Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: Усё пачалося з Курапатаў


Belarus - Zyanon Paznyak, head of BPF
Belarus - Zyanon Paznyak, head of BPF

Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк, які з 1996 году знаходзіцца ў эміграцыі, згадвае, як 30 гадаў таму стала магчымая публікацыя артыкулу пра расстрэлы ў Курапатах, тлумачыць, чаму людзі сталі менш ведаць пра Курапаты, і анансуе ініцыятыву «Брукаванка памяці».

— Зянон Станіслававіч, рыхтуючыся да інтэрвію, я перачытала нашу з вамі размову ў 2008 годзе дзесяць гадоў таму, прысьвечаную 20-годзьдзю адкрыцьця Курапатаў, і фотаконкурсу «Мае фота — мае Курапаты». Па вялікім рахунку, яна не састарэла. Тады мы гаварылі пра тое, што Курапаты ў небясьпецы, што не было суду над камунізмам, што за кратамі знаходзяцца людзі паводле палітычна матываваных прысудаў. І цяпер праз 10 гадоў тая ж самая ўлада ў Беларусі і ў Расеі, ёсьць палітзьняволеныя, вы па-ранейшаму ў эміграцыі, і Курапаты па-ранейшаму ў небясьпецы — побач адкрываецца рэстаран і забаўляльны цэнтар. А што зьмянілася за 10, за 20, за 30 гадоў, пасьля таго, як сьвету стала вядомая праўда пра Курапаты? А што не павінна мяняцца?

— Людзі сталі менш ведаць пра Курапаты і пра тое, што было нядаўна на памяці аднаго пакаленьня. Гэта вынік антыбеларускай палітыкі існуючай улады, менавіта — прапаганда ілжы і замочваньня праўды.
Ёсьць таксама іншы аспэкт. Перанасычанасьць нэгатыўнай інфармацыяй спараджае прыгнечанасьць пачуцьцяў, выклікае абаронны рэфлекс ад стрэсу. Тым часам у 1988 годзе, пасьля адкрыцьця Курапатаў, нашае грамадзтва перажыло глыбокі стрэс, які скалануў усіх.

Зянон Пазьняк у Курапатах. 1988 год.
Зянон Пазьняк у Курапатах. 1988 год.

Што не павінна зьмяняцца. Не павінны зьмяняцца перш за ўсё маральныя і праўныя ацэнкі злачынства, балеснае ўспрыняцьце трагедыі генацыду і людабойства. Мусіць заставацца суперажываньне і жалоба, жальба над трагічным лёсам нарада і, адпаведна, раздумленьне над будучыняй і цяпершчынай.

Для дачкі расстралянага паэта Маі Тодараўны Кляшторнай дзень 3 чэрвеня 1988 году, калі ў ЛіМе быў надрукаваны ваш артыкул з Яўгенам Шмыгалёвым «Курапаты — дарога сьмерці» з прадмовай Васіля Быкава, назаўсёды застаўся ў памяці. Вы кажаце, што людзі сталі менш ведаць пра Курапаты. Давайце каротка нагадаем, што адбылося, што папярэднічала гэтаму артыкулу, і што зьмянілася пасьля яго.

— Гэтаму артыкулу папярэднічала пэўная лібэралізацыя савецкага грамадзтва, перш за ўсё ў сфэры інфармацыі. Але адкрыць праўду пра Курапаты на ўзроўні афіцыйнага друку тады было не рэальна. Я рыхтаваўся да гэтага 15 гадоў і выбраў момант перад 19-й канфэрэнцыяй КПСС, калі можна было скарыстаць часовы параліч сыстэмы і паспрабаваць ударыць нечакана.

Усё ўдалося і прадумана, і рызыкоўна, але, зразумела, што, калі б не падтрымала рэдакцыя «Літаратуры і Мастацтва», якая пайшла на канфрантацыю з ЦК КПБ і нават забаставала (неверагодная справа — раней зачынілі б газэту і разагналі б усіх з воўчымі білетамі, у 30-х расстралялі б), калі б не пазыцыя рэдакцыі «Літаратуры і мастацтва», то перамагчы абставіны было б цяжка.

У ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў.
У ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў.

Пасьля публікацыі (як я гэта адчуваў) зьмяніўся сьвет. Выбух атамнай бомбы. Скаланулася ўсё грамадзтва і прыйшло ў рух. І ўсё гэта ўдалося скарыстаць. Праз чатыры месяцы быў створаны Беларускі Народны Фронт. Праз тры гады легітымным, мірным шляхам здабылі Незалежнасьць Беларусі. Фактычна, усё пачалося з Курапатаў. Праўда пра Курапаты стала штуршком да свабоды.

Курапаты. Асноўнае

— Год таму было згорнутае будаўніцтва ля Курапатаў пасьля адчайнай і эфэктыўнай акцыі, ініцыяванай Зьмітром Дашкевічам. І тады былі спадзевы, што гэта апошні наступ на Курапаты, што вакол урочышча больш ня будуць нічога будаваць, што прылеглая да ўрочышча тэрыторыя мае быць выкарыстаная для пабудовы музэя. Але так не атрымалася, неўзабаве мае адкрыцца рэстарацыя. Якім ваш прагноз што да лёсу перайменаванага Бульбаш-холу? Ці будуць яшчэ такія Бульбаш-холы?

— Пакуль будзе існаваць у Беларусі гэтая манкуртавая ўлада, дык, як расейцы кажуць, — «то ли ещё будет». Масква ня спыніцца ніколі і ні перад чым, каб ліквідаваць Курапаты. Курапаты ёсьць моцнае сьведчаньне іхнага злачынства, якое ім не ўдаецца абылгаць.

Ад самага пачатку і па задуме «Бульбаш-хол» ёсьць грубая правакацыя, якую могуць прывесьці ў дзеяньне ў любы момант. Тут выпрабаваньне беларусаў на трываласьць цярпеньня, шляхам зьдзеклівай дэманстрацыі непавагі.

— Мы запісваем размову напярэдадні 3 чэрвеня. У гэты дзень актывісты КХП БНФ заплянавалі правесьці жалобную акцыю ў Курапатах. У якім фармаце адбудзецца акцыя і наколькі шырокая яна будзе?

— Гэта будзе мітынг-рэквіем «Дзень памяці пра генацыд», прысьвечаны 30-м угодкам адкрыцьця Курапатаў. Плянуецца выстава, выступы, гучаньне памятнай сакральнай музыкі, дэклямацыі твораў пра Курапаты, запаленьне зьнічаў, шэсьце на «Галгофу» і іншае. Ёсьць дазвол абласной улады.

У 1989 годзе падчас шэсьця і жалобнага мітынгу ў Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў быў усталяваны Крыж пакутаў, які асьвяцілі сьвятары чатырох асноўных канфэсій – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай.
У 1989 годзе падчас шэсьця і жалобнага мітынгу ў Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў быў усталяваны Крыж пакутаў, які асьвяцілі сьвятары чатырох асноўных канфэсій – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай.

Між іншым, намі ўжо аб’яўлена ініцыятыва «Брукаванка памяці». Сутнасьць яе ў тым, што пасьля адзначэньня 30-х угодкаў адкрыцьця Курапатаў нізкае месца на плошчы перад Крыжам Пакуты будзе падсыпанае пяском і выбрукавана каменьнем. Кожны грамадзянін Беларусі можа прывезьці (альбо прынесьці) сюды свой мясцовы камень памяці, які будзе ўбрукаваны ў брукаванку. І такім чынам гэты пляц перад Крыжам будзе памяцьцю ўсіх жывых. Ужо з 3-га чэрвеня можна будзе пачынаць гэтае рушэньне.

— У гэтыя дні гучыць шмат віншаваньняў Сьвятлане Алексіевіч, беларускай Нобэлеўскай ляўрэатцы. Год таму ўлады прапанавалі ёй узначаліць камісію, якая бы вызначала пераможцу абвешчанага конкурсу на памятны знак у Курапатах. Алексіевіч адмовілася, сказаўшы, што такую камісію меўся бы ўзначаліць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Ці зьмянілася ваша стаўленьне да Сьвятланы Алексіевіч за апошнія тры гады? Як вы мяркуеце, ці зьмянілася яна пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі?

— Аб так званай камісіі. Рэжым хацеў скарыстаць Алексіевіч у брыдкай справе ліквідацыі Народнага мэмарыялу Курапаты шляхам яго рэжымнай мэмарыялізацыі (у народзе такое называюць выбіваньне кліна клінам). Алексіевіч адмовілася.

Што датычыць самой Алексіевіч, то апошнім часам яе рыторыка перамянілася на ляяльную да беларусаў, нават да мовы і культуры. Мяркую, яна зразумела, што беларусы за павагу здольныя ёй шмат што дараваць, але расейская «вата» (куды яна імкнулася і якая цяпер «правіць баль»), гэтая «вата» стопча яе, не азіраючыся, і ня ўспрыме яе ніколі. Думаю, вось гэта якраз стала ёй зразумела.

— Зянон Станіслававіч, час ідзе, мяняюцца пакаленьні ў сьвеце і Беларусі, у тым ліку і ў апазыцыі, у грамадзкай супольнасьці, што засьведчыла адзначэньне 100-годзьдзя БНР у Менску. Як вы ацэньваеце тое пакаленьне, якое мае вызначаць, якой быць Беларусі ў наступныя 20-30 гадоў? Яно вырасла ў тыя часы, калі ў падручніках не пісалі пра Курапаты і БНР, але на фотаздымках са сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску сёлета бачныя пераважна твары маладых людзей. Як вы мяркуеце, хто для іх Зянон Пазьняк? Што для іх Курапаты? Які ваш погляд на гэтае пакаленьне.

На Дзень Волі ля Опэрнага тэатра былі добрыя беларусы і жывыя людзі.

— Шчыра кажучы, ацэньваю трывожна. Хоць сьвет цяпер адчынены, тым ня менш гэтыя людзі ўсё ж вырасьлі пры хамскай уладзе і антыбеларускай палітыцы, пры несвабодзе. Некаторых тое загартавала, але ў цэлым яно (гэтае пакаленьне) па-сапраўднаму ў тых умовах нацыянальна ня высьпела. Несвабода нішчыць гонар асобы, нястача прыніжае, матэрыялізм разбурае ідэалы. Станоўчае ў іх — гэта ўцяканьне ад саўка, адварот ад «рашы» і ўсьведамленьне сувэрэннасьці тэрыторыі сваёй краіны.

Што датычыць людзей, якія сабраліся ля Опэрнага тэатру, то спадзяюся, што Пазьняк для іх — асоба станоўчая, а Курапаты — у іхным сэрцы. На Дзень Волі ля Опэрнага тэатра былі добрыя беларусы і жывыя людзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG