Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat знайшоў «Арыёна» — афіцэра ГРУ, які адказваў за «Бук», што зьбіў самалёт над Данбасам


Паводле іхных зьвестак, афіцэр ГРУ Алег Іваньнікаў летам 2014 году быў датычны да транспартаваньня ўстаноўкі «Бук» празь мяжу Расеі на тэрыторыю, якую кантралююць сэпаратысты.

Група Bellingcat і расейскае выданьне The Insider прадставілі на прэс-канфэрэнцыі ў Гаазе вынікі сумеснага расьсьледаваньня. Журналістам удалося высьветліць, хто стаіць за пазыўным «Арыён». Расьсьледаваньне таксама апублікаванае на сайце The Insider.

«Арыён» фігуруе на запісах перахопленых тэлефонных размоваў, апублікаваных Міжнароднай сьледчай групай (JIT) расьсьледаваньня катастрофы «Боінга» на ўсходзе Ўкраіны, якую ўзначальваюць Нідэрлянды.

Як падкрэсьлілі сьледчыя Bellingcat, на перахопленых размовах «Арыён» наўпрост кажа: «У нас ёсьць «Бук», — і кажа, што цяпер у тых, у каго ён ёсьць, зьявілася магчымасьць зьбіваць самалёты.

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ідэнтыфікавалі афіцэра, які камандаваў у Луганскай вобласьці летам 2014 году і адказваў у тым ліку за дастаўку вайсковай тэхнікі на ўсход Украіны. Паводле іх, менавіта афіцэр ГРУ Алег Іваньнікаў мае дачыненьне да транспартаваньня ўстаноўкі «Бук» празь мяжу.

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з галоўным рэдактарам The Insider Раманам Дабрахотавым. Ён распавёў, як журналістам удалося аднавіць біяграфію афіцэра і якія заданьні ён выконваў да пачатку канфлікту ва Ўкраіне.

— У першай частцы нашага расьсьледаваньня мы знайшлі аднаго з галоўных фігурантаў, абвешчаных у вышук Міжнароднай сьледчай групай — Мікалая Фёдаравіча Ткачова. Афіцэр з пазыўным «Дэльфін» кіраваў баявымі дзеяньнямі ва Ўкраіне з тэрыторыі Расеі.

"Дельфин", "Орион", "Хмурый", "Бурят": эти люди, вероятно, причастны к катастрофе малайзийского "Боинга"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:51 0:00

Але быў другі цікавы фігурант, абвешчаны ў вышук JIT, «Арыён», і мы бачылі, што ён ажыцьцяўляе практычна ўсю апэратыўную дзейнасьць з тэрыторыі Ўкраіны. Гэта быў ня проста чалавек, які неяк зьвязаны з «Боінгам», гэты чалавек адказваў за ўсе баявыя дзеяньні ў Луганскай вобласьці ў 2014 годзе. Ён непасрэдна аддаваў распараджэньні Ігару Платніцкаму (на той момант на чале сэпаратыстаў «ЛНР». — НВ). Ён кіраваў дастаўкай вайсковай тэхнікі з Расеі. Гэта адна з ключавых фігур ня толькі па справе аб зьбітым «Боінгу», але і ў цэлым чалавек, які мае дачыненьне да ўварваньня ва Ўкраіну.

Усё, што пра яго было вядома, — што да яго зьвяртаюцца як «Андрэй Іванавіч», і што ў яго дзіўны жаночы голас, зусім не падобны на голас вайскавода. Знайсьці яго рэальныя дадзеныя дапамаглі выпадковасьць і шанцунак.

СБУ апублікавалі яго мабільны тэлефон. Было паказана, што ён належыць да галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня (ГРУ). Але СБУ вельмі часта ўсіх аўтаматычна залічвае да ГРУ, таму само па сабе гэта нічога ня значыла.

Спачатку мы ведалі толькі гэты нумар і імя ды імя па бацьку, якія маглі быць несапраўднымі — яны і апынуліся несапраўднымі. Ёсьць дзьве аплікацыі, якія абменьваюцца кантактамі сярод усіх, хто ўсталяваў гэтыя аплікацыі — Truecaller і CallerID. У адной зь іх мы выявілі, што ёсьць чалавек, пазначаны як «Андрэй Іванавіч ГРУ», гэта значыць супадала імя-імя па бацьку і месца службы.

Магло быць шмат «Андрэяў Іванавічаў» з ГРУ, нам гэта нічога не давала. Але потым мы прабілі гэты тэлефон праз пашукавікі. Высьветлілася, што гэты чалавек жыве ў Маскве і замаўляе нейкія тавары з крамаў. Адзін з адрасоў для замоваў супадаў з адрасам штаб-кватэры ГРУ ў Маскве.

