Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі закрылі лягер, дзе дзяцей навучалі расейскія вайсковыя інструктары


Міністэрства ўнутраных спраў Сэрбіі закрыла лягер для падлеткаў і моладзі, у якім выкладчыкамі і інструктарамі былі сэрбскія і расейскія вэтэраны войнаў.

Кіраўнік сэрбскага МУС Нэбойша Стэфанавіч заявіў, што лягер зачынілі «з прычыны магчымага злоўжываньня дзецьмі і занепакоенасьці грамадзкасьці». Усе пабудовы ўжо дэмантавалі.

На сытуацыю адрэагаваў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч. Паводле яго, ваенныя вучэньні дзяцей — гэта «не Сэрбія будучыні». Вучыч адзначыў, што ўлада ня будзе трываць гэтага. А ў Міністэрстве абароны адзначылі, што ня маюць дачыненьня да арганізацыі лягеру.

Лягер на гары Злацібор адкрылі 8 жніўня для «патрыятычнага выхаваньня». У ім навучалі вайсковай справе больш за 40 дзяўчат і юнакоў ад 14 да 23 гадоў.

Прадстаўнік Саюзу вэтэранаў Сэрбіі Жэлька Вукеліч запэўніваў, што гаворка не ідзе пра мілітарызацыі моладзі. Ён адзначыў, што 10 дзяўчат і 34 юнакі прыбылі ў лягер добраахвотна i са згоды бацькоў. Паводле яго, яны карысталіся плястыкавымі стрэльбамі і алюмініевымі пісталетамі.

Па словах Вукеліча, стварэньне лягеру падтрымала пасольства Расеі ў Сэрбіі — летнюю школу наведаў аташэ расейскай амбасады.

Ідэя арганізаваць лягер у Сэрбіі ўзьнікла ў траўні, калі 30 юнакоў з Сэрбіі знаходзіліся ў расейскім лягеры, кажа Вукеліч.

Згаданы лягер арганізавала расейская ўльтранацыяналістычная арганізацыя E.N.O.T. Corp. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі, у прыватнасьці, прывозілі дапамогу сэпаратыстам у Данбасе.

Жэлька Вукеліч кажа, што лягеры з падобнай праграмай ладзяць таксама ў Вугоршчыне, Бэльгіі і Вялікабрытаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG