Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН занепакоеная магчымым ваенным абвастрэньнем у Сырыі


Пасьля расейскіх авіяўдараў па правінцыі Ідліб 4 верасьня
Пасьля расейскіх авіяўдараў па правінцыі Ідліб 4 верасьня

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый выказала занепакоенасьць, што сырыйскія і расейскія сілы могуць у бліжэйшы час пачаць масіўны наступ, што можа справакаваць гуманітарную катастрофу і прывесьці да канфрантацыі з паўстанцамі, якіх падтрымлівае Турэччына.

На працягу тыдня расейскія і сырыйскія сілы нанесьлі некалькі авіяўдараў па цэлях у сырыйскай правінцыі Ідліб.

Як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека, які базуецца ў Вялікай Брытаніі, у пятніцу былі нанесеныя авіяўдары па абʼектах узброенай апазыцыі па тэрыторыі Ідліб.

Правінцыя Ідліб мяжуе з Турэччынай. Цяпер там знаходзяцца дзясяткі тысяч прадстаўнікоў сырыйскай апазыцыі. Паводле ацэнак, сярод іх каля 10 тысяч баевікоў, зьвязаных з «Аль-Каідай». Таксама ў правінцыі пражывае каля трох мільёнаў цывільных — многія зь іх перабраліся ў Ідліб зь іншых частак Сырыі.

4 верасьня расейскія і сырыйскія самалёты пачалі масіраваныя ўдары па абʼектах у Ідлібе і паўночных раёнах правінцыі Хама. Паводле зьвестак сырыйскай выратавальнай арганізацыі «Белыя каскі», ахвярамі авіяўдараў сталі трое мірных жыхароў.

Раней ЗША перасьцерагалі Башара Асада, што адрэагуюць, калі ён будзе выкарыстоўваць хімічную зброю. Меркавана, сырыйскі рэжым ужо зьвяртаўся да такога кроку раней.

7 верасьня вайскоўцы ЗША пачалі раптоўныя вучэньні на поўдні Сырыі ў сувязі з пагрозамі з боку Расеі. Манэўры сталі прамым адказам на заявы Міністэрства абароны Расеі, якое двойчы за тыдзень папярэджвала ЗША аб гатоўнасьці нанесьці ўдары па тых раёнах Сырыі, дзе могуць разьмяшчацца амэрыканскія вайскоўцы.

У ААН і Дзярждэпартамэнце ЗША раней заяўлялі, што асьцерагаюцца гуманітарнай катастрофы ў Ідлібе ў выпадку пачатку наступу. Паводле ААН, каля 800 тысяч мірных жыхароў Ідлібу будуць вымушаныя пакінуць свае дамы ў выпадку маштабных баявых дзеяньняў.

У выніку вайны ў Сырыі з 2011 году ўжо загінулі больш за 400 тысяч чалавек, мільёны засталіся без прытулку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG