«Чытайце наш сайт» і «пакажыце дакумэнты, што маеце паўнамоцтвы такое патрабаваць».
На сайце Petitions.by апублікаваны адказ намесьніка міністра аховы здароўя Беларусі Вячаслава Шылы на пэтыцыю з патрабаваньнем адкрытага расьсьледаваньня сытуацыі вакол ужываньня ў Беларусі незарэгістраваных прышчэпак «Эўпэнта».
Пэтыцыя зьявілася пасьля публікацыі на сайце «Ежедневник» расьсьледаваньня аб «Эўпэнце», якую ўжывалі ў Беларусі без рэгістрацыі. Міністэрства здароўя сьцьвярджае, што прышчэпка прэкваліфікаваная Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя, таму яе можна было ўжываць у Беларусі. Увага да прышчэпкі была надзвычайнай, бо пасьля ўжываньня прышчэпкі памерлі два дзіцяці (афіцыйна сьцьвярджаецца, што ў гэтым не вінаватыя прышчэпкі).
У адказе на пэтыцыю, якую падпісалі больш за 2200 чалавек, Вячаслаў Шыла паведамляе, што на сайце Міністэрства аховы здароўя ёсьць тры навіны пра «Эўпэнту» (адна пра брыфінг аб сытуацыі з прышчэпкай, на якім выкарыстаньне незарэгістраванай вакцыны растлумачылі «надзвычайнай сытуацыяй», і дзьве навіны пра візыты прадстаўнікоў фармакалягічных кампаніяў).
Дадаткова ён інфармуе, што «да электронных зваротаў, пададзеных прадстаўнікамі заяўнікаў, мусяць быць далучаныя электронныя копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іхныя паўнамоцтвы».
Пэтыцыю таксама накіроўвалі ў Сьледчы камітэт — той раней паведамляў, што праверыць парадак закупкі «Эўпэнты» і паходжаньне сэртыфікацыі.