Паводле новага тэлефону, які ў нас зьявіўся, мы выявілі яго хатні адрас у Маскве, і даведаліся яго сапраўднае імя: Алег Іваньнікаў, яго ўзрост, знайшлі фатаграфію і высьветлілі, што яго сын жыве ў Швайцарыі.

Яшчэ адзін цікавы факт: імя, якім ён называўся ва Ўкраіне, «Андрэй Іванавіч Лапцеў», супадае зь імем чалавека, які быў у 2007-2008 гадах міністрам абароны ў Паўднёвай Асэтыі. Расейскі ГРУшнік быў міністрам умоўна-незалежнай дзяржавы — гэта само па сабе цікава.

Мы зьвязаліся зь людзьмі, якія асабіста ведалі таго «Андрэя Іванавіча Лапцева», які быў міністрам абароны ў Паўднёвай Асэтыі. Яны пацьвердзілі, што ў яго быў высокі голас, пацьвердзілі іншыя факты яго біяграфіі. Так мы пераканаліся, што Андрэй Іванавіч з Украіны і Андрэй Іванавіч з Паўднёвай Асэтыі — гэта той самы чалавек.

Алег Іваньнікаў нарадзіўся ў ГДР, праходзіў вайсковую службу, гэта прафэсійны вайсковец паводле сямейнай традыцыі, ягоны бацька — выбітны савецкі афіцэр. У 2007 годзе Іваньнікава накіравалі ў Паўднёвую Асэтыю. Ужо пасьля расейска-грузінскай вайны ён вярнуўся ў Маскву, абараніў вельмі сьмешную доктарскую дысэртацыю — там ён у асноўным цытуе Дугіна.

Пасьля накіраваўся ва Ўкраіну, дзе, мяркуючы па ўсім, быў па сутнасьці галоўным прадстаўніком ад Расеі на тэрыторыі Луганскай вобласьці. Менавіта ён кіраваў усімі ваеннымі працэсамі. Ён ня толькі аддаваў указаньні Платніцкаму, але, як многія лічаць, спрыяў таму, каб Платніцкі стаў кіраўніком «ЛНР», пра што многія потым пашкадавалі.

Іваньнікаў непасрэдна кіраваў «Прыватнай вайсковай кампаніяй Вагнэра», і зусім нядаўна зьявіліся сьведчаньні ад аднаго з удзельнікаў гэтай «кампаніі». Ён пацьвердзіў, што «Андрэй Іванавіч» наўпрост даваў указаньні. Гэта адзін з найважнейшых доказаў, што «група Вагнэра» - не прыватная вайсковая кампанія, а адно з падразьдзяленьняў ГРУ, якое выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі ня хочацца сьвяціць свае ўласныя войскі.

Гэты пэрсанаж ня толькі адкрыў нам шмат новай інфармацыі аб тым, як быў зьбіты «Боінг», але і як у цэлым расейскія ўзброеныя сілы ўдзельнічаюць у канфліктах па-за межамі краіны.

Мы зь ім зьвязаліся, каб атрымаць узор яго голасу. Мы пагаварылі зь ім дзьве хвіліны, пераканаліся, што па яго хатнім тэлефоне адказвае той жа самы голас. Той факт, што ў яго вельмі спэцыфічны, жаночы голас, нам вельмі дапамог, бо ў папярэднім выпадку з Ткачовым нам прыйшлося рабіць судовую экспэртызу ў двух розных цэнтрах. Калі б гэтай экспэртызы не было, мы б самі былі не на 100% упэўненыя. Але тут літаральна з двух словаў зразумела, што гэта той самы чалавек.

*****

24 траўня Міжнародная сьледчая група JIT пацьвердзіла дачыненьне 53-й курскай зэнітна-ракетнай брыгады да катастрофы з «Боінгам». Аднак імёны ключавых арганізатараў пастаўкі ракетнай устаноўкі «Бук» ва Ўкраіну яшчэ афіцыйна не названыя сьледзтвам. У 2016 годзе JIT зьвярнулася да грамадзкасьці з заклікам выявіць асобы двух ключавых падазраваных з пазыўнымі «Арыён» і «Дэльфін», менавіта імёны людзей гэтых людзей і выявілі The Insider і Bellingcat.

Цяпер дадзеныя іх расьсьледаваньня павінны афіцыйна праз свае каналы пацьвердзіць сьледчыя. Калі яны пагодзяцца з высновамі расьсьледаваньня, гэта можа стаць падставай для патрабаваньня экстрадыцыі Ткачова і Іваньнікава і прыцягненьня іх да суду на тэрыторыі Нідэрляндаў.​


Аўстралія і Нідэрлянды афіцыйна абвінавацілі Расею ў крушэньні MH17

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG