Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк заклікае да масавай абароны Курапатаў і просіць творцаў ня ўдзельнічаць у конкурсе


Зянон Пазьняк у Курапатах. Архіўнае фота
Зянон Пазьняк у Курапатах. Архіўнае фота

Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк заклікае да масавай абароны Курапатаў і зьвяртаецца да мастакоў, архітэктараў, скульптараў ня браць удзел у абвешчаным уладамі конкурсе на мэмарыял у Курапатах.

Ганна Соўсь: Пасьля «круглага стала» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» прагучала заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Курапатах трэба ўсталяваць невялікі мэмарыял, пасьля чаго Міністэрства культуры тэрмінова абвясьціла адпаведны конкурс, які мае прайсьці шпаркімі тэмпамі. Якое вашае стаўленьне да гэтага як адкрывальніка Курапатаў?

Гэта — ня конкурс. Гэта значыць, што існуе нейкае рашэньне ў кішэні, якое захочуць уграмазьдзіць у Курапатах, каб зьнішчыць Народны мэмарыял

Зянон Пазьняк: Гэта праграмная заява рэжыму і Лукашэнкі. Гэта праграма зьнішчэньня беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэта пачалося ў сярэдзіне сакавіка, кульмінацыя была 25 сакавіка, і зараз працягваецца. У гэты ж час узьнікла пытаньне Курапатаў. Аляксандар Лукашэнка агучыў яго 24 сакавіка, і 24 сакавіка зьявіўся загад Міністэрства культуры аб правядзеньні конкурсу. Дакладней гэта ня конкурс, а прафанацыя конкурсу, таму што вызначаныя ўмовы конкурсу ня тычацца, так конкурсы не праводзяцца. Там сказана, што на конкурс выдзяляюцца тры тыдні, і чатыры дні — на падвядзеньне вынікаў. Што там за журы, ніхто ня ведае, нейкае тайнае журы. Гэта — ня конкурс. Гэта значыць, што існуе нейкае рашэньне ў кішэні, якое захочуць уграмазьдзіць у Курапатах, каб зьнішчыць Народны мэмарыял. Дзеля гэтага ўсё і задумана. Ва ўмовах конкурсу напісана проста кашчуннае паведамленьне, што ў аснове павінна быць ідэя, што Курапаты ёсьць агульнанацыянальным месцам памяці і прымірэньня.

Няма прымірэньня паміж забойцамі і ахвярамі. Тут не прымірэньне павінна быць, а кара для забойцаў

Гісторыя дае адназначны прыклад. Няма прымірэньня паміж забойцамі і ахвярамі. Тут не прымірэньне павінна быць, а кара для забойцаў — шыбеніца і Нюрнбэрг. Народны мэмарыял — гэта памяць па тых нявінна загінулых, якіх расстраляў бальшавіцкі рэжым і сталінскі НКВД. І цяпер гэтыя людзі, якія апранаюць форму НКВД на афіцыйныя парады, якія прыдумалі «лінію Сталіна», раптам гэтыя людзі захацелі залезьці ў Курапаты. І яны робяць выгляд, што няма ніякага Народнага мэмарыялу. Вядомая іхняя тактыка, і вядома, чаму патрабуецца вобраз капліцы. Я думаю, што яны хочуць туды запусьціць папоў РПЦ, бацюшак у партупеях пад сутанай... Зразумела, што гэта за арганізацыя, як выказаўся сам Лукашэнка, наша праваслаўная арганізацыя. Гэта вельмі падступная, ёрніцкая і брыдкая задума пад выглядам клопатаў... Клопатаў жа ніякіх не было. Гэтыя людзі правялі дарогу праз Курапаты, на касьцях правялі. Гэтыя людзі ўвесь час перашкаджалі, абрэзалі ахоўную 300-мэтровую зону. Яны згадзіліся на будаўніцтва «рэстарана-бардэля» «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне. Гэта было нахабнае пляваньне ў твар народнай памяці. І раптам яны абʼяўляюць, што трэба тэрмінова конкурс, што патрэбны вобраз капліцы, і мы тут зробім мэмарыял...

Соўсь: Зянон Станіслававіч, што рэальна можа зрабіць у гэтай сытуацыі грамадзкасьць?

не дапусьціць туды людзей, якія надзяваюць форму НКВД, якія ўсё там зьнішчалі

Пазьняк: У гэтай сытуацыі грамадзкасьці найперш трэба ясна разумець, што адбываецца. Таму што грамадзкасьць, ня толькі агентура, але і грамадзкасьць праводзіла ўвесь час лінію — трэба мэмарыялізаваць Курапаты, помнік там трэба... Што гэта такое? Гэта абсалютная рэжымная прапаганда. 20 гадоў ужо існуе Народны мэмарыял. Там тысячы крыжоў, там створана атмасфэра ўнікальнага народнага помніку, якіх мала ёсьць у сьвеце, па пальцах можна пералічыць, дзе такое ёсьць, у тым ліку на Беласточчыне Грабарка... Яны заўважылі, што там створаны ўнікальны нэкропаль, што гэта дзейнічае. Вырашылі гэта ўсё папсаваць, залезьці ўнутры ды яшчэ і папоў запусьціць. Людзі ў першую чаргу павінны разумець, што народны мэмарыял Курапаты існуе, што яго сварыў сам народ. Каардынавала Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя, але каб не было волі народу, каб людзі не дапамагалі, не рабілі, нічога не было бы. Гэта трэба зразумець і ахоўваць, не дапусьціць туды людзей, якія надзяваюць форму НКВД, якія ўсё там зьнішчалі. Сотні крыжоў былі зьнішчаны, але ж іх занава ўсталявалі. Яны палезуць туды і ўзьнікне неабходнасьць абароны Курапатаў. Усе на абарону Курапатаў! Народ павінен выйсьці, каб ня даць ім зьнішчаць Курапаты такім чынам.


І трэцяе. Я выкарыстаю момант, і хацеў бы зьвярнуцца да мастакоў, архітэктараў і да скульптараў — не ўдзельнічайце ў гэтай прафанацыі. Гэта — чужая ўлада, яна ня мае ніякага даверу да народу і народ не давярае гэтай уладзе, яна народ абзывае «народцам», яго бʼюць па галовах, і народ ужо не падтрымлівае гэтую ўладу. Ня ўдзельнічайце ў прафанацыі, таму што Курапаты — гэта наша сакральнае месца нацыі. Гэтым мераецца наш духоўны ўзровень.

хацеў бы зьвярнуцца да мастакоў, архітэктараў і да скульптараў — ня ўдзельнічайце ў гэтай прафанацыі

У абвешчаным конкурсе немагчыма ўдзельнічаць, бо гэта ня тыя тэрміны, ня тыя ўмовы. Але можа хто-небудзь падумае і дзеля дабра будзе ночы ня спаць і нешта зробіць. Ня майце ілюзій, панове мастакі, не займайцеся гэтым. Потым вам будзе вельмі брыдка, таму што ўсё раскрыецца неўзабаве, калі яны туды ўлезуць. Курапаты трэба абараняць. Гэта мой зварот да мастакоў і да народу.

Соўсь: Месяц таму ў выніку адчайнай акцыі моладзі ў абарону Курапатаў было спыненае будаўніцтва ля ўрочышча. У2001-2002 гадах 8 месяцаў доўжылася доўгатэрміновая акцыя абароны Курапатаў падчас пашырэньня менскай кальцавой дарогі. Ці не выключаеце вы, што можа распачацца новая доўгатэрміновая акцыя, калі ўлады штосьці пачнуць будаваць у Курапатах?

Пазьняк: Я ня толькі не выключаю, я гэта прадугледжваю. Толькі трэба, каб не некалькі маладзёнаў ды іншых людзей гэта рабілі. Тут патрэбная масавая абарона Курапатаў. Я думаю, што цяпер такая магчымасьць ёсьць. Людзі выступяць, таму што ўсё стала зразумела, кропкі расстаўленыя. Апошняе жаданьне рэжыму — плюнуць народу ў душу — ня пройдзе. Таму трэба рыхтавацца да масавай абароны Курапатаў.

Соўсь: Месяц таму падчас інтэрвію вы выказалі ідэю, што ля Курапатаў варта зрабіць нацыянальную сьцяну жалю, сьцяну памяці, сьцяну плачу. Як можна гэтую ідэю рэалізаваць цяпер? Ці яна будзе чакаць свайго часу?

Тут патрэбная масавая абарона Курапатаў

Пазьняк: Першае, што трэба патрабаваць — цалкам законна, маральна і юрыдычна — каб улада вярнула 300-мэтровую ахоўную зону вакол Курапатаў. Там незаконна пабудавалі гэты «рэстаран-бардэль». Для таго, каб яго ўзаконіць, улады абрэзалі ахоўную зону. Ахоўная зона павінна быць вернутая, павінны быць зьнесены гэты «Бульбаш-хол», а вось на тэрыторыі гэтай ахоўнай зоны можа быць сьцяна памяці. Гэтая ўлада гэтага рабіць ня будзе. Але будзе магчымасьць для мастакоў, скульптараў самастойна пачаць такую працу, як самастойна пачаўся і Народны мэмарыял. Трэба рабіць такія праекты незалежна ад улады. Яны не прападуць, гэтай уладзе ня так шмат засталося, я думаю. І калі будзе пляцоўка, тады можна будзе рабіць такія праекты і нават праводзіць грамадзкія конкурсы. Мастакі, народ павінны ісьці сваім паралельным шляхам, не залежыць ад гэтай улады.

***

Праз два месяцы споўніцца 29 гадоў, як у газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. «У 70-ых гадах, калі я ўжо ведаў пра Курапаты і калі страшная таямніца гэтага месца мучыла розум, прыгнятала душу, — тады часта думалася, што вось, настане дзень, да якога я дажыву і буду сьведкам, калі здохне Савецкі Саюз і тысячы, моц людзей прыйдзе ў Курапаты і прынясе на сваіх плячах вялікі Крыж, і паставяць яго ў Курапатах на гары ў памяць забітых», — згадваў раней Зянон Пазьняк.

За амаль 23 гады кіраваньня Аляксандар Лукашэнка ніколі не наведаў урочышча Курапаты, дзе карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 300 тысячаў бязьвінных людзей. У Беларусі не існуе афіцыйнага музэя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, у календары беларускіх афіцыйных датаў няма Дня памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Ушанаваньнем памяці ахвяраў рэпрэсій займаюцца грамадзкія актывісты, незалежныя гісторыкі, але не дзяржава. Суд над злачынствамі камунізму на дзяржаўным узроўні ў Беларусі так і не адбыўся. Пры гэтым улады робяць захады па рэабілітацыі Сталіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG