Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не камэнтуе затрыманьні за бел-чырвона-белыя сьцягі


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і Ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму адмовіліся пракамэнтаваць Свабодзе, чаму зноў пачаліся затрыманьні людзей на спартовых мерапрыемствах за нацыянальную сымболіку — бел-чырвона-белыя сьцягі.

Бегуна і футбольных заўзятараў затрымалі за бел-чырвона-белыя сьцягі

У выходныя ў Менску падчас спартовых мерапрыемстваў затрымалі некалькі чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Брутальныя затрыманьні заўзятараў з нацыянальнай сымболікай адбыліся 8 верасьня на стадыёне «Дынама» падчас футбольнага матчу паміж Беларусьсю і Сан-Марына. Пасьля гэтага трыбуны засьпявалі песьню Сяргея Міхалка «Воіны сьвятла».

Уладзя Сташкевіча, які 9 верасьня на сьвяце гораду прабег паўмаратон зь бел-чырвона-белым сьцягам, затрымалі ўжо пасьля фінішу і ўзнагароджаньня мэдалём.

Да яго ціха падышлі людзі ў цывільным, пасадзілі ў сіні мікрааўтобус, пратрымалі там паўгадзіны, потым завезьлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе ён знаходзіўся яшчэ 3 гадзіны. Сьцяг узялі на экспэртызу, якую паабяцалі правесьці цягам 10 дзён, склалі на хлопца два пратаколы і пакуль адпусьцілі. Летась спадар Сташкевіч таксама прабег паўмаратон з нацыянальным сьцягам, але ніхто да яго не чапляўся.

У «Барысаў-Арэне» — разгул дэмакратыі, на менскім «Дынама» — хапун

Бел-чырвона-белыя сьцягі на «Барысаў-Арэне» падчас матчу футбольнай зборнай Беларусі зь Люксэмбургам. 10 кастрычніка 2016 году
Бел-чырвона-белыя сьцягі на «Барысаў-Арэне» падчас матчу футбольнай зборнай Беларусі зь Люксэмбургам. 10 кастрычніка 2016 году

​Апошнія пару гадоў заўзятары прыходзілі на стадыёны з нацыянальнай сымболікай, і іх не чапалі. Да прыкладу, на трыбунах «Барысаў-Арэны» ў верасьні 2016 году на матчы Беларусь — Францыя луналі бел-чырвона-белыя сьцягі і герб «Пагоня», заўзятары скандавалі «Жыве Беларусь!», сьпявалі «Купалінку», «Воінаў сьвятла» і «Трох чарапах».

У кастрычніку таго ж 2016 году на той жа «Барысаў-Арэне» падчас матчу зборнай Беларусі зь Люксэмбургам таксама былі бел-чырвона-белыя сьцягі

А вось на нядаўна адрамантаваным стадыёне «Дынама» заўзятараў з нацыянальнай сымболікай пачалі брутальна затрымліваць.

Міліцыя пакуль маўчыць

Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў, прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Георгі Яўчар адмовіўся пракамэнтаваць Свабодзе, на якой падставе сталі затрымліваць людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

«На гэтую тэму кантактуйце з гарадзкім упраўленьнем унутраных спраў. Нічым не магу дапамагчы, зьвяртайцеся толькі ў ГУУС».

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч паабяцала высьветліць, за што канкрэтна затрымлівалі хлопцаў з нацыянальнай сымболікай, ці ёсьць якія афіцыйныя дакумэнты, пастановы. Папрасіла ператэлефанаваць праз 15 хвілін, потым яшчэ праз паўгадзіны. Нават паабяцала зьмясьціць інфармацыю на афіцыйным сайце ГУУС. Але да канца працоўнага дня ёй так і не ўдалося высьветліць, чаму затрымалі хлопцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG