Пракуратура Савецкага раёну Менску падала апэляцыйны пратэст на рашэньне суда па справе Аркадзя Ізраілевіча супраць недзяржаўнай газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Пракуратура просіць адмяніць рашэньне суда Савецкага раёну Менску ад 10 верасьня 2018 году паводле пазову Аркадзя Ізраілевіча да выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства «Час навін» (выдаўца газэты «Новы час») аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі і накіраваць справу на новы разгляд.
Дакумэнт за подпісам намесьніка пракурора Савецкага раёну Менску Загароўскага 18 верасьня быў накіраваны судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч праз суд патрабаваў прыцягнуць да адказнасьці газэту «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына за нібыта зьнявагу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай стала журналісцкае расьсьледаваньне пра будаўніцтва пад Менскам побач з Курапатамі скандальна вядомага рэстараннага комплексу «Поедем поедим».
На думку Ізраілевіча, з артыкулаў «Новага часу» вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты. Ізраілевіч даводзіў, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабаваў праз суд апублікаваць зьняпраўджаньне і спагнаць зь незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў і яшчэ 1 тысячу рублёў зь Дзяніса Івашына за «маральную шкоду».
10 верасьня Савецкі раённы суд Менску, разгледзеўшы справу, не задаволіў пазоў Ізраілевіча і прызначыў спагнаць зь яго 600 рублёў на карысьць газэты і журналіста для кампэнсацыі паслугаў адвакатаў. Пазоў Аркадзя Ізраілевіча разглядала судзьдзя Вераніка Абрамовіч. Публіка ў судзе сустрэла рашэньне судзьдзі авацыямі.