Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што розныя абаронцы Курапатаў кажуць пра магчымасьць перамоваў з уласьнікамі рэстарану


Пратэстоўцы блякуюць транспарт на ўезьдзе ў рэстаран ля Курапатаў

Лідэр партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сябар партыі, амэрыканскі адвакат Юрась Зянковіч заявілі, што дасягнулі «прынцыповай дамоўленасьці» аб правядзеньні сустрэчы ўсіх зацікаўленых бакоў для дасягненьня кампрамісу адносна канфлікту вакол рэстарацыі «Поедем поедим».

Свабода апытала актыўных абаронцаў Курапатаў — як яны ставяцца да ідэі перамоваў з уласьнікамі рэстарацыі.

Павал Севярынец: «Мне вельмі не падабаюцца ўсе гэтыя танцы, эпітэты пра адкрытасьць, канструктыўнасьць»

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец сказаў Свабодзе, што канчаткова вызначыцца наконт перамоваў з уласьнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» пасьля нарады з усімі абаронцамі Курапатаў у панядзелак, 25 чэрвеня. Але спадара Севярынца не задавальняе абраная для сустрэчы дата. Да таго ж ён ня верыць у адкрытасьць і канструктыўнасьць другога боку.

«Пункт першы: канструктыўны і адкрыты да дыялёгу чалавек тры тыдні хаваўся, не абазначаўся, не даваў ніякіх інтэрвію, і тут раптам, пасьля таго як „прыпякло“, пагадзіўся? Гэта ўжо кажа пра яго „канструктыўнасьць і схільнасьць да дыялёгу“. Проста ён зараз прыпёрты да сьценкі, таму і ідзе на гэтую сустрэчу», — перакананы Павал Севярынец.

Да таго ж 29 чэрвеня, калі прапануецца гэтая сустрэча, у Менск на адкрыцьцё мэмарыялу ў Трасьцянцы прыяжджаюць прэзыдэнты альбо кіраўнікі дэлегацый Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы, і абаронцы іх запрашалі ў Курапаты.

«Я бачу за гэтым спробу заняць нас карыснай дыскусіяй у той час, калі сюды прыедуць высокія госьці. Гэта падобна да нейкай апэрацыі. Мы паглядзім. Магчыма, для таго, каб у адкрытую, у вочы сказаць чалавеку, што яму трэба закрываць свой бізнэс і хутчэй сыходзіць з Курапатаў, мы падыдзем і сустрэнемся.

Але мне вельмі не падабаюцца ўсе гэтыя танцы, эпітэты пра адкрытасьць, канструктыўнасьць. І спадар Кастусёў, і спадар Зянковіч як сапраўдныя беларусы маглі б казаць пра гэта як ёсьць, а ня танчыць перад гэтымі „грашовымі мяшкамі“», — кажа Севярынец.

Зьміцер Дашкевіч: «Гаворка можа ісьці толькі пра поўную „капітуляцыю“»

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Пра што можна дамаўляцца з уласьнікамі рэстарацыі «Поедем поедим», якую пазыцыю пікетоўцы будуць адстойваць да канца, а на што могуць пагадзіцца? Зьміцер Дашкевіч перакананы, што гаворка можа ісьці толькі «пра поўную капітуляцыю», закрыцьцё забаўляльнага комплексу.

«Тое, што ўласьнікі рэстарацыі пагадзіліся на перамовы, сьведчыць, што далей яны гэтак працаваць ня могуць. Яны ўсьвядомілі, што зрабілі і перад Богам, і перад законам тое, што трэба тэрмінова выпраўляць», — пракамэнтаваў навіну пра гатоўнасьць уласьнікаў рэстарацыі да перамоваў Зьміцер Дашкевіч.

Прадметам перамоваў абаронца Курапатаў Зьміцер Дашкевіч бачыць толькі адно — безумоўнае спыненьне дзейнасьці забаўляльнай установы.

«Гаворка можа ісьці толькі пра поўную „капітуляцыю“ — пра спыненьне дзейнасьці тут гэтай забаўляльнай установы. Што мы можам абмяркоўваць? „Давайце аддамо зь дзесяці будынкаў кабака адзін пад музэй?“

Ёсьць меркаваньне, што яны запатрабуюць грашовай кампэнсацыі. 500 тысяч ці мільён даляраў яны сюды ўклалі, ня ведаю. Але ня думаю, што нехта знойдзецца, хто выкупіць гэты аб’ект.

Але і тое да таго моманту, як Зянон Станіслававіч ня вернецца з камандзіроўкі. А там паглядзім. Перакананы, прыйдзе час, і ім усё роўна прыйдзецца даваць паказаньні ў судзе. Як бралася тут зямля, каму даваўся хабар і гэтак далей. Але пакуль хай думаюць, як хутчэй спыніць тут дзейнасьць», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.

Ганна Шапуцька: «На нашых вачах зьдзейсьнена злачынства. Няма пра што перамаўляцца»

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька адразу ж адзначыла, што ёй наагул не падабаецца гэтая сытуацыя, калі адны абаронцы стаяць у пікетах, ахвяруюць здароўем, на іх складаюць пратаколы і выпісваюць штрафы, а нехта за іхнімі сьпінамі сустракаецца з уласьнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам, ды яшчэ на ягонай тэрыторыі.

«Я супраць такіх паводзінаў, хто б гэта ні быў: Кастусёў, Зянковіч ці яшчэ хто. Трэба рабіць усё адкрыта і ўзгадняць з тымі людзьмі, якія абараняюць Курапаты. На мой погляд, спачатку прававую ацэнку павінна даць Генэральная пракуратура. Калі гэта было незаконна, у прававой дзяржаве павінны быць мэханізмы спыненьня. А мы перакананыя, што будаўніцтва незаконнае, былі несумленныя маніпуляцыі з ахоўнымі зонамі, таму рэстарацыя павінна быць зьнесеная. На нашых вачах зьдзейсьнена злачынства. Няма пра што перамаўляцца», — перакананая Ганна Шапуцька.

Аляксей Туровіч: «Гэта падман, яны хочуць „забалбатаць“ праблему, а ня вырашыць яе па сутнасьці»

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Рэжысэр Аляксей Туровіч ня верыць у тое, што ўласьнікі рэстарацыі шчыра хочуць знайсьці варыянт, які задаволіць усіх.

«Гэта падман — размовы пра круглы стол, пра перамовы. Яны хочуць „забалбатаць“ праблему, а ня вырашыць яе па сутнасьці. А сутнасьць, на маю думку, у тым, што знаходжаньне тут рэстаранна-забаўляльнага комплексу супярэчыць прынятай у грамадзтве маралі і закону. Яны проста павінны адсюль сысьці, без аніякіх перамоваў і дамоваў. Пра што зь імі дамаўляцца?»

Дзяніс Урбановіч: «Было б вельмі добра, каб тут узьнік музэй — вось пра гэта варта дамаўляцца»

Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

Актыўны пікетовец Дзяніс Урбановіч, наадварот, вітае перамовы з уласьнікамі рэстарацыі і спадзяецца некалі ўбачыць у будынку музэй.

«Перамовы заўсёды лепшыя за вайну, хоць і мне ня надта верыцца ў шчырасьць гэтых людзей. Але трэба думаць, як іх заахвоціць. Першы штуршок ужо ёсьць, і гэта выдатна. Было б вельмі добра, каб тут узьнік музэй — вось пра гэта варта дамаўляцца», — сказаў Дзяніс.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Чытайце таксама:

Вядомыя людзі пра рэстаран у Курапатах

«Схему зон аховы намаляваў я» — экс-чыноўнік Мінкульту, пры якім пабудавалі рэстаран ля Курапатаў

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG