Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Што журналісты рабілі ў палітыцы


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Ігар Гермянчук (Бараўлянская выбарчая акруга № 71): У Вярхоўным Савеце была ратыфікавана дамова паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб каардынацыі дзейнасьці ў ваеннай галіне. Дык вось, нягледзячы на тое, што вы яе дружна ратыфікавалі, гэтая дамова ня можа мець законнай сілы. Гэта тая самая славутая ліпеньская дамова, згодна зь якой, у прыватнасьці, пад юрысдыкцыю Расеі былі перададзены стратэгічныя сілы, якія разьмешчаны на тэрыторыі Беларусі. Падпісваючы гэтую дамову, спадар Кебіч падпісаў тады два розныя дакумэнты. Адзін зь іх выкладзены на рускай мове, другі — па-беларуску. Я запрасіў рускамоўны арыгінал і выявіў фантастычныя разыходжаньні. У міжнародных дакумэнтах такога кшталту ня можа быць памылак, нават у знаках прыпынку. У беларускамоўным арыгінале, калі я параўноўваў яго з рускім, знайшоў 17 неадпаведнасьцяў па меншай меры. Ёсьць зусім неверагодныя рэчы. Напрыклад: «Кіруючыся Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь ад 27 чэрвеня 1990 года». У рускамоўным арыгінале запісана слушна: «... 27 июля», а ў беларускамоўным — 27 чэрвеня, гэта значыць «июня». Калі ў Кебіча праблемы з чыноўнікамі, то я магу прыслаць яму на дапамогу свайго карэктара.

Выступ у "Розным"

— Ты паводзіш сябе як журналіст, а не як палітык! — некалькі разоў чуў я такі папрок ад Зянона Пазьняка, калі даваў журналістам інфармацыю, якую, з палітычных мэтаў, варта было б прытрымаць.

Я адказваў жартам — што паводле прафэсіі я і ёсьць журналіст, як жа мне яшчэ сябе паводзіць. Насамрэч, Пазьняк ня меў рацыі: у большасьці выпадкаў я кіраваўся якраз палітычнымі рэзонамі. А з другога боку — менавіта я ў красавіку 1991-га перадаваў страйкаму інфармацыю, якая паступала ў Вярхоўны Савет з пракуратуры, у часе закрытых пасяджэньняў выходзіў з Авальнай залі ў фае і расказваў калегам, што адбываецца за зачыненымі дзьвярыма. Ну а што датычыць розных адкрытых парлямэнцкіх дакумэнтаў — дык колькасьць перададзенага мною журналістам не паддаецца падліку.

З трох журналістаў, якія былі ў Апазыцыі БНФ (Ігар Гермянчук, Мікола Маркевіч і я) мне давялося найменш сутыкацца са сваёй прафэсіяй. Ігар рэдагаваў «Свабоду», Мікола — гарадзенскую «Пагоню», ну а да рашэньня Вярхоўнага Савету аб забароне рэфэрэндуму ў 1992 годзе я быў сакратаром парлямэнцкай камісіі па галоснасьці, сродках масавай інфармацыі і правах чалавека. І ўвесь час — каардынатарам Апазыцыі БНФ, адказным за сувязі з прэсай, фактычна, гэта была роля прэсавага сакратара — пасада больш палітычная, чым журналісцкая.

Увогуле, той час мяне пераканаў, што прафэсіі журналіста і палітыка — несумяшчальныя, а канфлікт інтарэсаў, які пры такім спалучэньні ўзьнікае — невырашальны: тут або ты палітык, або — журналіст. У іншым выпадку апынаесься пад пагрозай біць пабітым, як Труфальдына ў п’есе «Слуга двух паноў». Зрэшты, мой асабісты вопыт сьведчыў, што можна пры гэтым мець добрыя адносіны з усімі — і з журналістамі, і з палітыкамі. Досьвед не ўнікальны — герою Гальдоні, як вядома, таксама ўдалося пазьбегнуць пакараньня.

Рэдактар ад Бога

Увогуле, журналістаў у Вярхоўным Савеце было каля дзясятка. Анатоль Вярцінскі, які рэдагаваў «Літаратуру і мастацтва» ў часы, калі яна была самым сьмелым выданьнем (гэта ён надрукаваў артыкул Пазьняка і Шмыгалёва пра Курапаты), пазьней ён быў абраны намесьнікам старшыні парлямэнцкай камісіі па галоснасьці. Рэдактар «Народнай газэты» Іосіф Сярэдзіч, які для сваіх журналістаў мог дастаць што заўгодна (напрыклад — кабінэты пад рэдакцыю ў Доме ўраду). Іван Герасюк, які выкрываў карупцыю і шмат нэрваў папсаваў Кебічу. Васіль Шачак, карэспандэнт слуцкай раённай газэты. Намесьнік старшыні Дзяржтэлерадыё Браніслаў Сушкевіч.

Аднак для мяне сымбалем незалежнай журналістыкі часоў нацыянальнага адраджэньня зьяўляецца газэта «Свабода», а эталёнам рэдактара незалежнай газэты — Ігар Гермянчук.

Ігар Гермянчук у Авальнай залі
Ігар Гермянчук у Авальнай залі

Ігар нячаста выступаў на сэсіях, але тыя, хто глядзеў тэлерэпартажы з Авальнай залі, запомнілі хударлявага маладога мужчыну са сьветлымі валасамі і з усьмешкай, часам іранічнай. І — заўсёды элегантна апранутага.

Я ніколі ня бачыў Ігара ў кашулі са свабодным каўняром, бяз гальштука, ці ў футболцы, ці ў швэдры — толькі ў касьцюме і пры гальштуку. Быў яшчэ адзін дэпутат, які таксама апранаўся толькі афіцыйна — Віктар Ганчар. Людзі вельмі розныя, агульнае ў іх — абодва нарадзіліся ў сем’ях, якія нельга было назваць беднымі толькі таму, што афіцыйна такога вызначэньня ў савецкія часы, не існавала. Пры гэтым у Ігара былі два браты і дзьве сястры. І Ганчар, і Гермянчук усяго дамагліся ў жыцьці выключна і толькі праз свае здольнасьці, ім не было на каго спадзявацца нават у мінімальнай ступені. Магчыма, ад гэтага — такая ўвага вопратцы.

Але адметнасьцю Герменчука была глыбокая нацыянальная сьвядомасьць, менавіта ад яго яшчэ ў студэнцтве я ўпершыню пачуў імёны некаторых дзеячоў беларускага руху пэрыяду БНР.

Студэнты журфаку Сяргей Астраўцоў, Ігар Гермянчук, ззаду з цыгарэтай - Сяргей Дубавец, на занятках вайсковай катэдры БДУ. Пачатак 1980-х
Студэнты журфаку Сяргей Астраўцоў, Ігар Гермянчук, ззаду з цыгарэтай - Сяргей Дубавец, на занятках вайсковай катэдры БДУ. Пачатак 1980-х

Зь Ігарам на журфаку мы былі на адным курсе і нават нейкі час жылі ў адным блёку (два пакоі, аб’яднаныя агульным калідорам) у інтэрнаце на Кастрычніцкай. Ён быў старэйшы толькі на год — але ў юнацкім узросьце гэта адчувальная розьніца, тым больш што ён адслужыў у войску. Апошні раз разам мы былі на вайсковых зборах пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту ў ліпені 1994-га — і калі Сяргей Дубавец атрымаў тэлеграму пра сьмерць Уладзімера Караткевіча, мы яго памянулі разам зь Сяргеем і Ігарам, зачыніўшыся ў «ленінскім пакоі» казармы.

Наступны раз мы зь Ігарам убачыліся толькі праз шэсьць гадоў, калі абодва былі абраныя дэпутатамі, яшчэ перад першай сэсіяй. Вось тут ужо нацыянальны балянс — як мне тады падалося — быў зьменены ў іншы бок. Я працаваў у часопісу «Вожык» пад кіраўніцтвам прагрэсіўнага Валянціна Блакіта (Болтача), які скрозь пальцы глядзеў на маю актыўнасьць у БНФ, а Ігар — у прадстаўніцтве ўсесюзнага агенцтва АПН і ў дзейнасьці Народнага Фронту актыўнага ўдзелу ня браў (пэўна, гэтага вымагалі ўмовы агенцтва). Аднак Ігар адразу ўвайшоў у фракцыю БНФ, а неўзабаве і ўзначаліў рэдакцыю «Свабоды» — газэту яму перадаў Сяргей Дубавец, які паехаў у Вільню аднаўляць «Нашу Ніву».

Гермянчук быў рэдактар ад Бога, а «Свабода» — самай папулярнай незалежнай газэтай, калі вымяраць накладам (да 100 тысяч асобнікаў), і самым сьмелым выданьнем краіны, калі ацэньваць вастрыню публікацый. Менавіта Герменчуку асобы, блізкія да найвышэйшых эшалёнаў улады, перадавалі інфармацыю пра карупцыю ў гэтых самых эшалёнах — і Ігар не баяўся яе друкаваць.

Часам казалі, што яго прыкрывае дэпутацкі статус, інакш бы даўно зь ім расправіліся, а газэту закрылі. У гэтым была толькі частка праўды — статус дапамагаў у здабываньні інфармацыі. Але былі і спробы генэральнай пракуратуры прыцягнуць Герменчука да крымінальнай адказнасьці (не набралася належнай колькасьці дэпутацкіх галасоў, каб пазбавіць яго імунітэту), быў і стрэл у акно дома Ігара ў Калодзішчах, гучалі і ананімныя пагрозы. Якраз у 1993 годзе ішоў судовы працэс над «Свабодай» — дзяржсакратар Генадзь Данілаў судзіўся з журналістам Аляксандрам Старыкевічам.

Але Гермянчук не здаваўся. Я перакананы, што ў 1992–1995 гадах «Свабода» была адзінай газэтай, якую калі не чыталі, дык абавязкова гарталі ўсе найвышэйшыя кіраўнікі краіны, усе члены ўраду і ўсе дэпутаты. Калі газэту дастаўлялі ў кіёск Вярхоўнага Савету — яна ляжала перад кожным дэпутатам. Часам Ігар сам уносіў у Авальную залю стос і раздаваў, і тады на пару хвілінаў праца парлямэнту была паралізаваная — усе незалежна ад партыйнай прыналежнасьці праз галовы суседзяў цягнуліся па нумар.

Значную частку тэкстаў у газэце Ігар пісаў сам (звычайна — пад псэўданімамі Пятро Панкратовіч ці Мікола Грынявіцкі), працаваў у рэдакцыі і іншы мой аднакурсьнік — Сяргей Астраўцоў, амаль у кожным нумары былі матэрыялы Алеся Дашчынскага і Алега Грузьдзіловіча, зь якімі праз гады мы будзем працаваць разам у Беларускай службе Радыё Свабода. З публікацый у Свабодзе пачыналі Паўлюк Быкоўскі, Аляксандар Старыкевіч, Віталь Цыганкоў, якія потым будуць тварамі беларускай незалежнай журналістыкі.

Змаганьне за этэр

Мае абавязкі каардынатара апазыцыі, адказнага ў тым ліку і за сувязь з прэсай, не прыносілі мне аніякіх цяжкасьцяў, бо добрая палова маіх сяброў была журналістамі, а з большасьцю акрэдытаваных пры Вярхоўным Савеце журналістаў у мяне былі добрыя адносіны.

Мы рэгулярна праводзілі прэсавыя канфэрэнцыі, звычайна ў Доме ўраду ці ў будынку Вярхоўнага Савету па Карла Маркса. З 1993-га, калі дзякуючы намаганьням дэпутаткі Менскага гарадзкога савету Галіны Вашчанкі БНФ атрымаў памяшканьне на Варвашэні, 8 — і ў сядзібе Фронту. Звычайна весьці іх даводзілася мне, зрэдку — Ігару Герменчуку. З журналістаў найбольш актыўнымі былі Пётра Васілеўскі зь «Літаратуры і мастацтва», Алесь Ліпай зь БелаПАНу, супрацоўніца рэдакцыі вяшчаньня на замежжа Беларускага радыё Натальля Баўкалава, карэспандэнты Радыё Свабода Галіна Айзэнштадт і Юры Дракахруст, Леанід Сьвірыдаў з расейскага тэлебачаньня, уласны карэспандэнт маскоўскай газэты «Труд» Сяргей Ваганаў, Уршуля Мікалайчык з польскага агенцтва ПАП, Цэзары Галіньскі з «Газэты выборчай».

Хачу назваць і імёны тых, каго вельмі рэдка можна ўбачыць на фатаздымках з акцыяў БНФ — бо яны самі рабілі гэтыя здымкі: Сяргей Грыц, Уладзімер Панада, Сяргей Плыткевіч.

Мітынг ля Опэрнага тэатру. 1995. Зьлева направа: Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Уладзімер Кармілкін, Зянон Пазьняк, Юры Хадыка
Мітынг ля Опэрнага тэатру. 1995. Зьлева направа: Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Уладзімер Кармілкін, Зянон Пазьняк, Юры Хадыка

І вялікім шчасьцем цяперашніх ды будучых дасьледчыкаў найноўшай гісторыі лічу тое, што актывіст Фронту, былы вайсковец Уладзімер Кармілкін на ўсе мерапрыемствы (мітынгі, прэсавыя канфэрэнцыі, пасяджэньні Соймаў) браў фотаапарат і магнітафон. Большая частка фатаздымкаў у гэтай кнізе таксама належаць Кармілкіну.

Аднойчы віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі прачытаў дэпутатам апазыцыі лекцыю пра радовішчы карысных выкапняў на тэрыторыі Беларусы (ад нафты да мінэральнай вады) — гэта было адкрыцьцём, што краіна наша зусім ня бедная на прыродныя рэсурсы. Я выклаў тэзісы выступу акадэміка ў прэс-рэлізе, разаслаў па рэдакцыях — некаторыя незалежныя выданьні потым скарысталі гэта ў сваіх публікацыях («Советская Белоруссия» ды іншыя саўмінаўскія газэты, як звычайна, праігнаравалі). З таго часу прэс-рэлізы на розныя тэмы я рабіў рэгулярна.

Ігар Гермянчук, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык на сустрэчы ў Акадэміі навук. Фота Ўл. Кармілкіна
Ігар Гермянчук, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык на сустрэчы ў Акадэміі навук. Фота Ўл. Кармілкіна

Ну і бадай самае важнае і самае цяжкае, чым даводзілася займацца — жывыя тэлевізійныя этэры дэпутатаў апазыцыі.

Мы ведалі, што такія перадачы маюць вялікую, бадай што мільённую аўдыторыю. Ведалі гэта і ў Саўміне, і таму былі незацікаўленыя ў тым, каб мы атрымлівалі этэр.

Але тут быў адзін нюанс. Існаваў Закон аб статусе народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь (дарэчы, менавіта так мы называліся юрыдычна — у прававым сэнсе паняцьця «дэпутат Вярхоўнага Савету» да моманту прыняцьця новай Канстытуцыі ў сакавіку 1994 году. Але гэтае вызначэньне — «народны» — падаецца мне занадта прэтэнцыёзным, таму я ўжываю больш звыклы для чытача тэрмін). Паводле закону, дэпутатам гарантаваўся доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Але да якіх канкрэтна — тых, якія выдаваліся на тэрыторыі ягонай выбарчай акругі, кшталту раённай газэты, ці абласных, ці агульнанацыянальных — у законе вызначана не было.

Зразумела, сама па сабе такая гарантыя ў дэмакратычнай краіне выглядае даволі сумнеўна і нават абсурдна: а што калі раптам кожны дэпутат парлямэнту пажадае выступіць у нейкай газэце ці на нейкім тэлевізійным канале? У грамадзтвах з трывалымі дэмакратычнымі традыцыямі, з канстытуцыйнымі гарантыямі свабоды слова і дзейнасьці незалежнай прэсы такія гарантыі і непатрэбныя: сродкі масавай інфармацыі самі зацікаўленыя ў інфармацыі, якая важная для грамадзтва, пазыцыя дэпутата ці партыйнага лідэра, калі яна вартая ўвагі, будзе пададзеная ў прэсе без усялякага прымусу.

Але ў тым часе, ва ўмовах манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі, такая норма закону безумоўна была на карысьць дэмакратызацыі грамадзтва — бо іншым шляхам мы дамагчыся доступу да таго самага тэлеэтэру не маглі.

І гэтую няпэўнасьць заканадаўчага радка я імкнуўся выкарыстаць напоўніцу: калі гарантаваны доступ да СМІ — выконвайце закон.

За шэсьць гадоў кадэнцыі Вярхоўнага Савету мы атрымалі ня больш дзясятка выступаў у жывым тэлеэтэры — я маю на ўвазе менавіта выступы прадстаўнікоў апазыцыі, а ня ўдзел асобных дэпутатаў у нейкіх тэматычных «круглых» сталах ці паўхвіліннае інтэрвію ў інфармацыйным выпуску.

У часе жывых этэраў мы выкладалі або нашу ацэнку палітычнай сытуацыі ці нейкай падзеі, або прапановы па нейкай тэме (так, у верасьні 1993-га — па праблеме энэрганосьбітаў).

Самым важным быў выступ увечары 23 жніўня 1991 году, напярэдадні надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету, калі мы заклікалі людзей прыйсьці на плошчу і падтрымаць апазыцыю ў змаганьні за незалежнасьць. Гэтага этэру мне якраз не давялося доўга дамагацца — на пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету мы запатрабавалі этэр, і нам яго адразу далі. Падобнае адбылося і ў верасьні 1993-га, калі Шушкевіч, абураны паводзінамі кіраўніцтва Саўміну (яны праігнаравалі пасяджэньне) у адказ на маю просьбу распарадзіўся даць нам жывы тэлеэтэр у той самы дзень.

Але звычайна даводзілася прыносіць падпісаны групай дэпутатаў ліст кіраўніку Дзярждэлерадыё Аляксандру Сталярову, якога я ведаў яшчэ па Віцебску, дзе ён быў загадчыкам сэктару друку абкаму партыі. Ён адразу мяняўся ў твары, уздыхаў, пачынаў адгаворваць, спасылацца на занятасьць вяшчальнай сеткі, я ў адказ апэляваў да закону аб статусе дэпутата. Ён ведаў, а я разумеў, што ў выпадку адмовы ніякай адказнасьці Сталяроў не панясе — у законе адказнасьць не была прапісаная. Нічым ня скончацца і звароты ў пракуратуру. Але будуць выступы ў «Розным» на сэсіях, артыкулы ў «Народнай газэце», словам, псаваньне нэрваў.

Часьцей за ўсё са Сталяровым я знаходзіў кампраміс, і мы, хай і не адразу, атрымлівалі 40–50 хвілінаў жывога тэлеэтэру. З наступным, прызначаным ужо прэзыдэнтам, кіраўніком тэлебачаньня гэта ўжо было немагчыма.

Недзе ў 1992–1993 гадах незалежныя журналісты падрыхтавалі першы ў краіне даведнік «Хто ёсьць хто ў Беларусі», дзе прадставілі партрэты палітыкаў (выданьне было неафіцыйным і ананімным). Я запомніў пра сябе такія радкі: «Предан Зенону Позняку, хотя и является самым независимым в его окружении. Похоже, что общедемократические ценности для него выше национальных».

Першае было праўдай, наконт другога — ня ведаю (незалежнасьць у палітыцы — катэгорыя адносная). Ну а трэцяе не адпавядала сапраўднасьці — нацыянальныя каштоўнасьці для мяне былі нагэтулькі ж дарагія, як і дэмакратычныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG