Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва газпромаўскага хмарачоса ў Менску паабяцалі аднавіць да канца году. Што зь іншымі даўгабудамі?


Будаўніцтва «Газпром-цэнтру» ў 2016 годзе
Будаўніцтва «Газпром-цэнтру» ў 2016 годзе

На пляцоўцы, дзе раней быў аўтавакзал «Маскоўскі», на поўначы Менску завяршаюцца аднаўленчыя працы на палевым полі, на паперах завяршаецца праектаваньне і пацьвярджаюцца разьлікі будаўніцтва «Газпром-цэнтру», паведамляе Minsknews.by.

Паводле Менгарвыканкаму, забудоўнік запэўнівае, што адновіць будаўніцтва да канца году.

Комплекс мусіць складацца з цэнтральнага будынку вышынёй у рэкордныя для Менску 185 мэтраў і пяці ніжэйшых спарудаў.

Будынак пачалі ўзводзіць на месцы зьнесенага на загад Лукашэнкі аўтавакзалу ў 2015 годзе, але ўжо наступным летам будаўніцтва прыпынілася. У сьнежні 2016 году будаўніцтва закансэрвавалі. Паводле неафіцыйных зьвестак, паўза была зьвязаная з «газавымі войнамі» Беларусі і Расеі, а таксама з тэхнічнымі праблемамі (прасяданьнем) з прычыны надта вялікай вышыні праектаванага будынку.

Праект «Газпром-цэнтру» 2015 году
Праект «Газпром-цэнтру» 2015 году

Зь лютага работы абяцалі аднавіць «адпаведна гатоўнасьці генэральнага падрадчыка», пастановай Лукашэнкі тэрміны будаўніцтва падоўжылі да 2020 году.

Сайт «Менск-навінаў» «вельмі спадзяецца, што гэты амбіцыёзны праект не пацярпеў значных зьменаў і ня спросьціцца да непазнавальнасьці». Ці значыць гэта, што ёсьць падставы чакаць спрашчэньня (як некалькі раз адбылося з суседнім комплексам «Маяк Менску»), невядома.

Акрамя абяцаньняў пра «Газпром-цэнтар», сайт агучыў тэрміны будаўніцтва іншых даўгабудаў.

Нацыянальны футбольны стадыён ад кітайскіх інвэстараў у раёне старога стадыёну «Трактар» маюць пачаць будаваць у другой палове 2019 году. Цяпер інвэстар хоча збудаваць ня толькі стадыён, але і басэйн «міжнароднага стандарту» — пад басэйн цяпер «рэалізуюцца маёмасныя правы ўладальнікаў будынкаў» на месцы аддадзенай кітайцам пляцоўкі. Пляцоўка пад стадыён на вуліцы Ванеева «практычна вольная», цяпер там лесапарк.

«Магніт Менску», які задумалі яшчэ ў 2009 годзе ля Нацыянальнай бібліятэкі, апошні раз абяцалі дабудаваць да канца 2018-га, ды «зразумела», што да гэтага часу «фініш не адбудзецца».

«Шантэр-хіл» на праспэкце Пераможцаў, які будуецца ад 2016 году, абяцаюць завяршыць да канца 2018-га. Тады ж абяцаюць здаць «Футурыс» ля мэтро «Барысаўскі тракт», які будюць ад 2010-га. «Палаццо» на скрыжаваньні Арлоўскай і Ціміразева, які пачалі будаваць у 2013-м, абяцаюць адкрыць у сакавіку 2019-га.

Пляцоўка пад комплекс на фота зьлева
Пляцоўка пад комплекс на фота зьлева

Комплекс за стадыёнам «Дынама» з боку Ўльянаўскай, які хацелі збудаваць да хакейнага чэмпіянату 2014 году, вырашылі ўзводзіць «у новым варыянце» безь пяцізоркавага гатэлю. Калі чакаць завяршэньня будаўніцтва, ня пішуць, але яно «ідзе някепскімі тэмпамі».

Пустка на месцы зьнесенага ВДНГ
Пустка на месцы зьнесенага ВДНГ

Пачаць будаўніцтва гатэлю на месцы зьнесеных ВДНГ і лякарні на вуліцы Купалы абяцаюць да канца 2018 году або на пачатку 2019-га. Пры гэтым будынкі Траецкага манастыра базылянак, у якіх мясьцілася лякарня, зьбіраюцца «рэканструяваць і напоўніць новымі функцыямі». У будаўніцтва чакаюцца інвэстыцыі ў паўмільярда даляраў.

«Некемпінскі»
«Некемпінскі»

Комплекс ля цырку, вядомы ў народзе як «Некемпінскі», цяпер мае быць не гатэлем, а адміністрацыйным будынкам. Работы на а’б’екце аднавілі, рамантуюць фасад, уцяпленьне, дах — да лістапада абяцаюць завяршыць гэтыя працэсы, каб «будынак выглядаў як сьлед», і працягнуць працы ўсярэдзіне. Тэрмін завяршэньня работаў цяпер не называецца.

У кастрычніку скончыцца вызначаны двухгадовы тэрмін, які далі інвэстару запраектаваць комплекс на месцы Чэрвеньскага рынку. Ці пасьпее інвэстар, невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG