Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачаліся найбуйнейшыя ў гісторыі краіны вайсковыя вучэньні: 300 тысяч вайскоўцаў, 80 караблёў, 36 тысяч бронемашын


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На расейскім Далёкім Усходзе сёньня стартавалі найбуйнейшыя за апошнія дзесяцігодзьдзі вайсковыя вучэньні «Усход-2018», паведамляецца на сайце Міністэрства абароны Расеі.

У манэўрах, якія будуць доўжыцца да 17 верасьня, возьмуць удзел каля 300 тысяч вайскоўцаў, 80 караблёў, 36 тысяч бронемашын, а таксама звыш тысячы самалётаў. Акрамя расейскіх сілаў, у манэўрах удзельнічаюць каля трох з паловай тысяч вайскоўцаў з Кітаю.

Апошні раз вучэньні падобнага маштабу праходзілі ў СССР у 1981 годзе, у іх удзельнічалі вайскоўцы краінаў Варшаўскай дамовы. Тады заходнія дзяржавы ўспрынялі вучэньні як дэманстрацыю сілы і гатоўнасьці да буйной наступальнай апэрацыі.

Галоўная мэта вучэньняў «Усход-2018», як заявілі ў Мінабароны, — праверыць узровень падрыхтоўкі органаў вайсковага кіраваньня пры плянаваньні і правядзеньні перагрупаваньня войскаў на вялікія адлегласьці.

У NATO лічаць, што расейскія вайсковыя вучэньні «Усход-2018» — гэта адпрацоўка ўдзелу ў шырокамаштабным канфлікце.

Ва Ўладзівастоку з 11 па 13 верасьня праходзіць Усходні эканамічны форум, у якім бярэ ўдзел Уладзімір Пуцін. Крэмль раней паведаміў, што прысутнасьць замежных лідэраў на вучэньнях «Усход-2018» разам з Уладзімірам Пуціным не плянуецца.

Беларусы ня ўдзельнічаюць у расейскіх вучэньнях, а праводзяць свае

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў паведаміў Свабодзе, што ані беларускія вайскоўцы, ані назіральнікі ў расейскіх вучэньнях ня ўдзельнічаюць.

Тым часам у Беларусі 6–12 верасьня праводзяцца ўласныя камандна-штабныя вучэньні беларускіх узброеных сілаў. Тэма вызначана з улікам «узьнікненьня ва ўсясьветнай практыцы новых выклікаў і пагроз ваеннай бясьпецы дзяржавы». Мэта вучэньняў — «праверыць узровень навучаньня органаў кіраваньня, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў і іх здольнасьць кіраваць вылучанымі сіламі і сродкамі пры выкананьні задач па прызначэньні».

У іх бяруць удзел каля 7500 вайскоўцаў, 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі і каля 30 самалётаў і верталётаў. Будуць задзейнічаны шэсьць палігонаў, а таксама раёны і ўчасткі мясцовасьці ў Берасьцейскай, Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях. Вучэньні кантралююць вайскоўцы з Латвіі, Літвы і Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG