Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост у два разы. У Магілёве яшчэ адна першаклясьніца пачала вучыцца па-беларуску


Дар’я Койда — вучаніца беларускай клясы

У беларускамоўнай першай клясе магілёўскай школы нумар 1 папаўненьне. Да першаклясьніка Валянціна Асіпчыка далучылася Дар’я Койда. Цяпер Валянцін ня будзе вучыцца адзін, як Ялінка Салаўёва з 8 клясы ў той жа першай школе Магілёва.

Усяго ў Магілёве цяпер па-беларуску вучацца шасьцёра школьнікаў.

Спачатку бацькі Дар’ю Койду аддалі ў клясу з расейскай мовай навучаньня, а праз чатыры дні вырашылі, што дачцэ лепей вучыцца па-беларуску. Валянцін і Дар’я сваёй невялікай кампаніяй задаволеныя і не адчуваюць дыскамфорту.

Мы хочам для дзіцяці найлепшага. Няхай вучыцца па-беларуску

Маці першаклясьніцы Марына кажа, што на рашэньне аддаць дачку вучыцца па-беларуску паўплываў аўтарытэт настаўніцы Натальлі Аржанавай, у якой Дар’я рыхтавалася да вучобы.

«Над пытаньнем, ці пераводзіцца, асабліва не разважалі, калі даведаліся, хто ўзяў беларускую клясу, — казала яна. — Вырашылі, няхай дачка вучыцца на роднай мове, і мы зь ёю таксама будзем вучыць нашу мову. На наш сорам, мы яе разумеем, але гаварыць ня можам».

Дар’я з мамай Марынай
Дар’я з мамай Марынай

Марына спадзяецца, што вучняў у беларускай клясе стане болей. Ёсьць бацькі, запэўнівала яна, гатовыя аддаць сваіх дзяцей вучыцца па-беларуску, але яны пакуль у роздумах.

«Вядома ж, у клясу ня прыйдзе 25 чалавек, але спадзеў на тое, што набярэцца да дзесяці вучняў, ёсьць, — кажа Марына Аляксандраўна. — Тое, што дачка вучыцца ў малакамплектнай клясе, мяне не бянтэжыць. Гэта, наадварот, вялікі плюс. Будзе індывідуальнае навучаньне, і дачка лепей засвоіць урокі. У клясе з дваццацьцю пяцьцю вучнямі ўвагі на кожнага па паўтары хвіліны, а ў дзяцей жа свае здольнасьці да навучаньня, таму індывідуальны падыход паспрыяе пасьпяховасьці. Бацькі жадаюць сваім дзецям найлепшага, і мы лічым, што беларускае навучаньне будзе разьвіваць Дар’ю».

Дачцэ не пагражае ізаляцыя

Маці перакананая, што вучоба ў клясе з малой колькасьцю вучняў ня будзе пагражаць дачцэ сацыяльнай ізаляцыяй, што турбуе шмат якіх бацькоў, што апынуліся перад выбарам, ці аддаваць дзяцей у такія клясы.

«Днямі бабуля ў Дар’і выпытвала, ці добра ёй у малой клясе. На гэта дачка адказала, што зь ёй вучыцца адзін хлопчык і больш ёй нікога ня трэба, — прыгадала Марына Аляксандраўна і запэўніла, што стасункаў зь іншымі дзецьмі ў Дар’і хапае.

Дзядуля Аляксандар з Дар’яй і яе братам
Дзядуля Аляксандар з Дар’яй і яе братам

«У „прадлёнцы“ і на перапынках яна сябруе зь іншымі дзяўчаткамі, і праблемаў няма. Дарʼя — таварыскае дзіця. Што да ўрокаў, дык яны ж не гульня. На іх трэба вучыцца. Таму мяне не турбуе пытаньне, што дачка праз вучобу ў малакамплектнай клясе будзе ізаляваная ад свайго сацыяльнага асяродзьдзя».

У беларускай клясе здаровая канкурэнцыя

Пра тое, што беларуская кляса папоўнілася дзяўчынкай, бацькі Валянціна Асіпчыка, які вучыцца па-беларуску пайшоў зь першага верасьня, даведаліся ад сына.

«Гэтая навіна Валянціна ўзрадавала. Хоць мы лічым, што ён даволі самастойны для свайго веку і адзінота ў клясе яго не турбавала. Аднак для навучальнага працэсу наяўнасьць маленькага калектыву добра. Настаўніца Натальля Аляксандраўна лічыць, што яшчэ лепей было б, каб вучняў стала чацьвёра. Мы ж ёй жартам кажам:

„Глядзіце, каб не набралася дваццаць чатыры“. Жарты жартамі, але ўжо пачалі цікавіцца клясай», — адзначыў тата Валянціна Ігар Георгіевіч.

Настаўніца Дар’і Натальля Аржанава і аднаклясьнік Валянцін Асіпчык
Настаўніца Дар’і Натальля Аржанава і аднаклясьнік Валянцін Асіпчык

Па-беларуску ў Магілёве, акрамя першаклясьнікаў Валянціна Асіпчыка ды Дар’і Койды, вучацца ў 8-й клясе школы № 1 Яліна Салаўёва, у другой клясе школы № 34 Тацьцяна Турандзіна, Эвэліна Самойленка ды Ўлада Грыцанава.

Для ТБМ зьяўленьне беларускай клясы стала неспадзяванкай

Тым часам для актывістаў мясцовай суполкі ТБМ, якія займаюцца пошукам ахвотнікаў вучыцца па-беларуску, зьяўленьне сёлета беларускай клясы стала нечаканасьцю.

«Наўрад ці ў зьяўленьні беларускай клясы ёсьць наша заслуга, — пракамэнтаваў сытуацыю кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў. — Гэта прыемная неспадзяванка. Зразумела, пасябруем з бацькамі дзяцей гэтай клясы і будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб у ёй стала больш вучняў».

Сем гадоў адвучылася ў 1-й школе па-беларуску Ялінка Салаўёва
Сем гадоў адвучылася ў 1-й школе па-беларуску Ялінка Салаўёва

ТБМаўцы неўзабаве зьбіраюцца выступіць перад бацькамі вучняў другіх клясаў 34-й школы, у якой па-беларуску вучацца тры дзяўчынкі. Актывісты спадзяюцца, што некаторыя бацькі ўсё ж наважацца перавесьці сваіх дзяцей з расейскамоўных клясаў у беларускую.

Чыноўнікі запэўнівалі: сёлета беларускай клясы ня будзе

Паводле чыноўнікаў, стварэньне новых клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў Магілёве маруднае, бо бацькі ня хочуць аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Рупліўцы ж беларушчыны трымаюцца пазыцыі, што чыноўнікі і адміністрацыі школаў не ўдзяляюць належнай увагі разьвіцьцю ў горадзе беларускага школьніцтва.

Другая беларуская кляса 34-й школы: (зьлева направа) Эвэліна Самойленка, Тацьцяна Турандзіна, Улада Грыцанава з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай
Другая беларуская кляса 34-й школы: (зьлева направа) Эвэліна Самойленка, Тацьцяна Турандзіна, Улада Грыцанава з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай

На адной з апошніх дыскусіяў на тэму беларускамоўнага навучаньня прагучалі запэўніваньні, што да наступнага навучальнага году на базе 45-й школы будзе сфармаваныя паўнавартасная кляса зь беларускай мовай навучаньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG