Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Борыс: Пачобуту не прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні

абноўлена

Анджэй Пачобут, архіўнае фота
Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Былая палітзьняволеная і актывістка Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, якая знаходзіцца ў Беларусі, на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, выказалася пра тое, што сярод вызваленых 13 сьнежня палітвязьняў не было журналіста Анджэя Пачобута.

«Я вельмі прашу журналістаў не рабіць здагадак наконт Анджэя Пачобута. Я вельмі шкадую пра гэта і спадзяюся на яго вызваленьне. Ніхто ніколі за гэтыя гады не прапаноўваў Анджэю магчымасьці напісаць нейкія прашэньні аб памілаваньні. Не было і гаворкі пра тое, што ён выедзе зь Беларусі (спачатку мы з Анджэем адмовіліся выяжджаць). Пазьней прапаноў не было; Анджэя проста не было ў сьпісе беларускага апазыцыйнага боку, бо ён прадстаўнік польскай меншасьці. Я вельмі радая, што гэтыя людзі на волі, і жадаю ўсім моцнага здароўя і сіл».

Раней некаторыя польскія мэдыі паведамілі са спасылкай на прэсавага сакратара МЗС Польшчы Мацея Вэвёра, што Пачобут адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Пазьней Вэвёр патлумачыў, што яго няправільна зразумелі, і ён казаў пра сытуацыю некалькі гадоў таму, а не пра цяперашнюю.

Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, сказаў у камэнтары журналістам:

«Анджэй Пачобут быў у кожным нашым сьпісе, – і ў агульных і ў прафэсійных, і мы, і саюзьнікі, і ЗША, а ў першую чаргу Польшча і польскі ўрад – біліся за Пачобута. Праблема на баку Лукашэнкі, які ня хоча Пачобута выпускаць»

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Большасьць зь іх вывезьлі ва Ўкраіну.

Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня «Gazeta Wyborcza». Яго арыштавалі ў 2021 годзе і асудзілі ў 2023 годзе за меркаваную «варожую дзейнасьць» і «распаўсюджваньне нянавісьці». Польшча гадамі дамагаецца яго вызваленьня.

Сёлета Анджэй Пачобут атрымаў прэмію Сахарава, што Эўрапейскі парлямэнт прысуджае асобам, якія зрабілі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека. А 11 лістапада, у Дзень незалежнасьці Польшчы яе прэзыдэнт Караль Наўроцкі ўзнагародзіў Пачобута Ордэнам Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG