Адзін зь пікетаў каля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае
Актывісты, якія чацьверты месяц пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим», адкрытую каля Курапатаў, зьвярнуліся да кіраўніка ўраду Беларусі Сяргея Румаса.
Зварот агучаны на прэсавай канфэрэнцыі ў Курапатах. Як сказаў Свабодзе сустаршыня БХД Павал Севярынец, галоўнае ў звароце — патрабаваньне закрыць рэстарацыю «Поедем поедим», правесьці разьбіральніцтва і прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, якія паспрыялі таму, каб гэтая ўстанова зьявілася ў ахоўнай зоне мэмарыялу Курапаты.
«Да звароту на імя спадара Румаса мы далучылі лісты, якія раней накіроўвалі наконт гэтай праблемы ў Камітэт дзяржаўнага кантролю ды ў іншыя дзяржаўныя ўстановы», — паведаміў Павал Севярынец.
Абаронцы Курапатаў гатовыя пайсьці на асабісты прыём да старшыні ўраду, калі ў належны тэрмін не атрымаюць адказу.
Актывісты агучылі сьпісы датычных да ўзьнікненьня і працы рэстарацыі «Поедем поедим» асобаў, фірмаў і арганізацыяў. Грамадзкасьці праз сацыяльныя сеткі прапануецца іх байкатаваць.
«У сьпісе 13 чыноўнікаў, 12 уласьнікаў і супрацоўнікаў рэстарацыі, а таксама 7 арганізацыяў — дастаўцаў прадуктаў. Таксама вырашылі апублікаваць у сацыяльных сетках нумары аўтамабіляў, якія прыяжджалі ў рэстарацыю. Паводле назіраньняў, гэта дзейсны крок: большасьць тых, хто раз патрапіў у такі сьпіс, зноў туды не прыяжджаюць», — мяркуе Павал Севярынец.
Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў адбываецца з пачатку чэрвеня.
Паводле рашэньня агульнага сходу абаронцаў Курапатаў, які прайшоў у пачатку верасьня, пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» працягнецца прынамсі да Дзядоў, якія прыпадаюць на канец лістапада.