Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніца «падземнага ваенгандлю» — расейская зброя на Данбасе


Брытанскі блогер Грэм Філіпс на фоне расейскіх танкаў Т-72Б3
Брытанскі блогер Грэм Філіпс на фоне расейскіх танкаў Т-72Б3

Расія сьцьвярджае, што сэпаратысты «ДНР» і «ЛНР» знайшлі зброю для вайны з украінскімі вайскоўцамі «у шахтах Данбасу». Актывісты і экспэрты даказваюць, што зброю, прычым самую сучасную, пастаўляе на Данбас Расея.​

У пачатку сакавіка Міжнародны суд ААН у Гаазе пачаў разглядаць пазоў Украіны, у якім улады гэтай краіны просяць прызнаць Расею парушальнікам канвэнцый «Аб супрацьдзеяньні фінансаваньню тэрарызму» і «Аб ліквідацыі расавай дыскрымінацыі». Афіцыйны Кіеў лічыць, што гэтыя канвэнцыі Расея парушыла анэксіяй Крыму і вайсковай падтрымкай прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. 7 сакавіка адзін з прадстаўнікоў Расеі на судовым працэсе, дырэктар дэпартамэнту МЗС РФ у пытаньнях новых выклікаў і пагроз Ільля Рагачоў, адказаў на адну з гэтых прэтэнзій Украіны: «Галоўная крыніца зброі, якая апынулася у паўстанцаў — гэта запасы савецкіх часоў, якія былі на тэрыторыі Ўкраіны. Большая частка гэтых запасаў была пакінута ў шахтах Данбасу і апынулася ў паўстанцаў. Акрамя таго, большую частку пакінула пры адступленьні ўкраінская армія».

Склады, пра якія кажа Рагачоў, на Данбасе сапраўды ёсьць. Дакладней, гэта адзін падземны склад: у сяле Параскавееўка Данецкай вобласьці. У пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе сэпаратысты некалькі разоў спрабавалі яго штурмаваць, але захапіць так і не змаглі. Якой зброяй насамрэч ваююць прарасейскія сэпаратысты на Данбасе, добра вядома — паводле дадзеных расьсьледаваньняў міжнародных груп валанцёраў і экспэртаў, якія вывучаюць выкладзеныя ў інтэрнэт фатаграфіі і відэазапісы з зоны канфлікту. Пра пяць самых сучасных відаў расейскіх узбраеньняў — у матэрыяле праекту «Донбасс.Реалии».

Танк Т-72Б3: «засьвечаны» ў Ілавайску

15 лютага 2015 году. Раён населенага пункту Дэбальцава. Брытанскі блогер Грэм Філіпс, які актыўна падтрымлівае «Наваросію», здымае свой чарговы ролік. І нават не падазрае, што адначасова фіксуе важкі доказ ўдзелу Расеі ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Сваё відэа ён запісвае на фоне трох танкаў Т-72БЗ, якія праяжджаюць міма.

Т-72Б3 — асноўны баявы танк узброеных сіл Расеі. Абсталяваны 125-мілімэтровай гарматай і кулямётам. На танк усталяваная дынамічная абарона «Кантакт-5». Ад папярэдніх варыянтаў мадэрнізацыі Т-72Б3 адрозьніваецца новай сыстэмай кіраваньня агнём зь беларускім прыцэлам «Сосна-У». У расейскія падразьдзяленьні паступіў у 2012 годзе. Ва Ўкраіну ніколі не пастаўляўся.

Танк Т72Б3
Танк Т72Б3

На відэа Філіпса досыць выразна бачны характэрны прыцэл танка, які вонкава адрозьнівае яго ад любых іншых мадыфікацый Т-72. Але гэта далёка не адзіны выпадак, калі гэты танк трапіў у аб’ектыў камэры на Данбасе.

Канец жніўня 2014 году. Раён Ілавайску. Менавіта тут новенькія расейскія Т-72Б3 «засьвяціліся» ўпершыню. Украінскія вайскоўцы падбілі некалькі такіх танкаў, а адзін захапілі яшчэ ў працоўным стане. У журналістаў зьяўляецца магчымасьць дэталёва зьняць усё яго начыньне, у тым ліку — той самы прыцэл «Сосна-У», ужо разьбіты ў выніку абстрэлу.

Разьбіты прыцэл танка Т-72Б3
Разьбіты прыцэл танка Т-72Б3

Падрабязна гісторыю трафэя вывучыў украінскі журналіст, галоўны рэдактар сайту censor.net Юры Бутусаў. «На гэтым танку танкісты 17-й танкавай брыгады арміі Ўкраіны і палкоўнік Яўген Сідарэнка ўзначалілі прарыў калёны нашых войскаў з-пад Ілавайску ў раёне Мнагапольля. Танк зрабіў прарыў, але потым быў падбіты і пакінуты экіпажам», — кажа Бутусаў у інтэрвію Радыё Свабода. Сам палкоўнік Сідарэнка распавядаў журналістам, што ў танку былі знойдзеныя паперы, якія сьведчаць пра яго расейскае паходжаньне: «Мы выявілі дакумэнты, што танк належыць вайсковай частцы Расейскай Фэдэрацыі № 54096 — гэта 8-я асобная мотастралковая брыгада, 3-я танкавая рота, камандзір роты — Рашытаў А.Р., камандзір танка — малодшы сяржант Ганчароў».

БПМ-97: ваюе ня толькі на Данбасе, але і ў Сырыі

30 сьнежня 2014 году інфармацыйнае агенцтва News Front, падкантрольнае прарасейскім сэпаратыстам на Данбасе, апублікавала відэа аб маштабных вучэньнях, якія пачаліся ў самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспубліцы». Сярод іншай вайсковай тэхнікі ў кадр трапіў бранявік БПМ-97.

Расейскі бранявік БМП-97 на вайсковых вучэньнях пад Луганскам
Расейскі бранявік БМП-97 на вайсковых вучэньнях пад Луганскам

БПМ-97 — расейскі лёгкабраняваны аўтамабіль. Выпускаўся ў дзьвюх мадыфікацыях — «Выстрел» і «Дозор». Выкарыстоўваецца падразьдзяленьнямі сухапутных войскаў Расейскай Фэдэрацыі. У залежнасьці ад мадыфікацыі, на машыну могуць ўсталёўвацца кулямёты КПВТ або «Корд». Прыняты на ўзбраеньне ў Расеі ў 2009 годзе. Паставак ва Ўкраіну не было.

БПМ-97
БПМ-97

Чарговы раз камэры зафіксавалі расейскія БПМ-97 у калёне вайсковай тэхнікі на выезьдзе з Луганску ў студзені 2015 году. Выпадковымі сьведкамі сталі мясцовыя жыхары. Удзел у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны — ня першая замежная камандзіроўка гэтых бронемашын. Актывісты міжнароднай групы InformNapalm, якія займаюцца пошукам доказаў прысутнасьці расійскіх войскаў на Данбасе, знайшлі фота, якія пацьвярджаюць: расейскія БПМ-97 былі заўважаныя і ў самаабвешчанай Абхазіі, а зусім нядаўна — у Сырыі:

Расейскі БПМ-97 у Сырыі
Расейскі БПМ-97 у Сырыі

«Гэтыя машыны ў Сырыі мы ўбачылі пасьля таго, як расейскія спэцназаўцы ўцяклі з Пальміры. Можна сказаць, што яны падаравалі гэтую тэхніку „Ісламскай дзяржаве“», — кажа прадстаўнік InformNapalm Міхаіл Макарук.

РЛС «Аистенок»: вачамі АБСЭ

15 студзеня 2015 году. Данецк. Баявікі дэманструюць прадстаўнікам АБСЭ, сярод якіх намесьнік кіраўніка місіі Аляксандар Хуг, дадзеныя, якія нібыта сьведчаць пра выкарыстаньне ўкраінскай арміяй установак «Град». У кадры — экран партатыўнай прылады і пераносная антэна на ножках. У аб’ектыў камэры трапляе мноства дэталяў, якія дазваляюць пазнаць у гэтай прыладзе яшчэ адну новую расейскую распрацоўку.

Гэта радыёлякацыйная станцыя (РЛС) «Аистенок». Выкарыстоўваецца для вядзеньня контрабатарэйной стральбы і зьнішчэньня агнявых сродкаў праціўніка. РЛС забясьпечвае разьведку агнявых пазыцый на адлегласьці 10 кілямэтраў, выяўленьне рухомай наземнай тэхнікі на адлегласьці да 20 кілямэтраў. Упершыню станцыя была прадстаўлена ў Расеі ў 2008 годзе. Ва Ўкраіну ніколі не пастаўлялася.

РЛС "Аистенок"
РЛС "Аистенок"

На відэа відаць: мужчыны, якія працуюць з РЛС, хаваюць твары ад камэры. Прадстаўнік InformNapalm упэўнены: гэта не мясцовыя, так абыходзіцца з комплексам умеюць толькі адмыслова навучаныя расейскія вайскоўцы. «Гэта верх тупізму. Шчыра. Паказваць тэхніку, якой ніколі не было ва Ўкраіне: яна тут не выраблялася, яна сюды не пастаўлялася. Прытым што гэта высокатэхналягічны комплекс», — адзначае Міхаіл Макарук.

Бесьпілётнік «Форпост»: зьбіты над Вадзяным

21 мая 2015 году. Краматорск. Украінскія вайскоўцы паказваюць журналістам абломкі бесьпілётніка.

Абломкі расейскага БПЛА «Форпост», зьбітага ў Данецкай вобласьці
Абломкі расейскага БПЛА «Форпост», зьбітага ў Данецкай вобласьці

Гэта — расейскі бесьпілётны лятальны апарат (БПЛА) «Форпост», ліцэнзійная копія ізраільскай распрацоўкі пад назвай «Шукальнік» (IAI Searcher Mk II). Асноўная задача — вядзеньне паветранай выведкі. Можа выкарыстоўвацца для навядзеньня і карэктаваньня агню артылерыі. Размах крыла «Форпоста» — 7 мэтраў, даўжыня апарата — 5 мэтраў. Дзейнічае на адлегласьці больш за 200 кілямэтраў. Выпускаецца ў Расеі, у Екацярынбургу, з 2012 году. Ва Ўкраіну не пастаўляўся.

БПЛА "Форпост"
БПЛА "Форпост"

Гэты бесьпілётнік зьбілі ў раёне сяла Вадзяное ў Данецкай вобласьці. Дарэчы, украінскім вайскоўцам у гэтым сэнсе пашанцавала больш, чым самім ізраільцянам, якія распрацавалі апарат: у жніўні 2016 году такі самы расейскі «Форпост» заляцеў на тэрыторыю Ізраілю з Сырыі. Ізраільскія вайскоўцы выпусьцілі па ім некалькі ракет, але зьбіць бесьпілётнік не змаглі.

«Форпост», як і іншыя ўзоры складанай тэхнікі, выкарыстоўваецца толькі штатнымі расейскімі падразьдзяленьнямі. Няма ніводнага доказу таго, што расейскае вайсковае кіраўніцтва перадавала кіраваньне гэтым апаратам нізкакваліфікаванаму мясцоваму пэрсаналу«, — тлумачыць дырэктар украінскага інфармацыйна-кансалтынгавага агенцтва Defense Express Сяргей Згурэц.

ЗРК «Панцирь-С1»: езьдзіць па Луганску

8 лютага 2015 году. Луганск. Вуліца Абаронная. Аўтар відэа заўважае вайсковую тэхніку і пачынае здымаць проста з салёна аўтамабіля. Перад вамі — адзін з самых сучасных узораў расейскай вайсковай прамысловасьці.

«Панцирь-С1» — расейскі самаходны зэнітны ракетна-гарматны комплекс (ЗРПК). Спараныя зэнітныя аўтаматычныя ўстаноўкі «Панцирь» выстрэльваюць па дьзве з паловай тысячы куляў за хвіліну. Паміж пускамі ракет праходзіць усяго 1,5 сэкунды — як сьцьвярджае вытворца, тульскае Канструктарскае бюро прыборабудаваньня, гэта сусьветны рэкорд. Таксама на ўзбраеньні комплексу 12 ракет клясы «зямля-паветра». Дальнасьць працы радыёлякацыйнай сыстэмы — 30 кілямэтраў. «Панцирь-С1» у расейскай арміі зьявіўся ў 2008 годзе. Ва Ўкраіну не пастаўляўся.

"Панцирь С-1"
"Панцирь С-1"

Тое, што тэхніка на відэа рухаецца менавіта па Луганску — сумневаў няма. Падчас здымкі комплекс праяжджае пад некалькімі рэклямнымі шчытамі. На адным зь іх — кіраўнік «ЛНР» Ігар Платніцкі.

"Панцирь С-1" на вуліцах Луганску
"Панцирь С-1" на вуліцах Луганску

Паводле вайсковага экспэрта Сяргея Згурца, ва Ўкраіне комплекс «Панцирь-С1» пакінуў ня толькі гэты сьлед. «Прыклад выкарыстаньня гэтага комплексу вядомы, калі зь яго быў зьбіты адзін з украінскіх самалётаў, і гэта прымусіла камандаваньне ўкраінскіх паветраных сіл разглядаць захады па абароне самалётаў ад гэтых комплексаў», — кажа Згурэц.

«На маршы парадны разльік паветрана-касьмічных сіл Расеі. Калёну ЗРПК „Панцирь-С“ узначальвае капітан Іван Бальшакоў. Комплекс „Панцирь“ вырабляюць у горадзе-героі Туле — сталіцы расейскай зброі», — прамаўляе дыктар падчас трансьляцыі усё таго самага маскоўскага Параду перамогі 2010 году.

Валянтэры, якія ўжо тры гады па драбочках зьбіраюць сьведчаньні ўдзелу ўзброеных сіл Расеі ў канфлікце на Данбасе, кажуць: падобных прыкладаў нямала. Толькі InformNapalm прадставіў доказы знаходжаньня на Данбасе 42 тыпаў тэхнікі, якая ніколі не пастаўлялася ва Ўкраіну і не выраблялася ў гэтай краіне. Актывісты і валянтэры групы працягваюць зьбіраць і доказы прысутнасьці на Данбасе кадравых расейскіх вайскоўцаў: «Больш за 70 вайсковых фармаваньняў з Расеі прыбылі ва Ўкраіну. Геаграфія пачынаецца з Курыльскіх астравоў, Паўночнага флёту, і заканчваецца вайсковымі падразьдзяленьнямі, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Грузіі і ў Прыднястроўі», — кажа прадстаўнік InformNapalm Міхаіл Макарук. Паводле яго, матэрыялы групы ўжо запрасіў украінскі бок — для праверкі і падмацаваньня доказнай базы пры разглядзе пазову ў Міжнародным судзе ААН у Гаазе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG