Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бацька першаклясьніцы змагаецца за права навучацца па-беларуску ў паўмільённым Гомлі


Сяргей Макрэнка

Дзявяты месяц гамяльчук Сяргей Макрэнка высьвятляе ў мясцовых уладаў, ці зможа ягоная дачка Саша вучыцца па-беларуску ў першай клясе гомельскай сярэдняй школы № 5.

Уцямнага адказу ад чыноўнікаў няма

За паўтара месяца да пачатку навучальнага году шматдзетная сям’я 39-гадовага інжынэра Сяргея Макрэнкі так і не атрымала ад чыноўнікаў уцямнага адказу, як будзе забясьпечана права ягонай дачкі вучыцца на роднай беларускай мове.

Бацька траіх дзяцей кажа, што яшчэ летась у лістападзе праз электронную пошту зьвярнуўся ў школу № 5, каб высьветліць умовы прыёму дзяцей на беларускамоўнае навучаньне.

Дырэктарка школы Тацяна Даманчук адказала Макрэнку, што паводле школьнага статуту «навучаньне і выхаваньне ў школе зьдзяйсьняецца на рускай мове, па заяве законных прадстаўнікоў непаўналетняга зьдзяйсьняецца на беларускай мове». Аднак адмовілася сказаць штосьці пэўнае наконт адкрыцьця беларускамоўнай клясы, бо заявы бацькоў, у якіх вызначаецца і мова навучаньня, прымаюцца з 2 чэрвеня па 28 жніўня 2018 году.

Будзе кляса — будзе навучаньне па-беларуску

Адначасова ўвагу Сяргея Макрэнкі зьвярнулі на такую акалічнасьць: «беларускамоўная кляса адкрываецца ў тым выпадку, калі пажадаюць вывучаць (так напісана! — РС) сваіх дзяцей на беларускай мове прадстаўнікі непаўналетніх асоб цэлай клясы».

Прыкладна такое ж тлумачэньне атрымаў бацька будучай першаклясьніцы і ў аддзеле адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Таму зьвярнуўся па тлумачэньні ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Адказ прыйшоў Макрэнку 15 лютага ўжо з аддзелу адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкаму. Яго начальніца Людміла Крылісьценка пісала, што Чыгуначнаму аддзелу адукацыі накіравана патрабаваньне правесьці па пытаньнях выбару мовы навучаньня «анкетаваньне законных прадстаўнікоў навучэнцаў, які пражываюць у мікрараёне школы і плянуюць навучацца ў 2018/2019 навучальным годзе ў сярэдняй школе № 5».

Ну, і дадаткова паведамілі бацьку, што «на базе дзяржаўнай установы адукацыі „Гімназія № 36 г. Гомля імя Івана Мележа“ адкрываюцца штогод першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня». Адсюль і парада: «прапануем Вам падаць дакумэнты ў гімназію № 36 г. Гомля ў вызначаны заканадаўствам тэрмін».

Сяргей Макрэнка
Сяргей Макрэнка

«Стала яшчэ больш незразумела, чаму ў Беларусі правам навучацца па-беларуску дачка ня можа скарыстацца побач з домам, у школе № 5, а змушана ехаць амаль за дзесяць кілямэтраў у гімназію № 36?» — пытаецца Сяргей Макрэнка.

Пракуратура не зацікавілася

Каб высьветліць гэта, Сяргей зьвярнуўся ў гарадзкую пракуратуру. Але адтуль ліст пераадрасавалі ва ўпраўленьне адукацыі, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкаму.

Заклапочанаму бацьку начальнік абласнога ўпраўленьня адукацыі Сяргей Парошын паведаміў, сярод іншага, што магчымасьць адкрыцьця беларускамоўнай клясы ў СШ № 5 будзе разгледжана з улікам «эканамічнай мэтазгоднасьці і пажаданьняў бацькоў».

Колькі школьнікаў у Гомлі навучаюцца па-беларуску

Сяргей Макрэнка нядаўна аднёс заяву ў школу № 5 з просьбай забясьпечыць дачцэ беларускамоўнае навучаньне з 1 верасьня. Але што з гэтага выйдзе, прадугадаць бацька шматдзетнай сям’і не бярэцца.

«Калі дзяржаўная ўстанова адукацыі ды адпаведныя аддзелы выканкамаў ня могуць забясьпечыць навучаньне па-беларуску непасрэдна ў мікрараёне школы, то арганізоўвайце цэнтралізаваны падвоз дзяцей у тую ж 36-ю гімназію, — кажа бацька. — Нельга, каб шасьцігадовае дзіця мучылася ў грамадзкім транспарце, жадаючы набываць веды па-беларуску».

Сяргей Макрэнка згадвае і выпадак у Магілёвe, дзе Ялінка Салаўёва адна навучалася ў школе па-беларуску.

Зрэшты, у сярэдзіне 90-х гадоў у Гомлі 76 адсоткаў першаклясьнікаў навучаліся па-беларуску. Цяпер у горадзе толькі гімназія № 36 набірае 40 шасьцігодак, якія засвойваюць веды па праграме беларускамоўнага навучаньня.

Ад 5-й школы да 36-й гімназіі — 7 км, гэта каля 45 хвілінаў у адзін бок, калі карыстацца грамадзкім транспартам.

Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG