Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі застаюцца два журналісты — Паўлюк Быкоўскі і Ірына Леўшына


Ілюстрацыйнае фота. Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году

У Беларусі вызваленыя большасьць затрыманых у «справе БелТА» 7-8 жніўня журналістаў незалежных СМІ.

За кратамі застаюцца карэспандэнт Deutsche Welle ў Менску Паўлюк Быкоўскі і галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.

Затрыманага ў «справе БелТА» карэспандэнта радыёстанцыі Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага дапытаюць у Сьледчым камітэце 10 жніўня. Гэта вынікае з паведамленьня ягонай жонкі, разьмешчанага ў сацыяльнай сетцы Facebook позна ўвечары 9 жніўня.

«Не. Паўлюка сёньня не адпусьцяць. Гэта ўжо дакладна. Каб здабыць гэтую простую інфармацыю, спатрэбілася ня менш за 8 званкоў, — напісала Вольга Быкоўская са спасылкай на адваката. — Заўтра будуць праводзіць сьледчыя дзеяньні — прасьцей кажучы, допыт. Я асабіста буду чакаць вызваленьня пасьля яго. Гэта вынікае з папярэдніх дзеяньняў СК. Ну а калі няма, то ў суботу ў 15.30 каля ІЧУ на Акрэсьціна».

Быкоўскі быў затрыманы 8 жніўня на 72 гадзіны. Гэты тэрмін заканчваецца ў суботу, 11 жніўня. Перад гэтым у яго кватэры быў праведзены ператрус з канфіскацыяй электронных носьбітаў інфармацыі.

Deutsche Welle зьвярнулася да беларускага амбасадара ў Бэрліне з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Быкоўскага. У абарону журналістаў выказаўся ўрад Нямеччыны.

Галоўную рэдактарку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірыну Леўшыну затрымалі раніцай 9 жніўня. У кватэры Леўшынай быў праведзены ператрус, ускрыты сыстэмны блёк яе кампутара.​ Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Леўшыну адвезьлі ў менскі ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

Увечары 9 жніўня на волю выйшлі галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, а таксама Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак з Tut.by, рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў і журналістка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова. Удзень 9 жніўня была вызваленая Галіна Ўласік (Tut.by).

Сьледчы камітэт Беларусі з гэтай нагоды заявіў, што падчас правядзеньня сьледчых дзеяньняў атрыманыя доказы, сьведчанні падазраваных, якія пацьвярджаюць факты, што паслужылі падставай для завядзеньня крымінальнай справы паводле арт. 349 («несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») Крымінальнагу кодэксу Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра несанкцыянаваны доступ да платнай стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Галоўнаму рэдактару Tut.by Марыне Золатавай таксама прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу «Бязьдзейнасьць службовай асобы» Крымінальнага кодэксу Беларусі, бо яна ведала пра дзеяньні сваіх супрацоўнікаў і не спыніла іх. Паводле гэтага артыкулу Золатавай пагражае да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.

Усяго ў крымінальнай справе фігуруюць прадстаўнікі 6 рэдакцый: ЗАТ «БелаПАН», ТАА «ТутБай Мэдыя», выдавецтва «Беларуская навука», газэта «Культура», ТАА «РыэлтБай», ТАА «АйЦіВі».

Большасьць затрыманых з рэдакцый незалежных СМІ пакуль адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе, вядзецца сьледзтва, ім пагражае да 2 гадоў турмы, Марыне Золатавай — да 5 гадоў і пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць​

Падчас ператрусу ў офісе БелаПАН 7 жніўня 2018 году

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG