Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскім вайскоўцам хочуць забараніць пісаць у сацсеткі пра сябе і службу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праз сацсеткі вайскоўцы расказвалі пра дзедаўшчыну, а таксама давалі матэрыялы для расьсьледаваньня дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне і Сырыі.

Урад Расеі ўнёс у Дзяржаўную думу праект паправак у Закон «Аб статусе вайскоўцаў», у якім салдатам прапануецца забараніць разьмяшчаць у сацыяльных сетках і прэсе зьвесткі пра сябе і сваю службу.

Такія прапановы гучалі ў расейскім Міністэрстве абароны прынамсі зь мінулага году, тады вайскоўцам проста не рэкамэндавалася заводзіць акаўнты ў сацсетках. Цяпер, піша РБК, ім хочуць зусім забараніць разьмяшчаць у сеціве фота, відэа, геатэгі ды іншыя зьвесткі пра характар службы, дзейнасьць вайсковых частакі ведамасную прыналежнасьць. Кантрактніка за парушэньне прапануецца звальняць, салдата на тэрміновай службе — прыцягваць да адказнасьці.

Як адзначае Meduza, калі законапраект будзе прыняты, журналісты стануць меней ведаць пра дзедаўшчыну ў расейскім войску і пра дзеяньні Расеі ва Ўкраіне і Сырыі. Вайскоўцы часта самі публікуюць тое, што іхнае камандаваньне хоча ўтаіць.

Зьвесткі пра дзедаўшчыну даюць у тым ліку самі «дзяды» — вінаватыя ў правапарушэньнях хваляцца фота і відэа нестатутных адносінаў.

Фота вайскоўцаў часта выкарыстоўваюцца ў расьсьледаваньнях дзейнасьці расейскіх войскаў ва Ўкраіне.

Хоць, як кажуць расейскія ўлады, «их там нет», па фота расейскіх вайскоўцаў група Bellingcat ды іншыя падобныя каманды выяўляюць і прысутнасьць, і шляхі салдатаў і тэхнікі. У тым ліку па фота з сацсетак выяўлены маршрут расейскага «Бука», які зьбіў малайзійскі «боінг», і меркаваныя адказныя за гэта.

Расейскія вайскоўцы тым часам ужо публікуюць фота і відэа зь цяперашніх вучэньняў «Восток-2018». Ці караюць іх за гэта, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG