Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляваньне на сьцяг


Затрыманьне за бел-чырвона-белы сьцяг падчас матчу ў Менску паміж камандамі Беларусі і Сан-Марына, 8 верасьня 2018

Міліцыя затрымлівае ​на футбольным матчы заўзятараў з бел-чырвона-белымі сьцягамі, таксама быў затрыманы за сьцяг удзельнік маратону. Вяртаньне гэтай практыкі вельмі агіднае і прыкрае. Ізноў дзяржава лічыць для сябе дапушчальным пляваць у душу ладнай частцы грамадзтва.

Але чаму гэта адбываецца цяпер, калі прэм’ерам стаў чалавек, які нібыта станоўча ставіцца да беларусізацыі, да нацыянальнай сымболікі? Ён праваліў тэст, праверку?

І так, і не. Варта нагадаць, што перасьлед за сьцяг адбываўся пасьля рэфэрэндуму 1995 году хвалямі: бывалі часы, калі за яго жорстка перасьледавалі, бывалі пэрыяды палёгкі, калі чапалі млява ці наагул не чапалі. Адлігі ў гэтым пытаньні ізноў зьмяняліся замаразкамі. Але не было нязьменнай, заўсёднай, няўмольнай лініі — ні сталага дазволу, ні сталага хапуну і ціску.

Чаканьні і іх падставы

Адзін з пэрыядаў адлігі ў гэтым пытаньні быў зьвязаны менавіта з цяперашнім прэмʼерам Сяргеем Румасам, у той час старшынём Банку разьвіцьця і старшынём Фэдэрацыі футболу. У 2015 годзе Фэдэрацыя на чале з Румасам выказала неразуменьне, чаму міліцыя затрымлівае заўзятараў з сымболікай, якая не забароненая ні беларускім законам, ні правіламі міжнародных футбольных фэдэрацый. Гэтага аказалася дастаткова, каб хапальны імпэт міліцыі ў гэтым пытаньні істотна зьменшыўся.

Ну а чаму ж зараз пачалі ізноў хапаць, цяпер жа Румас — вялікі начальнік, фармальна — прамы начальнік міністра Шуневіча? Ну ў пэўным сэнсе — менавіта таму.

Тады падобныя пажаданьні былі пажаданьнямі аднаго з банкіраў, спартовага функцыянэра, спартовай фэдэрацыі. Цяпер гэта была б як бы ўжо палітычная лінія дзяржавы. Прычым лінія ў рэчышчы чаканьняў часткі грамадзтва, якая спадзявалася, што з прэмʼерствам Румаса беларусізацыя зробіць некалькі крокаў наперад. У сацыяльных сетках луналі фота Румаса, калі ён быў банкірам, з уладальнікам крамы symbal.by Паўлам Белавусам і мэдыя-мэнаджарам і грамадзкім дзеячом Францішакам Вячоркам.

Таксама паказальны факт — зьяўленьне на мінулым тыдні ў Менску банэраў symbal.by, на адным зь якіх была выява Ўладзімера Някляева , аднаго зь лідэраў апазыцыі і аднаго з самых жорсткіх крытыкаў беларускай улады. Зразумела, банэр прадстаўляў яго ня ў гэтай палітычнай якасьці, а ў якасьці паэта, выбітнага дзеяча нацыянальнай культуры. Але ж гэта той самы Някляеў. І банэр зь ім зьяўляецца амаль адразу пасьля прызначэньня Румаса прэмʼерам. Пасьля гэтага, значыць, з прычыны гэтага?

Асабістай палітыкі Румаса ня будзе

Ну і варта прыгадаць міжнародны, дакладней, расейскі кантэкст, новую хвалю публікацыяў у расейскіх мэдыя з «наездам» на Беларусь за «абʼяданьне Расеі» і «нацыяналізм, які падымае галаву». І ня толькі ў нішавых, маргінальных СМІ. «Коммерсант» — не маргінальнае СМІ. Regnum пісаў падобнае заўжды, ананімны «Незыгарь» пачаў даволі даўно. «Коммерсант» раней у такім жанры не адзначаўся.

І дасталося пры гэтым і таму ж Румасу, маўляў, першае распараджэньне на новай пасадзе выдаў па-беларуску. Гэта ж жах. Заўтра, відаць, у Беларусі расейцаў пачнуць саджаць на валізкі, а тое і рэзаць.

Ці вераць у тое самі аўтары выкрывальніцкіх опусаў — гэта па сутнасьці ня мае значэньня. Гэта сыгнал пра настроі прынамсі часткі расейскага грамадзтва і кіроўнай клясы. Прычым, менавіта часткі. Неабавязкова лічыць, што ў гэтых публікацыях агучваецца пазыцыя Крамля, Пуціна. Мо і не ўсяго Крамля, а пэўных яго «вежаў».

Раней на такое маглі і інакш рэагаваць, сказаць — «а што нам — германізацыю праводзіць замест беларусізацыі», маглі назваць аўтараў выказваньняў наўпрост «ідыётамі». Але тут кантэкст — новы ўрад, Румас.

Ранейшыя крокі новага прэмʼера ў рэчышчы беларусізацыі, чаканьні пэўнай часткі беларускага грамадзтва, перасьцярогі пэўнай часткі расейскага грамадзтва ў тым ліку і наконт новага прэмʼера — якую выснову з гэтага суплёту чыньнікаў робіць беларуская аўтарытарная сыстэма?

Прычым менавіта сыстэма. Ці то Шуневіч самастойна адчуў, куды вецер дзьме, ці прапанаваў Лукашэнку, а той паслухаў, ці сам Лукашэнка сваім палітычным чуцьцём адчуў небясьпеку, ці зь нейкага іншага паверху ўладнай піраміды прыйшоў загад — невядома. Але па сутнасьці адрэагавала сыстэма. Стоп, ніякай уласнай палітыкі Румаса прынамсі ў гэтым пытаньні ня будзе. Трэба асадзіць і ня столькі яго самога, колькі спадзяваньні, чаканьні. А вось вам.

Як торгаць за хвост «мядзьведзя»?

Ці можна было прадухіліць гэты паварот? Напэўна, не. Мінулае Румаса такое, якое ёсьць. Не было б яно такім, не было б спадзяваньняў — ні ў сфэры эканомікі, ні ў сфэры беларусізацыі. Людзям не забароніш мець спадзяваньні, хай часам і ілюзорныя. Расейцам тым больш не забароніш бачыць у любых праявах самастойнасьці суседзяў «бандэраўшчыну». Так што рэакцыя беларускай сыстэмы была прадказальнай і наўрад ці ў гэтай сытуацыі магла быць іншай.

Ці надоўга цяперашні параксізм «паляваньня на сьцяг»? Хацелася б спадзявацца, што не. І тут рэч нават не адно ў спадзяваньнях. Лінія дзяржавы, найвышэйшай улады ў гэтым пытаньні, асабліва пасьля 2014 году, была дваістай, зьменлівай, непасьлядоўнай. Таму што дваістымі былі ўнутраныя матывацыі самой улады. З аднаго боку, той сьцяг — сымбаль палітычных ворагаў, барані Бог Майдан пад ім зладзяць, ды і расейскія браты ад таго шалеюць. А расейскага «мядзьведзя» лепш без патрэбы за хвост ня торгаць.

Зь іншага боку, каб тыя браты не зусім ужо лічылі за васалаў і стрымліваліся ў сваёй «барбарскай» палітыцы, трэба ім неяк дэманстраваць, што беларусы — горды і самастойны народ і маюць волю васаламі ня быць. А для гэтага «касалапага» торгаць за хвост як раз і трэба. І тут і бчб сьцяг як раз і да месца. Але памяркоўна.

Вось вызначэньнем гэтага зьменлівага балянсу беларуская ўлада ўвесь час і займаецца.

Таму і працягваецца паляваньне за сьцягам — дзікае паляваньне караля Стаха.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG