека выберуць з намінантаў трох фіналістаў, якія будуць прадстаўленыя Канфэрэнцыі старшыняў Эўрапарлямэнту для канчатковага галасаваньня.

Грашовы памер прэміі імя Сахарава складае 50 тысяч эўраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG