Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Андрэя Сахарава


Архіўнае фота. Андрэй Сахараў прамаўляе на Першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР, чэрвень 1989
Архіўнае фота. Андрэй Сахараў прамаўляе на Першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР, чэрвень 1989

Падзеі 14 сьнежня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

14 сьнежня 1989 году ад інфаркту памёр Андрэй Сахараў, савецкі дысыдэнт і праваабаронца. Адзін са стваральнікаў першай савецкай вадароднай бомбы, выпрабаваньне якой адбылося ў 1953 годзе. Сахараў узначальваў фонд дапамогі дзецям палітвязьняў і бараніў правы чалавека, за што ў 1975 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім Парлямэнтам у 1988 годзе, — найвышэйшая ўзнагарода Эўрапейскага Зьвязу за праваабарончую дзейнасьць. Сёлета прэмію імя Сахарава атрымалі зьняволеныя журналісты Анджэй Пачобут зь Беларусі і Мзія Амаглабэлі з Грузіі.

Таксама ў гэты дзень

1586 — у Горадні зробленае першае ў гісторыі ВКЛ мэдычнае ўскрыцьцё цела нябожчыка, караля і вялікага князя Стэфана Баторыя

Партрэт Стэфана Баторыя
Партрэт Стэфана Баторыя

1782браты Мангальф’е запусьцілі першы ў сьвеце паветраны шар.

1825 — група рэвалюцыйна настроеных расейскіх афіцэраў у Санкт-Пецярбургу паўстала супраць царызму.

1862 — у Менску было відаць паўночнае зьзяньне. Пазьней Уладзімер Караткевіч назваў гэтую зьяву «прадвесьцем будучай бітвы», маючы на ўвазе паўстаньне Каліноўскага, якое пачалося праз год.

1939 — Савецкі Саюз выключылі зь Лігі Нацыяў за напад на Фінляндыю.

1957 — у газэце «Літаратура і мастацтва» зьявіўся артыкул студэнта факультэту журналістыкі БДУ Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Гэта быў першы ў Беларусі публічны выступ супраць русыфікацыі за амаль 30 гадоў.

Барыс Сачанка
Барыс Сачанка

1993 — антыкарупцыйны даклад дэпутата Аляксандра Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце Беларусі.

2004 — Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала Прэмію за свабоду думкі імя А. Сахарава.

У гэты дзень нарадзіліся

1503Настрадамус, францускі лекар, астроляг і прадказальнік.

1546Тыха Браге, дацкі шляхціц, сёньня найбольш вядомы як адзін зь першых астраномаў у Эўропе.

Тыха Браге
Тыха Браге

1738Ян Мікалай Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1890Іван Гаўрыс, мастак Віцебскай школы, удзельнік руху УНОВІС (з расейскай мовы «Утвердители нового искусства»), ахвяра сталінізму.

1905 Мікалай Дарожкін, беларускі міколяг і фітапатоляг, акадэмік АН БССР.

1912Уладзімер Кароль, беларускі архітэктар, суаўтар праектаў праспэкту Незалежнасьці, манумэнта Перамогі і будынка Галоўпаштамту ў Менску.

У памяці

1799Джордж Вашынгтон, першы прэзыдэнт ЗША.

Партрэт Джорджа Вашынгтана на купюры ў адзін даляр
Партрэт Джорджа Вашынгтана на купюры ў адзін даляр

1941 Эдуард Вольтэр, этнограф, аўтар кнігі «Матэрыялы да этнаграфіі латыскага племені Віцебскай губэрні».

2001 Самсон Пярловіч, паэт, дзяяч беларускага супраціву, вязень ГУЛАГу.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG