Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяцца за Курапаты. Сёньня пачнецца працэс паводле пазову бізнэсоўца Ізраілевіча да газэты «Новы час»


Ілюстрацыйнае фота. Актывісты пратэстуюць супраць рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. 7 чэрвеня 2018 году

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч патрабуе ад незалежнага выданьня «Новы час» 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду». Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына.

Працэс пачнецца 29 жніўня ў 10.30 у судзе Савецкага раёну Менску.

На думку Аркадзя Ізраілевіча, газэта «Новы час» апублікавала шэраг артыкулаў, са зьместу якіх вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», якая выклікае «супярэчлівыя» водгукі сярод грамадзтва.

Аркадзь Ізраілевіч
Аркадзь Ізраілевіч

«У шэрагу асобаў пасьля прачытаньня артыкулаў склалася ўстойлівае нэгатыўнае стаўленьне да мяне як да бізнэсоўца, здольнага забудоўваць месцы гістарычнай памяці дзеля атрыманьня камэрцыйнай выгады», — піша Ізраілевіч.

Ён адзначае, што пасьля выхаду артыкулаў на яго старонкі ў сацыяльных сетках «пачалі паступаць скрайне непрыемныя і нават зьняважлівыя камэнтары», і праз гэта ён адчувае «моцныя эмацыйныя перажываньні», «пэрыядычна горшае і маё (Ізраілевіча. — РС) фізычнае самаадчуваньне».

На падставе гэтага Ізраілевіч патрабуе апублікаваць абвяржэньне, у якім будзе зьмешчана ўказаньне на ягоную «поўную недатычнасьць да рэалізацыі праекту па будоўлі рэстарацыі „Поедем поедим“», а таксама спагнаць на ягоную карысьць з выданьня «Новы час» 40 тысяч беларускіх рублёў, а з аўтара публікацыяў Дзяніса Івашына — 1000 рублёў.

Пры гэтым Ізраілевіч не хавае, што асабіста знаёмы зь бізнэсоўцамі — фігурантамі расьсьледаваньня Івашына, аднак «ня мае ніякіх юрыдычных адносін да будаўніцтва рэстарацыі „Поедем поедим“ і тых кампаній, якія пералічаныя ў артыкуле».

Аўтар расьсьледаваньня журналіст Дзяніс Івашын, калі даведаўся пра пазоў Ізраілевіча ў суд, напісаў у сваім Фэйсбуку:

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

«Выкладзеныя ў электронным і друкаваным выглядзе расьсьледаваньні праведзеныя з улікам вельмі важнага фактару — не надаваньня падставы апанэнтам у Беларусі для звароту ў суд. Жывучы ў нашых беларускіх рэаліях і ведаючы пра бясконцыя рэпрэсіі журналістаў — гэта залатое правіла. Няма й гаворкі, што ў расьсьледаваньнях былі нават намёкі на абразу. Уся выяўленая інфармацыя вэрыфікаваная й дакумэнтальна пацьверджаная».

Расьсьледаваньне газэты «Новы Час» зьявілася ў чэрвені. На пачатку жніўня стала вядома, што Аркадзь Ізраілевіч падаў на газэту і журналіста Дзяніса Івашына ў суд пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

«Калі б у бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча было ўсё тое, што ён хоча абараніць, мы б ставіліся да гэтага пазову інакш. А так я гляджу на гэтую справу вельмі скептычна», — сказала ў камэнтары для belsat.eu галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аксана Колб.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з пачатку лета пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з уласьнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG