Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаны суд над Вольгай Мікалайчык за Курапаты


Вольга Мікалайчык у Курапатах
Вольга Мікалайчык у Курапатах

Грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык паведамілі ў Савецкім РУУС Менску, што суд над ёй адбудзецца 8 чэрвеня. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце ўвечары 31 траўня каля рэстарацыі «Поедем поедим».

Мікалайчык не прызнае сябе вінаватай і кажа, што пры затрыманьні і потым у пастарунку міліцыянты парушалі яе правы.

«Усяго гадзіну мы пастаялі з маленькай таблічкай, як прыехалі міліцыянты і закінулі мяне ў „бус“, заламаўшы рукі, як якую злачынцу. Пры гэтым паламалі мне пазногці на руцэ.

Затрыманьне Вольгі Мікалайчык
Затрыманьне Вольгі Мікалайчык

Трымалі ноч у Савецкім райаддзеле міліцыі. Спаць давялося на бэтоннай падлозе, было холадна, а для мяне гэта вельмі небясьпечна, улічваючы хваробы, атрыманыя падчас былых адседак. Вады не давалі, толькі пад раніцу выпусьці ў прыбіральню. Карацей, зьдзекаваліся, як звычайна. Калі сыходзіла, сказала ім, што такія зьдзекі — злачынствы без даўніны часу», — распавяла Вольга Мікалайчык.

Актывістка мае намер яшчэ да свайго суду падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, якія яе затрымлівалі, а таксама праінфармаваць пра інцыдэнт праваабаронцаў.

Вольгу Мікалайчык затрымалі напрыканцы акцыі абаронцаў Курапатаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим»​ 31 траўня. Да абаронцаў Курапатаў пад’ехала машына без нумароў, адкуль выбеглі супрацоўнікі ў цывільным і выгукнулі «Савецкае РУУС». Мікалайчык схапілі і пацягнулі ў машыну.

Нядаўна стала вядома, што каля мэмарыяльнага комплексу Курапаты пад Менскам мае адкрыцца рэстаран «Поедем поедим» — у межах забаўляльнага комплексу, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол».

30 траўня ў Менску абаронцы Курапатаў правялі экстраную нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“». Яны вызначылі плян дзеяньняў на найбліжэйшыя дні.

31 траўня абаронцы Курапатаў наведалі Менаблвыканкам і Міністэрства культуры, куды перадалі пэтыцыі супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад Курапацкага мэмарыялу. У Менаблвыканкаме паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца.

Што абаронцы Курапатаў будуць рабіць з «новым Бульбаш-холам». ВІДЭА

1 чэрвеня актывісты зноўку сабраліся на пікет ля новай рэстарацыі, а 3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, прысьвечаны 30-годзьдзю адкрыцьця праўды пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек.​

У інтэрнэце на плятформе change.org ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая мае назву «Музэй сталінскіх рэпрэсій, а не „​кабак“​!».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG